Гордость Островецкого района:

11:26 / 04.04.2017
1933

jankovich.jpgУ дзяцінстве аператар машыннага даення МТФ “Малюта” КСУП “Гервяты” Алена Зянонаўна Янковіч, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, марыла стаць настаўніцай: дапамагаць учарашнім дашкалятам старанна выводзіць літары ў сшытках, ператвараць склады ў словы, а лічбы – у прыклады. Але з гадамі прафесія настаўніка страціла сваё прыцягненне – а ў жыццё гараджанкі, жыхаркі Вільнюса, унёс карэктывы лёс: беклапотнае жыццё ў літоўскай сталіцы жанчына без роздумаў змяніла на беларускую глыбінку – вёску Кірэлі Астравецкага раёна.

Хоць з таго далёкага лёсавызначальнага дня прайшло больш за дваццаць гадоў, Алена Зянонаўна ніводнага разу не пашкадавала, што пераехала на Астравеччыну.

– Штогод я прыязджала да бабулі ў Швяйляны на летнія канікулы. З дзяцінства мяне вабілі сваёй прыгажосцю вясковыя прасторы, адрозныя ад гарадскога тлуму пах сырадою і скошанай травы, –  успамінае сваё дзяцінства Алена Зянонаўна. – Бабуля дазваляла бегаць басанож – чаго ў горадзе нельга было рабіць. З сябрамі мы да змяркання прападалі на вуліцы, хадзілі купацца, будавалі шалашы.

Лета на вёсцы для гарадской дзяўчынкі хутка прамінала – і надыходзіла пара вучыцца.

– Пасля заканчэння школы я паступіла ў тэхнікум лёгкай прамысловасці. Аднак па-ранейшаму кожнае лета едзіла да бабулі. У Швяйлянах і пазнаёмілася з будучым мужам. Чым ён мне глянуўся? – перапытвае жанчына. – Нават, не ведаю, што адказаць. (Усміхаецца). Гэта ў Валодзі трэба пытацца, чаму абраў менавіта мяне.

Жаданне Уладзіміра як мага хутчэй скласці перад Богам абяцанні вернасці, любові і ўзаемнасці з Аленай цалкам апраўдана. Яна, хоць і гарадская, але працавала не горш за вясковых дзяўчат: дапамагала бабулі палоць агарод, даглядаць жывёлу – і ўсё ў яе выходзіла хутка і ладна.

Бацькі – варта сказаць, што Алена была адзіным дзіцем у сям’і, – адразу прынялі рашэнне дачкі выйсці замуж, і благаславілі маладых на шлюб.

– Мне было васямнаццаць гадоў, калі выходзіла замуж. Здавался б, ні розуму, ні жыццёвага вопыту – дзіця дзіцём – але сэрца маё не памылілася.  (Усміхаецца).

Пасля замужжа Алена ўладкавалася ў мясцовы калгас. Гатавала абеды аратым і камбайнерам, сачыла за збожжам на складах... А пасля жанчыне прапанавалі стаць аператарам машыннага даення на МТФ “Малюта”.

– Спачатку было складана, – успамінае Алена Зянонаўна. – Шмат чаго не атрымлівалася. Часта плакала, нават хацела кінуць работу на ферме... Але, дзякуючы дапамозе іншых даярак, пакрысе і я налаўчылася. А зараз і не ўяўляю жыцця без сваіх рагуль. Часта думаю, дзе б я яшчэ магла працаваць?

Аператары машыннага даення на фермах, у адрозненні ад даярак, якія працуюць на малочна-таварных комплексах, акрамя непасрэднага абавязку – дойкі – маюць шмат іншых.

Даяркі прыходзяць на ферму каля 7 гадзін раніцы. Спачатку раздаюць каровам канцэнтраты, пасля ўручную прамываюць і апрацоўваць кожнае вымя і прыступаюць да дойкі. Пасля яе рагуль чакае прагулка, а іх гаспадыні “пераключаюцца” на цялят.

Вечарам ранішні графік даяркі паўтараецца.

– У кастрычніку споўніцца 13 гадоў, як я працую даяркай на малочна-таварнай ферме “Малюта”, – расказвае Алена Зянонаўна. – Магчыма, не паверыце, але мне мая работа падабаецца. Каровы – вельмі чулыя жывёлы, і надоі залежаць не толькі ад кармоў і своечасовага подсцілу, але і ад догляду за імі. Добрае слоўца прамовіш – і кароўка аддзячыць табе малаком... Жывёла ласку любіць.

Дома клапатлівую даярку чакае не менш працы: пакарміць свіней і курэй, прыгатаваць абед-вячэру, апалоць агарод... І з усім гэтым жанчына спраўляецца на выдатна.

– Пра што мару? – перапытвае мяне Алена Зянонаўна, і задумваецца. – Маё жыццё добра склалася. Галоўнае – сына ажаніць, на бучую нявестку не магу нарадавацца. А там, як Бог дасць, і ўнукамі з мужам  будзем  цешыцца...

Калі выпадаюць выхадныя паміж працоўнымі днямі, Алена Зянонаўна едзе ў Вільнюс наведаць бацькоў. Вялікія дыхтоўныя гмахі, распродажы, зніжкі буйных гіпермаркетаў не ў стане пераадолець любові былой гараджанкі да астравецкіх ніў, паху сырадою і буйства красак ля простага вясковага дома ў Кірэлях.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений