На территории Островецкого района проводится комплекс профилактических мероприятий "Пристегнись!"

08:00 / 12.02.2014
За акном аўтамабіля хутка і весела праносяцца пейзажы. Дарога, здаецца, міралюбівай стужкай падымаецца то ўверх, то ўніз, час ад часу пятляе ўлева ці ўправа. Раўнамерны гук матора і паслухмяны руль у руках. І раптам… Габарытныя агні нахабнага ліхача, экстраная сітуацыя, педаль тормаза да ўпора – і рэзкі занос амаль у кювет. Ад штуршка, здаецца, вылецеў бы праз шкло, але нешта трымае… Рамень бяспекі… А калі б не ён…

Адным з элементаў пасіўнай бяспекі, які дазваляе значна панізіць узровень дарожна-транспартнага траўматызму, з’яўляецца выкарыстанне прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіляў рамянёў бяспекі, у тым ліку і пасажырамі, якія знаходзяцца на задніх сядзеннях транспарту. Аднак на практыцы толькі каля 60 працэнтаў вадзіцеляў і пасажыраў свядома прышпільваюцца. Ужо з пачатку года супрацоўнікі ДАІ за парушэнне правіл карыстання рамнямі бяспекі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 118 вадзіцеляў і пасажыраў.
Падлічана, што прымяненне рамянёў бяспекі дапамагае пазбегнуць сумных вынікаў у 75 выпадках са 100, а пры перакульванні – у 91.
Пункт 9.5 Правіл дарожнага руху абавязвае чалавека за рулём “быць прышпіленым і не перавозіць пасажыраў з не прышпіленымі рамянямі бяспекі…” За гэтае парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджвання ці штрафу да 130 тысяч рублёў.
А пункт 23.2 ПДР нагадвае, што і пасажыр павінен “быць прышпіленым, у тым ліку і на заднім сядзенні, пры яздзе ў механічным транспартным сродку, абсталяваным рамнямі бяспекі...” За парушэнне гэтага патрабавання прадугледжана адміністрацыйнай адказнасць у выглядзе папярэджвання ці штрафу ад 130 да 390 тысяч рублёў і ад 390 да 650 тысяч рублёў – калі пасажыр нецвярозы.


У сувязі з гэтым з 10 па 17 лютага на тэрыторыі Астравецкага раёна праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў “Прышпіліся!” Спадзяёмся, што яны дапамогуць не дапусціць гібель людзей на дарозе і прымусяць грамадзян задумацца.


З пачатку года ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана 25 дарожна-транспартных здарэнняў (за аналагічны перыяд мінулага года – 32), у якіх 8 чалавек загінулі і 25 атрымалі раненні. Па-ранейшаму высокім застаецца ўзровень аварыйнасці па віне вадзіцеляў.
У 2014 годзе імі здзейснена 6 сутыкненняў і адно перакульванне. Пры гэтым 4 чалавекі загінулі і 9 атрымалі раненні.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.