Гады свайго нялёгкага жыцця ўспамінае Браніслава Валэйка з Дайлідак

09:59 / 23.11.2017
6835
Чытаць без акуляраў і пераказваць таўстушку «СБ. Беларусь сёння» і любімую «Астравецкую праўду». Хоць з вялікімі цяжкасцямі, павольна і нясмела, але ж хадзіць… У свае 89 гадоў Браніслава Казіміраўна Валэйка з Дайлідак дзякуе Богу за тое, што ўсё яшчэ пры памяці і на сваіх нагах.

– Доўгае жыццё я пражыла, – дзеліцца жанчына. – Усё, што за гэты час адбывалася, ужо і не ўспомню. Адно скажу: цяжка было…

IMG_2196.jpg

З дзяцінства

Вёска Мікшаны ў памяці Браніславы Казіміраўны застанецца не толькі месцам, дзе выраслі яе дзеці і прайшло амаль усё жыццё, – там яна нарадзілася, там з хлапчукамі і дзяўчатамі падымала пыл на вузенькай вясковай дарозе.

А вакол былі  панскія землі – урадлівыя, багатыя. Вяскоў­цам жа давалі горшыя… 
Акрамя Броні, у сям'і падрастала двое хлапчукоў – Міхал і Раман. Калі пачалася вайна, Міхала падгаварылі ісці ў польскае войс­ка. За такую недальнабачнасць яму прыйшлося заплаціць: тры гады правёў у лагерах у далёкай Калузе. Потым у Польшчу перабраўся, дзе і застаўся.  Другі ж брат, Раман, усё жыццё пражыў у родных Мікшанах.  

– Вайна была ў самым разгары, успамінае Браніслава Казіміраўна. –  Але не ў нас. Лінія фронту праходзіла далёка. Але і па нашым гасцінцы немцы праязджалі. Мы, малыя, дурныя яшчэ, хадзілі на іх гля­дзець. Цікава было, і цукеркамі яны нас частавалі – пакуль адступаць не пачалі. Тады нашы, савецкія, войскі пайшлі…
У Дзягеневе, гэта зусім блізка каля нас, цягнік браніраваны з немцамі стаяў. Там стралялі – нашы немцаў выбівалі. Дык яны ў Мікшаны панабеглі, з хат усё дабро – хоць якое яно там было! – павыносілі. Дарослыя толькі маліліся –  хоць бы хаты не спалілі! 
Толькі чатыры класы польскай школы скончыла Браніслава – але пісаць і чытаць навучылася. Школа была на месцы, у Мікшанах, толькі вучыцца не было калі – працаваць прыходзілася шмат: зямлі ў бацькоў многа было…

З юнацтва
IMG_2211.jpg

А  потым, у пачатку 1950-х, маладыя, спрытныя жаночыя рукі з распрасцёртымі абдымкамі ча­каў калгас. Аднак не пайшла Браніслава Казіміраўна працаваць «на карысць Радзімы» – уладкавалася на цагельны завод  у Астраўцы, дзе і засталася на 22 гады.
Ставіць цэглу ў печ  было справай нялёгкай, не жаночай. Але жанчына не скардзілася – трэба сям'ю карміць…
Кожную змену цаглінку да цаглінкі складвала Броня на паддоны, каб потым адправіць іх у печ. Колькі было той цэглы? Тысячы штук! 
Здаралася, і на другую змену заставалася – аб'ёмы вытвор­часці вялікія, а людзей не хапала. 

Свайму дзядзьку, які таксама працаваў на заводзе – ставіў паддоны з цэглай у печ, – жанчына часта дапамагала. Ды так спраўна гэта рабіла, што калі родзіч перайшоў на завод па вытворчасці дахоўні, заняла яго месца.

– На цагельным не магло быць лёгка, робіць выснову жанчына. – Хто хоць раз цягаў цэглу – ведае. Да таго ж горача – усю змену, як на патэльні, а летам – асабліва. 

