Было ў бацькоў пяцёра сыноў...
11:26 / 28.11.2017
Але гэта толькі здаецца, і пра гэта ведаюць толькі яны – даўно маўклівыя Настасся і Лявон, твары якіх строга глядзяць з медальёнаў на помніку, і сямейная пара, якая за паўсядзённымі клопатамі і недахопам яшчэ хаця б некалькіх гадзін у сутках, каб перарабіць усе свае справы, помніць, што тут, на могілках, іх чакаюць бацькі.
Настасся і Лявон выхавалі пяцёра дзяцей, дачакаліся ўнукаў і нават праўнукаў. Толькі вось любоў сваю раздзялілі, як сэрца загадала: жонак чацвярых сыноў яны прынялі па-бацькоўску і ўсяляк – то капейчынай, то кумпячком, то прыглядам за ўнукамі – імкнуліся ім дапамагчы. А вось Вольга, якую ўзяў у жонкі старэйшы сын, прыйшлася не даспадобы. Хоць і працавітая дзяўчына была, хоць і ў хаце заўсёды парадак і дзеці дагледжаныя – але ж ажаніўся сын не з той, якую хацелі бачыць «сваёй» яго бацькі. Было ў нялюбай нявесткі два недаравальныя грахі: іншае веравызнанне і адкрытасць думак.
Хату маладых Лявон і Настасся абміналі, на святы да сябе запрашалі рэдка, ды і то для «людскога вока», дзеці Вольгі ласкі бабулі-дзядулі не бачылі. Адпаведна паводзілі сябе і браты. Так і пражылі родзічы побач – як чужыя. А парадніліся па-сапраўднаму толькі пасля смерці старых.
Першы час дзеці Лявона і Настассі спраўна наведвалі могілкі, помнік і агароджу дыхтоўныя бацькам паставілі, даглядалі магілы. А потым усё радзей і радзей сталі прыходзіць на могілкі, і, урэшце рэшт, абмежаваліся імшой за супакой і данінай памяці на Усе Святыя. Прычын хапала: то праца, то няспраўная машына, то хвароба прыб’ецца, то ўнукаў трэба паглядзець... Часу ў іх стала так мала, што да тых, хто даў ім жыццё, дапамог стаць на ногі і падтрымліваў да апошняга свайго ўздыху, прыйсці не было калі.
Але ж, нягледзячы на «дрэнную» памяць і занятасць любых сыночкаў, магілы старых ніколі не выглядалі запушчанымі і забытымі. Казік і Вольга разам з дзецьмі і ўнукамі даглядаюць магілы, расказваюць нашчадкам пра дзядоў-прадзедаў, не абмінаючы ні аднаго месца супачыну родзічаў.
І моляцца за іх, не чакаючы чарговага свята ці гадавіны са дня смерці.
Ганна КОВАЛЬ.