Спортивные баталии прошли в Рытани

11:44 / 27.02.2017
Чым заняцца ў нядзелю, калі асаблівага выбару ў культурнай праграме няма? Можна, канешне, праляжаць цэлы дзень на канапе, паглядзець тэлевізар, “завіснуць” у віртуальным “павуцінні”. А можна правесці час цікава, весела і карысна – так, як правялі яго ў мінулую нядзелю ў аграгарадку Рытань. У гэты дзень тут прайшло штогадовае зімовае свята, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны.

Традыцыя праводзіць цікавую спартыўна-забаўляльную праграму напярэдадні свята сапраўдных мужчын узнікла даўно. Нават яе завадатар, натхняльнік – арганізатар і загадчык Рытанскага аддзела культуры і вольнага часу Аляксандр Мечыслававіч Юргелянец не памятае дакладна калі, але адзначыў, што гэта традыцыя існуе ўвесь час. Добрую ідэю падтрымліваюць мясцовыя сельсавет, саўгас, Астравецкі фізкультурна-спартыўны клуб і аддзел адукацыі спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.

спорт 1Сёлета на спартыўна-забаўляльнае свята сабралася больш за 70 удзельнікаў – гэта акрамя балельшчыкаў.

А паглядзець было на што! Дзе яшчэ, як не на спаборніцтве, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны, можна прадэманстраваць сапраўдную мужчынскую моц і вытрымку.

Спаборніцтвы праходзілі адначасова і гледачы, паназіраўшы за настольным тэнісам ці гульнёй у шашкі, пераключаліся на гіравы спорт ці дартс.

спорт 2Адным з самых працяглых сталі  дуэлі на ракетках: удзельнікаў было шмат, а партыі атрымаліся ўпартымі і цікавымі. У выніку лепшым у спаборніцтве стаў Станіслаў Тумкевіч, другое месца заняў Алег Пляўга, трэцяе – Генадзь Аўсюкевіч.

Сур’ёзныя баталіі разгарнуліся і на зялёным полі більярднага стала: шары то доўга не хацелі трапляць у лункі, то, наадварот, паслухмяна скараліся пад ударамі кія. Першае месца ў гэтым відзе спорту заняў Дзяніс Масойць, другое – Дзмітрый Сымановіч, на трэцім – Дзмітрый Вайцюль.

спорт 3Цікавымі і відовішчнымі сталі спаборніцтвы па падцягванню на перакладзіне і жым трэнажора. Літаральна адну-дзве хвіліны працягвалася ўмоўная дуэль спартыўнага прыстасавання і чалавека – але колькі эмоцый можна ўбачыць за гэты час на твары ўдзельніка: рашучасць, напружанне, сумненне, спадзяванне… У выніку першае месца ў падцягванні заняў Валерый Кас’яненка, на другім – Аляксандр Мажута, на трэцім – Максім Казлоўскі.

У жыме трэнажора пераможцам стаў Аляксандр Лабачэўскі, другое месца заняў Аляксей Паўлючук, трэцяе – Віталь Камянецкі.

спорт 4Трапнасць, моц рук і шанцаванне спрабавалі ўдзельнікі ў дартсе. Найбольшую колькасць ачкоў набраў Кірыл Казлоў, на другім месцы – Максім Казлоўскі, трэцяе заняў Станіслаў Тумкевіч.

Адным успомніць былыя вайсковыя будні, другім – заняткі па ваеннай падрыхтоўцы запрашала спаборніцтва па разборцы-зборцы аўтамата Калашнікава. Заставалася толькі здзіўляцца, назіраючы з якой хуткасцю грозная зброя ў руках спрытных умельцаў “распадаецца” на часткі, а затым зноў становіцца адным цэлым. Лепш за астатніх з гэтым заданнем справіўся Аляксандр Лабачэўскі, крыху адстаў ад яго Вячаслаў Зінковіч, трэцяе месца заняў Максім Казлоўскі.

спорт 5Тым часам, гарэзліва пабліскваючы круглымі бакамі, чакала сваіх сапернікаў 24-кілаграмовая гіра. Пазмагацца з ёй вырашылі пяць удзельнікаў. Налепшы вынік прадэманстраваў Віталь Камянецкі, другое месца заняў Аляксандр Шэшко, на трэцім – Валерый Кас’яненка.

Аднак не толькі сілавымі спаборніцтвамі было насычана спартыўнае свята. Знайшлося тут месца і для інтэлектуальных гульняў: “шах” і “мат” старанна прадумвалі аматары шахмат, а побач за сталамі прабіваліся “ў дамкі” майстры гульні ў шашкі. У выніку пераможцам сярод шахматыстаў стаў Карэн Гукасаў, на другім – яго брат Рубэн Гукасаў, на трэцім – Часлаў Селікоўскі.

Дарэчы, бронзавы прызёр па шахматах заняў першае места ў шашках. Другое месца ў Яўгена Наневіча, трэцяе – у Віктара Яхімовіча.

А ў спартыўнай зале школы кіпелі жарсці на стрытболе. У выніку перамогу святкавалі ігракі каманды пагранічнай заставы “Кямелішкі”. Другое месца занялі ўдзельнікі РУП “Саўгас “Падольскі”, трэцяе – пагранічнікі з заставы “Астравецкая”.

спорт 6І ўсё ж, напэўна, самым непрадказальным, арыгінальным і неспадзяваным аказалася спаборніцтва па рыбнай лоўлі. Можна натрэніравацца ў тэнісе ці стрытболе, падкачаць мышцы на перакладзіне ці падымаючы гіру. Але як прымусіць рыбу клюнуць менавіта на тваю нажыву і трапіць на кручок – застаецца загадкай. У Рытані такім любімчыкам фартуры стаў Віктар Вайцюль. Другім быў Віталь Трыбоцкі, трэцім – Аляксандр Юргелянец.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі. А яшчэ адным  прыемным падарункам стаў цікавы святочны канцэрт.

Марына МАЦКЕВІЧ.

ostrov-red.matskevich@tut.by
Текст: