НАВУКОВА-АСВЕТНІЦКАЯ ЭКСПЕДЫЦЫЯ “ДАРОГА ДА СВЯТЫНЯЎ” ЗАВІТАЛА Ў АСТРАВЕЦ (+видео)
Навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая на другі дзень свайго знаходжання ў дарозе завітала ў Астравец, не ўкладвалася ў вызначаны графік, затрымлівалася: трэба разумець, што ёй трэба пераадолець не адну сотню кіламетраў, а ў дарозе рознае здараецца. Але людзі, што сабраліся на пляцоўцы каля будынка лясгаса, цярпліва чакалі сустрэчы – з вядомымі пісьменнікамі і навукоўцамі, з цудам Благадатнага агню, з малітвай і жыццядайным словам.
Экспедыцыю віталі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Эдуардаўнай Тальчук.
--Астравецкі раён – гасцінны і працавіты, тут у міры і дружбе жывуць прадстаўнікі розных канфесій, -- сказала, вітаючы дэлегацыю, Ірына Эдуардаўна.
Благадатны агонь і цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону сустракала святарства раёна на чале з благачынным Астравецкага благачыння айцом Георгіем Савіцкім.
На спатканне з цудам прыйшлі выхаванцы нядзельнай школы, прахажане храма Святых апосталаў Пятра і Паўла і ўсе хрысціяне Астравеччыны, якія не пашкадавалі сіл і часу, каб дакрануцца да святыняў.
Шматлюдным хрэсным ходам удзельнікі экспедыцыі разам з вернікамі Астравеччыны прайшлі па вуліцах Астраўца. Ля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла іх віталі сваёй радаснай песняй званы. Святары адслужылі малебен у царкве – і пасля мудрай пропаведзі айца Аляксандра Пачопкі цуд Благадатнага агню, як і ў кожным храме на сваёй дарозе, размножыўся, перадаўшыся на дзясяткі, сотні свечак і лампадак – і разышоўся па дамах і душах людзей, каб па малітве іх прынесці мір, спакой, згоду, збавенне аб хваробы – тое простае шчасце людское, аб якім марыць кожны.
А тым часам у кінаканцэртнай зале “Астравец” асветніцкае слова неслі людзям вядомы вучоны-археолаг, які ў свой час знайшоў “беларускую Атлантыду” – старажытны горад Бярэсце, які зараз з’яўляецца ўнікальным археалагічным помнікам, навуковец Алесь Лапата-Загорскі, маладая скрыпачка і спявачка Юлія Лебедзенка, якая пакарыла сваім талентам залу.
…Астраўцу пашанцавала: напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку, святкаванне якога сёлета адбудзецца ў Полацку, наш горад на некалькі гадзін таксама стаў міні-сталіцай гэтага свята дзякуючы таму, што навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” не абмінула яго на сваім шляху – і шчодра падзялілася цудамі Благадатнага агню і асветніцкага слова.