Указам Прэзідэнта машыніст Астравецкага лясгаса Павел Афонін узнагароджаны медалём “За адзнаку ў папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 18 снежня падпісаў Указ №451, згодна з якім дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі 89 чалавек, у тым ліку 12 працаўнікоў Гродзеншчыны.
Машыніст лесанарыхтоўчай тэхнікі ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Павел Вітальевіч Афонін быў адзначаны медалём “За адзнаку ў папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”.
На днях на імя Паўла Вітальевіча прыйшоў Віншавальны ліст за подпісам Міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Міхайлавіча Амельяновіча. Яго ў прысутнасці супрацоўнікаў лясгаса і лясніцтваў зачытаў дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Долгі.
“Ваш прафесіяналізм, гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў розныя складаныя моманты былі адзначаны на самым высокім ўзроўні, – гаворыцца ў лісце. – Той факт, што наша краіна ў кароткія тэрміны справілася з ліквідацыяй наступстваў надвор’я ў лясным фондзе, – вынік вашай працы і працы вашых калег… Лясная гаспадарка ганарыцца такімі работнікамі, як вы.”
Дырэктар лясгаса ўручыў машыністу віншавальны ліст і кветкі.
Нагадаем: летась на працягу некалькіх месяцаў Павел Вітальевіч быў задзейнічаны на ліквідацыі наступстваў урагану ў Смалявіцкім і Чэрвеньскім лясгасах Мінскай вобласці. На тралёвачнай машыне астравецкі машыніст нарыхтаваў 6 300 кубаметраў драўніны.
Віншуем Паўла Афоніна з заслужанай узнагародай!