За тысячу штук выпрацоўкі плацілі васямнаццаць капеек – за гэтыя грошы можна было купіць бохан-два хлеба. Таму цэгла, можна сказаць, гарэла ўжо ў руках Браніславы Казіміраўны… 

– У «ганаровых» я шмат гадоў хадзіла, –  усміхаецца жанчына. – І на Дошцы гонару партрэт неаднаразова вісеў. І прэміі грашовыя давалі за добрую працу. Прыемна было – маніць не буду. Але не толькі дзеля грошай я працавала – па-іншаму не ўмела. Бо бацькі так прывучылі…
 
І нават у Гродна за ўзнага­родай пасылалі. Апошнія разы я ўжо і не хацела, каб пра мяне пісалі. Дык усё роўна прыязджалі.
І толькі перад заслужаным адпачынкам, калі сілы працаваць так, як раней, не стала, пайшла «дапрацоўваць» у калгас. І там яшчэ дзевяць гадоў сеяла, жала, бульбу садзіла і капала… 

З жыцця сямейнага
IMG_2213.jpg

Муж Браніславы Казіміраўны быў родам з Літвы. Адольф Юозавіч Валэйка – ветэран вайны, чалавек з вышэйшай ваеннай адукацыяй, паранены ў Германіі – прайшоў сталінскія лагеры, быў рэабілітаваны, а потым «прызнаны»: на радзіме яму прапанавалі бясплатную кватэру і пенсію, але мужчына ўжо прыжыўся тут, на Астравеччыне, у Мікшанах, і на гістарычную радзіму не вярнуўся. 

– Ён жа ні ў чым не вінаваты, уздыхае Браніслава Казіміраўна. Такіх, як ён, шмат было – невінаватых. А іх садзілі, судзілі, высылалі – не разбіраліся. 

…Іх пазнаёміла яе сяброўка. Інтэлігентны і спакойны хлопец спадабаўся Браніславе. 
У 1966 годзе Браніслава Казіміраўна стала маці: на свет з'явілася доўгачаканае дзіцятка – сынок Алік. На жаль, парадаваў ён бацькоў зусім нядоўга: у тры месяцы захварэў на менінгіт – уратаваць не змаглі. 

– Ды і хто тады лячыў?.. – разводзіць рукамі жанчына.

Яна заўсёды верыла ў тое, што Бог мае вялікую сілу. Усё жыццё, хоць былі часы, калі рабіць гэта было складана, хадзіла ў касцёл, шчыра малілася –  і спявала на памінках за тых, хто пайшоў да Яго – у лепшы свет. Можа, таму праз два гады пасля цяжкай страты сына Бог паслаў Адольфу і Браніславе, якая толькі-толькі адзначыла 40-годззе, яшчэ адну радасць – дачушку Рэгінку. 

…Калі  дачка выйшла на работу, а ў хаце засталіся пяцігадовы Віталік і трохгадовы Алёшка, – Валэйкі пераехалі да яе ў Далідкі і сталі гадаваць унукаў. 

IMG_2214.jpg



– Для Адольфа гэта было самым вялікім шчасцем, – успамінае Браніслава Казіміраўна, і на твары яе з'яўляецца мяккая ўсмешка. Ды і я не думала, што ўнукаў дачакаюся. А  ўжо нават праўнукі ёсць. Двое…

Ужо 23 гады Браніслава Казіміраўна Валэйка жыве разам з дачкой і яе мужам. Да праўнукаў хворыя ногі яе ўжо не данясуць, а вось па хаце яна ходзіць. Як і чытае без акуляраў, а потым падрабязна пераказвае прачытанае. 

Яна  кожны дзень дзякуе за гэта Богу, якому, нягледзячы ні на што, верай і праўдай служыла ўсё жыццё…



Фота аўтара і з асабістага 
архіва гераіні.

Текст: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений