Как отмечают Пасху на Островетчине

00:00 / 16.04.2017

Сёлета каталіцкі і праваслаўны Вялікадні адзначаюцца ў адзін дзень. З асаблівай радасцю – зрэшты, як і заўсёды, калі так адбываецца – успрынялі гэтую вестку ў так званых змешаных сем’ях, дзе пад адным дахам жывуць прадстаўнікі розных канфесій.

 Да дзвюх такіх сямей мы напрасіліся ў госці напярэдадні свята, каб даведацца, як мужу і жонцы ўдаецца на працягу многіх гадоў сумеснага жыцця захоўваць мір і згоду, выхоўваць добрымі людзьмі дзяцей, гадаваць унукаў – і не здраджваць пры гэтым веры, у якой яны  былі ахрышчаны.

 51.jpg

Стратонік Іванавіч Лях, праваслаўны, і яго жонка Сабіна Іосіфаўна, каталічка – сямейны стаж  51 год.

– Якія сямейныя, рэлігійныя традыцыі былі ў вашых сем’ях?

Стратонік Іванавіч:

– Родам я з Дзятлаўскага раёна. Сям’я ў нас была праваслаўная і моцна веруючая. Адна цётка, татава сястра, нават была замужам за ваенным святаром, капеланам.

 Памятаю, як мяне, малога, тата браў з сабой у царкву – тое адчуванне святочнага, незвычайнага назаўсёды захавалася ў памяці. Мне і зараз вельмі падабаюцца праваслаўныя богаслужэнні – прыгожыя, урачыстыя. Толькі што цягнуцца яны надта доўга – выстаяць немаладому чалавеку цяжка…

Сабіна Іосіфаўна:

– У Гродзенскім раёне, дзе прайшло маё дзяцінства, каталіцкія традыцыі былі вельмі моцныя. Уся наша сям’я хадзіла ў касцёл у Гожу, і нават у савецкія часы ганенняў на рэлігію ў нас усё было не так строга…

– Як ўспрынялі вашы родныя вестку аб жаніцьбе з “інаверцам”?

Сабіна Іосіфаўна:

– Вы не паверыце: мы пажаніліся праз два тыдні знаёмства! Так што родных проста паставілі перад фактам. Але бацькі былі не супраць – яны ж мне шчасця жадалі…

Стратонік Іванавіч:

– Мы з Сабінай спачатку распісаліся, а ўжо потым я прывёз яе дахаты. Бацькі зрабілі вяселле – радня ў нас вялікая. Ні ў каго не ўзнікла пытанняў, што нявеста “не той веры”. Мой бацька – мудры быў чалавек! – заўсёды казаў: “Галоўнае, сын, каб табе было добра. Гэтым прынцыпам і я кіраваўся, калі мае дзеці стваралі свае сем’і. Ніколі нікому не перашкаджаў, не забараняў – іх жыццё, і няхай самі вырашаюць, з кім яго пражыць.

Мы ж усе разумеем, што Бог – адзін. А ўсе гэтыя царкоўныя традыцыі – праваслаўныя, каталіцкія – пайшлі ад людзей. Я заўсёды лічыў, што рэлігія – гэта культура народа, і змагацца з ёй, забараняць – толькі шкодзіць. Хоць быў і камсамольцам, і камуністам, працаваў на кіруючых пасадах, але ніколі не ваяваў з веруючымі, не ўчыняў ганенняў. Ды і мой тагачасны прымусовы атэізм – а як жа інакш члену партыі?! – быў хутчэй “для галачкі”, ад чужога вока…

– Дзе браць шлюб, у якім храме хрысціць дзяцей, якія святы адзначаць – ці здараліся ў вашай сям’і спрэчкі з гэтай нагоды?

Стратонік Іванавіч:

– Ніколі. Мы ўвогуле жыццё пражылі ў ладзе і згодзе.

Дзяцей хрысцілі, як атрымлівалася. У тыя гады рабіць гэта ў адкрытую нельга было: вельмі проста можна было работу страціць. Сашу, царства яму нябеснае, і Наташу хрысцілі ў касцёле ў Друскеніках (і) ????. Мы тады яшчэ жылі каля Гродна, дык у сваіх касцёлах пашпарты патрабавалі, а там, на Літве, без гэтага пахрысцілі. Хрысцілі дзяцей употайкі і ў той час, калі я быў недзе ў ад’ездзе, каб у выпадку чаго можна было сказаць: дык я ўвогуле нічога не ведаю!

А малодшы, Юра, нарадзіўся, калі мы ўжо пераехалі на Дзятлаўшчыну – там уся мая праваслаўная радня, і сына хрысцілі ў праваслаўі: прыехаў з Навагрудка бацюшка і дома ўпотайкі ахрысціў дзіця.

Сабіна Іосіфаўна:

– А шлюб мы ўзялі толькі летась: дзеці настаялі. І ксёндз на мяне ўвесь час сварыўся, казаў, што да споведзі не прыме. Ну вось і рашыліся на схіле гадоў.

Вянчаліся ў царкве: усё ж жонка за мужам павінна ісці.

Стратонік Іванавіч:

– Увогуле нашы продкі былі мудрымі людзьмі. У нас на Дзятлаўшчыне была традыцыя: калі, скажам, праваслаўны браў у жонкі каталічку, то яна павінна прыняць яго веру, калі ж ён ішоў да яе ў прымы – то ён пераходзіў на веру жончынай радні. І наадварот. І ніякіх спрэчак!

Сабіна Іосіфаўна:

– А святы мы ўсе адзначаем – і каталіцкія, і праваслаўныя. Як маладзейшыя ды дужэйшыя былі, то ўвогуле дом заўсёды быў поўны: дзеці, унукі, сваякі. У Іванавіча радня вялікая, і з усімі я ладзіла – і з братамі яго, і з братовымі, і з пляменнікамі. Са свякроўкай жылі пятнаццаць гадоў – і ніколі не сварыліся.

– Як вы лічыце, ці магчыма аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай канфесій? І як вы адносіцеся да гэтай магчымасці?

Стратонік Іванавіч:

– Канешне, для людзей гэта было б добра! Але хто ж дасць…

Асабліва гэта важна для жыхароў такога шматнацыянальнага раёна, як наш.

Я думаю, што прыйдзе час – і гэтае аб’яднанне абавязкова адбудзецца. Але не хутка. Не так гэта проста…

– Што б вы параілі маладым сем’ям, дзе муж і жонка хрышчаныя ў рознай веры – але хочуць пражыць разам, як і вы, доўгае і шчаслівае жыццё?

Сабіна Іосіфаўна:

– Любіць і шанаваць адзін аднаго, саступаць. Няважна, дзе вянчацца, хрысціць дзяцей – у царкве ці касцёле, якія святы адзначаць – каталіцкія, праваслаўныя ці тыя і другія. Галоўнае – жыць у ладзе і згодзе, без сварак і звадак.

Стратонік Іванавіч:

– А маладыя, мне здаецца, пра гэта мала думаюць. Пакуль здаровы, поўны сіл ды грошы ёсць, то чым больш святаў – тым лепш.

37.jpg

Віктар Мечыслававіч Ігнатовіч, католік, і яго жонка, Марыя Нікадзімаўна, праваслаўная – сямейны стаж 39 гадоў.

– Якія сямейныя, рэлігійныя традыцыі былі ў вашых сем’ях?

Віктар Мечыслававіч:

– Мама мая была вельмі набожная, захоўвала ўсе правілы і традыцыі. І нас, дзяцей, старалася так выхоўваць. Але ж вы памятаеце, які тады быў час? Скажу па праўдзе: у маладосці я не вельмі гарнуўся да касцёла. Памятаю, угаворыць мама схадзіць у Вербную нядзелю вярбу асвяціць, дык я галінку ў рукаў схаваю, каб ніхто не бачыў, а ў касцёле ўжо дастану…

Аднойчы па тэлевізары паказвалі касцёльнае богаслужэнне на Вялікдзень у розных краінах, і мама мне кажа: “Вось паглядзі – і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Амерыцы кіраўнікі дзяржаў, прэзідэнты ў гэты дзень у храме. Няўжо ты разумнейшы за іх, што ў касцёл не ходзіш?” Я задумаўся – і з таго часу стаў наведваць касцёл.

Марыя Нікадзімаўна:

– Я вырасла ў Мастоўскім раёне і ў дзяцінстве нават уяўлення не мела, што існуе нейкая іншая вера, акрамя праваслаўнай.

Калі былі малыя, мама часта брала нас у царкву. А калі ўжо ў школу пайшлі, у піянеры нас прынялі, то гэта было забаронена. А хацелася! Асабліва на вялікія святы, на Вялікдзень. Збяромся з сяброўкамі – і цішком, крадком прабіраемся ў царкву, каб настаўнікі не ўбачылі… бо ў некаторых, хто пападаўся, назаўтра на лінейцы прылюдна піянерскія гальштукі здымалі…

Калі прыехала працаваць у Астравец – як зараз помню: 2 красавіка 1974 года, – то вельмі здзівілася, што так шмат людзей і моладзі тут адкрыта ідуць у касцёл –тады якраз была Вербная нядзеля.

– Як успрынялі вашы родныя вестку аб жаніцьбе з “інаверцам”?

Марыя Нікадзімаўна:

– Мае былі не супраць.

А свякроў, можа, і хацела, каб сын узяў дзяўчыну сваёй веры – якой маці гэтага не хочацца? Але ў яе хапіла мудрасці не перашкаджаць. Адзінае, аб чым увесь час прасіла – гэта ўзяць шлюб.

– Дзе браць шлюб, у якім храме хрысціць дзяцей, якія святы адзначаць – ці здараліся ў вашай сям’і спрэчкі з гэтай нагоды?

Марыя Нікадзімаўна:

– Свякроўка моцна перажывала, што мы жывём не ў шлюбе, не па закону. І я, бачачы яе стан, прапанавала: пагаварыце з ксяндзом, калі ён нас прыме – я не супраць. І неяк вечарком – мы тады жылі ў інтэрнаце на Камсамольскай – перайшлі дарогу, зайшлі ў касцёл – а адтуль вярнуліся ўжо законнымі не толькі перад людзьмі, але і перад Богам мужам і жонкай…

Я, вядома ж, нешта падвучыла, каб ведаць, як на пытанні адказваць, – дарэчы, і зараз “Ойча наш” гавару на абедзвюх мовах, часам нават блытаю словы.

Віктар Мечыслававіч:

– Мама мяне потым доўга ўшчувала: маўляў, Марыйка праваслаўная – а на пытанні ксяндза адказвала лепш чым ты, католік.

Марыя Нікадзімаўна:

– Дзяцей мы чакалі доўга. Калі нарадзілася Оля, а затым і Андрэй, у Астраўцы ўжо была царква – але хрысцілі іх у касцёле ў Шумску.

Віктар Мечыслававіч:

– Калі нарадзіўся Андрэй, мы якраз прымалі дом варнянскага ксяндза Здзіслава Пікулы. Я і расказваю яму, што жонка ў мяне праваслаўная, дачку пахрысцілі ў касцёле, а зараз вось сын нарадзіўся. А ён кажа: “А што тут думаць? Бог жа ў нас адзін. Дачку хрысцілі ў касцёле, а сына пахрысціце ў царкве – хай жонцы прыемна будзе”. Але Марыя не пагадзілася, вырашыла: хай ужо дзеці ў адной веры будуць хрышчаныя.

Марыя Нікадзімаўна:

– А святы мы адзначаем усе – і каталіцкія, і праваслаўныя. І вярбу свяцілі ў касцёле і ў царкве, і яйкі будзем асвячаць гэтак жа – два кошыкі збіраць. І калі ходзяць святары па калядзе, таксама прымаем і бацюшку, і ксяндза.

Праўда, зараз Віктар усё часцей загаворвае аб тым, каб і мне перайсці ў каталіцкую веру. На службу едзем разам: ён – у касцёл, я – у царкву. А потым ён праз гадзіну-паўтары ўжо вызваліцца і чакае мяне яшчэ гадзіны дзве ці нават больш. Але я адказваю: не перайшла тады, у маладосці, як шлюб бралі, – то і зараз не буду.

Пакуль у нас царквы не было, я час ад часу хадзіла ў касцёл. А калі з’явіўся праваслаўны святар – ну як жа, гэта ж свая вера! На рабоце ў мяне была, можна сказаць, старэйшая сяброўка, Яўгенія Цімафееўна Кішкель – таксама праваслаўная, яна мяне многаму вучыла, падказвала – мы разам хадзілі ў царкву.  Ды і мама разам з намі – як жа я яе пакіну, яе веры здраджу?

– Як вы лічыце, ці магчыма аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай канфесій? І як вы адносіцеся да гэтай магчымасці?

Віктар Мечыслававіч і Марыя Нікадзімаўна, у адзін голас:

– Канешне, гэта можна было б  толькі вітаць! Мы абедзвюма рукамі “за”. Вось глядзіце, як у гэтым годзе цудоўна: адно вялікае агульнае свята! Толькі не ад нас гэта залежыць. Не мы раз’ядноўвалі – не нам і аб’ядноўваць…

– Што б вы параілі маладым сем’ям, дзе муж і жонка хрышчаныя ў рознай веры – але хочуць пражыць разам, як і вы, доўгае і шчаслівае жыццё?

Віктар Мечыслававіч:

– У сям’і, як у той песні: “В нашей жизни всякой бывает: налетает с тучами гроза. Туча уплывает, ветер утихает и опять синеют небеса”.

Марыя Нікадзімаўна:

– Каб не было спрэчак, жонка павінна ісці за мужам!

Ну, калі мужу ўсё роўна, то можа быць і інакш. Напрыклад, у нас зяць праваслаўны, але не вельмі веруючы, таму і шлюб яны бралі ў касцёле, і дзяцей там жа хрысцілі…

Спрэчкі і ў нас здараліся – але толькі не на святы і не з-за веры. Гэта – святое.
Текст: Главный администратор