В Островецкой детской школе искусств прошёл районный этап региональной музыкальной теоретической олимпиады

13:00 / 21.03.2014
Для выкладчыкаў і вучняў Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў і яе філіялаў “вясенняя сяўба” зараз у самым разгары: яны паспяваюць праводзіць заняткі, рэпеціраваць і прымаць удзел у шматлікіх конкурсах, аглядах і фестывалях.

Зусім нядаўна на базе Астравецкай ДШМ прайшоў раённы этап рэгіянальнай музычнай тэарэтычнай алімпіяды імя Канстанціна Горскага.
Варта адзначыць, што заданні гэтага выпрабавання былі не з лёгкіх. На працягу чатырох гадзін дзеці (ахвочых паспрабаваць свае сілы ў музычнай алімпіядзе было не так і шмат) адказвалі на тэставыя пытанні па сальфеджыо і па музычнай літаратуры.
Пасля юных “алімпіёнікаў” чакала віктарына. Як прызнаецца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце І.Э. Валэйка, гэты этап стаў самым складаным для вучняў. Праслухаўшы невялікі фрагмент мелодыі, дзеці павінны былі назваць твор і яго аўтара.
З музычным дыктантам некаторым канкурсантам ўдалося справіцца дастаткова хутка: не паспелі скончыцца апошнія акорды, як на паперы пачалі з’яўляцца патрэбныя ноты.
Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі педагогі школы мастацтваў, вызначыла трох пераможцаў раённага этапу рэгіянальнай музычнай тэарэтычнай алімпіяды. Сярод іх аказаліся Яна Шаблаўскайце (Гервяцкі філіял), Ілона Букель (Варнянскі філіял), Дзіяна Цэйка (Астравецкая ДШМ).
Напрыканцы сакавіка юных музычных “алімпіёнікаў” чакае заключны этап алімпіяды ў Лідзе. Пажадаем ім удачы!


------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.