36 маладых спецыялістаў прыехалі сёлета працаваць у Астравецкую бальніцу
Сярод іх 20 урачоў, 11 спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй. Амаль палова новапрыбыўшых – ураджэнцы Астравеччыны. Па традыцыі прафсаюзны камітэт бальніцы і яе адміністрацыя наладзілі сустрэчу-знаёмства з маладымі людзьмі, які пачынаюць працаваць у цэнтральнай раённай бальніцы.
Штогадовае традыцыйнае спатканне з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі на сваё першае працоўнае месца, адбылося ў Астравецкай раённай бальніцынапрыканцы мінулага тыдня. Сёлета сюды на работу прыехала 36 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, з якіх 20 – урачы розных спецыяльнасцей. Амаль палова маладых спецыялістаў – ураджэнцы Астравецкага раёна.
Па сямейнаму цёплую сустрэчу для новапрыбыўшых арганізавалі прафсаюзны камітэт сумесна з адміністрацыяй. На яе былі запрошаны і ганаровыя госці: старшыня раённага савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктар Збігневіч Свіла, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Іванавіч Бразінскі.
Галоўны ўрач Валянцін Ігнатавіч Тачоны у сваім прывітальным слове пажадаў маладым спецыялістам поспехаў на першым працоўным месцы і зазначыў, што ў цэнтральнай раённай бальніцы створаны ўсе умовы для прафесійнага росту кожнага супрацоўніка: сёлета шэсць урачоў паступілі ў клінічную ардынатуру і двое -- у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З улікам сёлетняга папаўнення колькасць дактароў на Астравеччыне упершыню склала 116 чалавек.
Мне, як старшыні прафсаюзнага камітэта, выпаў гонар уручыць прафсаюзныя білеты тром маладым спецыялістам, якія ўступілі ў прафесійны саюз работнікаў аховы здароў'я.
А затым маладыя спецыялісты адправіліся ў сваё першае падарожжа па Астравецкім раёне. У інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭСмаладыя медыкі даведаліся пра падрыхтоўку і ход будаўніцтва атамнай электрастанцыі, а непасрэдна на будоўлі стагоддзя маладыя спецыялісты змаглі пабачыць і ацаніць веліч новабудоўлі.
Заключным прыпынкам падарожжа стала наведванне жамчужыны Астравекага краю – касцёла Святой Тройцы ў Гервятах.
Хочацца спадзявацца, што пасеяныя ў гэты дзень ў душах маладых людзей зярняты дабра і прыгажосці дадуць добрыя ўсходы.
Тадэвуш Субаткевіч,
старшыня прафсаюзнага камітэта
УАЗ “Астравецкая ЦРБ “