Дзень "Астравецкай праўды" ў Страчанцы

14:31 / 22.11.2017

У самы  аддаленым аграгарадку Астравеччыны – Страчанцы – прайшла сустрэча журналістаў з жыхарамі мясцовага краю.

Сустрэчы калектыву “Астравецкай праўды” са сваімі чытачамі сталі ўжо традыцыйнымі: разы два на год мы абавязкова “выходзім у людзі”, каб “зверыць гадзіннікі” з тымі, пра каго і для каго пішам, здымаем тэлеперадачы, з чыім удзелам праводзім конкурсы і чые думкі і меркаванні для нас маюць першачарговае значэнне. У маі, у дзень нараджэння раённай газеты, такая сустрэча з астраўчанамі прайшла ля будынка пошты. А на мінулым тыдні рэдакцыя завітала ў самы аддалены аграгарадок раёна – Страчанку.

IMG_2829.jpg

Адрас быў абраны невыпадкова. Будзем шчырымі: жыхары аддаленых вёсак абдзелены ў параўнанні тымі, хто жыве бліжэй да цэнтра, і “хлебам”, і відовішчамі. Да таго ж матэрыялы пра спондаўскі край, дзякуючы нашым актыўным пазаштатным аўтарам краязнаўцу Іаланце Валуевіч і фотамастаку Ганне Мілашэвіч займаюць асаблівае месца на старонках раённай газеты. Ды і ў штаце газеты ураджэнцы гэтых мясцін не пераводзяцца – і гэта ўсё людзі творчыя, таленавітыя, цікавыя. У свой час вадзіцелем у рэдакцыі працаваў душа тагачаснага калектыву Віктар Куркуль. Многія помняць цікавыя фотаздымкі і відэасюжэты Андрэя Памецькі, і асабліва – яго “смачны” праект “Кулінарныя пошукі дылетанта”. А матэрыялы Марыны Мацкевіч, “Барковай дзяўчыны” (так мясцовыя называюць хутар Барок, на якім вырасла наша журнаслітка) і зараз з’яўляюцца практычна ў кожным нумары газеты. Так што тэм для размоў журналістаў з чытачамі было дастаткова.

IMG_3050.jpg

Але размова падчас сустрэчы была не толькі забаўляльна-святочнай, але і дзелавой: гэтую інтанацыю задала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, якая прыехала ў Страчанку разам з супрацоўнікамі газеты, заснавальнікам якой з’яўляецца ў тым ліку і раённы Савет дэпутатаў. Што хвалюе вяскоўцаў з глыбінкі? Аказваецца, многае. Чаму ў сельскай гаспадарцы да гэтага часу працаваць даводзіцца без выхадных і рабочы дзень не нарміраваны? Чаму на Спондаўшчыне да гэтага часу няма нармальнага доступу ў інтэрнэт? Ці прывядуць калі-небудзь у парадак дарогу ад Вялікай Страчы да Страчанкі? Чаму сюды ніколі не прыязджае цырульнік – вясковыя жанчыны таксама ж хочуць быць прыгожымі?

IMG_3033.jpg

На некаторыя пытанні Ірына Эдуардаўна адказала адразу, іншыя узяла, як кажуць, на заметку і паабяцала разабрацца і па магчымасці вырашыць набалелыя пытанні…

А потым пытанні сабраўшымся сталі задаваць журналісты: у спецыяльнай віктарыне яны спрабавалі высветліць, наколькі добра чытачы ведаюць гісторыю і сучаснае жыццё газеты? Пытанні былі розныя: лёгкія і складаныя, сур’ёзныя і жартоўныя… У выніку больш за ўсіх “купонаў”-“АПэшак” сабрала загадчыца мясцовага Дома культуры Міраслава Ізыдораўна Якіменка – яна і атрымала ў якасці прыза фірменны кубак з лагатыпам “Астравецкай праўды”.

Але з прызамі ў той дзень вярнуліся многія ўдзельнікі сустрэчы: дзякуючы разыгранай латарэі нехта стаў уладальнікам такога ж фірменнага кубка, нехта – кніжак Таісы Сямёнавай “Давясёлкі” з аўтографам аўтара, трое шчасліўчыкаў пасадзяць у сваіх садах яблынькі, які падарыў слынны астравецкі фермер Часлаў Лабачэўскі, а Іван Субач увесь першы квартал будзе чытаць раённую газету бясплатна: ён выйграў падпіску на “Астравецкую праўду” на першы квартал.

IMG_2979.jpg

IMG_3022.jpg

Добры настрой прысутным дарылі Вікторыя Касцюк і выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама іх землякі – Міраслава Якіменка і Ганна Трубіцкая, якія з добрым нумарам “прайшліся” не толькі па сучасных газетах, але і па супрацоўніках “Астравецкай праўды”.

Словам, весела і прыемна было ўсім – і журналістам, і чытачам. А значыць, традыцыйны слоган нашай газеты – “Будзем сябраваць і надалей” – у Страчанцы і навакольных вёсках, трэба спадзявацца, будзе жыць і дзейнічаць!

IMG_3060.jpg

 


Текст: Нина Рыбик
Фото: Антон Мальшевский