Дапаможам Дзеду Марозу выканаць жаданні дзяцей з прытулку!

14:55 / 18.12.2017
Каляды і Новы год – час марыць і верыць, што нічога немагчымага ў гэтым свеце не існуе! Многія хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо напісалі Дзеду Марозу лісты, у якіх расказалі, як паводзілі сябе на працягу года і які падарунак хочуць атрымаць на свята. Успомніце сябе ў дзяцінстве: з якім нецярпеннем вы чакалі калядную ці навагоднюю ноч, каб прыйшоў Дзед Мароз… 
Дзеці з сацыяльнага прытулку ў Варнянах таксама яго чакаюць. 

На первую.jpg


Цяпер тут жыве дванаццаць дзяцей. Яны розныя па ўзросце, характары, звычках – але ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак аб’ядноўвае вера ў тое, што яны вернуцца дамоў. 
На жаль, некаторыя з выхаванцаў не першы раз трапляюць у прытулак і не першы раз тут будуць сустракаць навагоднія святы. У гэтым годзе хлопчыкі і дзяўчынкі па традыцыі напісалі лісты Дзеду Марозу – самым маленькім дапамаглі гэта зрабіць выхавацельніцы. 

…Каляды і Новы год – той час, калі павінны здзяйсняцца самыя неверагодныя мары! Асабліва дзіцячыя. Выхаванцы прытулку мараць не пра навамодныя гаджэты, а пра красоўкі, машынкі, музычныя калонкі… Давайце разам дапаможам Дзеду Марозу падарыць хлопчыкам і дзяўчынкам сапраўднае свята!

Алена (13 гадоў)

IMG_4687_Алена.jpg

Дзяўчына ў сваім лісце прызналася: яна марыць, каб не было бяздомных жывёл і каб ніхто і ніколі не выкідваў сваіх гадаванцаў на вуліцу. А яшчэ яна хоча музычную калонку і касметычны набор: туш, дэзадарант, бляск для вуснаў.

Кірыл (13 гадоў)

IMG_4671_Кирилл.jpg

«Дарагі Дзядуля Мароз! Мяне завуць Кірыл і я жыву ў Варнянах. Я вельмі стараўся быць добрым хлопчыкам ў гэтым годзе: дапамагаў маме ў агародзе і садзе; не забываў пра пажылых людзей; дапамагаў бабулі секчы дровы… У падарунак хачу атрымаць музычную калонку ў выглядзе машыны «Джып».

Максім (4 гады), Улад (3 гады), Насця (14 гадоў), Сяргей (8 гадоў)

IMG_4668_Максим Влад Настя.jpg

Усмешлівы Максім, як і яго старэйшы брат Сяргей, марыць пра машынку на пульце. Гарэза Улад хоча атрымаць цацачнага робата. У сваім лісце Насця расказала Дзеду Марозу, што на працягу года добра сябе паводзіла, дапамагала маме ў хатніх справах і папрасіла яго прынесці кофту і духі з салодкім водарам. 

Павел (9 гадоў), Маргарыта (13 гадоў), Дзіяна (17 гадоў – без фота)

IMG_4683_Павел.jpg

IMG_4685_Маргарита.jpg

Пакуль Паша і Маргарыта ходзяць у школу, Дзіяна  працуе на  мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Каб не спазняцца на работу, дзяўчыне не хапае гадзінніка, а таксама яна марыць мець касметычны набор.
Маргарыта, якая можа пахваліцца мадэльнай знешнасцю, просіць у Дзеда Мароза чаравікі 41 памеру і дэзадарант. Паўлу для поўнага шчасця не хапае музычнай калонкі ў выглядзе машынкі і красовак ці ролікаў 31 памеру.

Сяргей (4 гады), Эрыка (6 гадоў) і Макар (5 гадоў)

IMG_4657_Сяргей Эрика и Макар.jpg

Як самая дарослая, Эрыка сочыць за сваімі брацікамі і не дазваляе ім свавольнічаць, а яны, у сваю чаргу, гатовы пайсці за сястрычкай хоць на край свету.
Як і кожная дзяўчынка, Эрыка хоча прыгожа выглядаць: для гэтага ёй не хапае банцікаў і гумак для валасоў. А яшчэ дзяўчынка марыць пра лялечны дамок. Макар верыць у тое, што Дзед Мароз прынясе яму цацачны верталёт, а яго браціку Сяргею – машынку.

Калі вы хочаце прыняць удзел у акцыі «Ёлка жаданняў», то прыносьце цацкі і пасільныя для вас ахвяраванні ў раённае аддзяленне «Беларускі дзіцячы фонд», які знаходзіцца па адрасе: г. Астравец, вул. Піянерская, 7 «А», тэл. 21-2-55 (старшыня – Вольга Анатольеўна Альфер), «Белорусский союз женщин» - председатель Баницевич Наталья Викентьевна, т.75202, або ў рэдакцыю газеты «Астравецкая праўда».
Юрыдычныя асобы могуць пералічыць грашовую дапамогу на разліковы рахунак  Гродзенскага абласнога аддзялення «Беларускі дзіцячы фонд» з ліпеня 2017 г.

р/с № BY49BLBB30150500176223001001 в Дирекции ОАО «Белинвестбанк» по Гродненской области, КОД – BLBBBY2X, УНП – 500176223.



Текст:
Фото: Алена Гануліч