Дарагія нашы старыя..

09:02 / 31.08.2017
3690

shutterstock_337267658.jpg

Каму стажу не хапае?

Бабулі Марысі 87 гадоў. Усё, што магла, яна ўжо зрабіла: пяцёра дзяцей вырасціла, на ногі паставіла. Унукаў дапамагла падгадаваць, праўнукаў дачакалася. Усё жыццё на ферме працавала, нават пасля выхаду на пенсію – старалася лішнюю капейку зарабіць ды дзецям дапамагчы, якія то кватэры будавалі, то машыны куплялі, то дзяцей вучылі… Працоўны стаж у яе – 50 гадоў!
Ды і цяпер ёй без справы не сядзіцца: кожную вясну, хоць дзеці і сварацца, садзіць немалы агарод – і ўсё лета корпаецца ў ім.
– А як жа жыць без работы? –  не можа зразумець бабуля.
А вось нявестка яе цудоўна разумее, як гэта соладка: спаць да паўдня, днямі з суседкамі на лавачцы аднавяскоўцам костачкі перамываць, вечары на канапе перад тэлевізарам з булкамі ды чаем праводзіць… Прафесія ў яе знатная – хатняя гаспадыня! 
Ды вось бяда: грошай за гэтую работу не плацяць, і ў працоўны стаж яна не ідзе. Марыся, пакуль жывая, сынаву сям’ю, якой цяжка жыць на адну зарплату, падтрымлівае: кожны месяц палову пенсіі ім аддае. А што далей бу­дзе, як яе не стане? За сваё жыццё нявестка стажу не зарабіла – а пенсійны ўзрост і да яе пастукаўся. Ціхенька так, сціпла – на мінімальную сацыяльную пенсію толькі і напрацавала гультаяватая нявестка. Галосіць цяпер на ўсю вёску, дзяржаву, урад кляне, на чым свет стаіць – бо як жа ёй, беднай, жыць за такія грошы?
Бабуля спачувае: і сапраўды – як жа яны жыць будуць, калі Марысі не стане, а з ёй – і бабулінай пенсіі? А свякроўка ж не вечная…
– Каб жа мяне ўзялі куды на работу, – марыць яна ўслых. – Ну хоць бы на тую ж ферму. Ці прыбіральшчыцай. Я б справілася! Працавала б – а на яе (нявестку, значыць!) пісала – вось і зарабіла б ёй той стаж…
І не хочаш, ды ўспомніш старую ці то прыказку, ці то жарт: і што гэта за бацькі, што дзяцей да пенсіі не пракормяць?



Грошы –наперад!

У сацыяльную службу тэлефануе дзядок. Начальніка яе добра ведае – яшчэ з той пары калі той малым па вясковай вуліцы без штаноў гойсаў, таму звяртаецца «без цырыманіялаў».
– Слухай, Віктар, а ці праўду бабы кажуць, што, калі памрэш, дзяржава грошы плоціць?
– Так, дзядзька Язэп, сапраўды: дзяржава выплачвае дапамогу на пахаванне.
– Дык каму ж тыя грошы аддадуць, калі я памру?
– Ну як каму? Вашым родным, блізкім – тым, хто возьме на сябе клопаты па пахаванні.
– А вось каб мне самому як-небудзь тыя грошы атрымаць? Слухай, Віцька, ці дапаможаш?
Віктар Паўлавіч ажно су­меў­ся:
– Як гэта?
– Ну як-як? Зараней. Ат­рымаў бы тую дапамогу, помнік заказаў, труну купіў – яны ж есці не просяць, хай сабе стаяць на гарышчы. Ці мала што дзеці мне потым купяць – мо паквапяцца, зэканоміць на бацьку захочуць… А не – дык хоць добра пагуляў бы! – не ўтрымаўся, прагаварыўся пра сапраўдную прычыну сваёй нецярплівасці ахвочы да чаркі Язэп. – А потым ужо і паміраць можна! Нашто мне тыя грошы, калі памру? А пахаваюць жа ўсё роўна, не пакінуць ляжаць мёртвым… 
Эх, няправільны гэта закон, каб грошы на пахаванне пасля смерці аддавалі, – робіць выснову Язэп. – Зараней трэба выплачваць! Ты там падкажы, каму трэба, каб памянялі гэты закон. Толькі паспяшайся, пакуль я не памёр.


Хата – як турма...

Дзеду Аляксею без малога 90 гадоў. Пасля таго, як жонка памерла, жыве з дачкой у гарадской кватэры. Ды якое там – з дачкой, калі яна з ранку да вечара на рабоце, а то яшчэ і вечары прыхоплівае, і выхадныя. Ні пагаварыць з ёю, ні пасварыцца…
Нарэшце дачка пайшла ў адпачынак. Ды ўсё роўна кожны дзень на працу бяжыць – як не на цэлы дзень, дык на паўдня – абавязкова.
– І чаго ты на тую работу ляціш, калі ты ў водпуску? – не можа зразумець бацька. – Адпачні, дома пасядзі…
Дачка толькі плячыма паціс­кае: ну як растлумачыць старому чалавеку, што яе работу ніхто не зробіць…
– Што, сумна дома? – робіць свае высновы дзед Аляксей.
І дадае глыбакадумна – сваё, старэчае, выпакутаванае:
– Так, хата – гэта турма… Толькі што без кратаў і без аховы..


Ніна ПАЛЕСКАЯ.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений