Жыццё без тытуню

15:49 / 31.05.2011

На тэрыторыі Астравецкага раёна з 10 па 30 мая 2011 года праводзілася рэспубліканская акцыя “Беларусь супраць тытуню” пад дэвізам “Жыць без тытуню”.


Прычына курэння – гэта нікацінавая залежнасць. Нікацін мае расслабляючы і заспакаяльны эфект, стварае пачуццё лёгкай эйфарыі. Калі чалавек пачынае курыць, у яго арганізме перастае выпрацоўвацца натуральны нікацін, і таму ўзнікае неабходнасць атрымліваць яго звонку. Курэнне – гэта тое ж самае, што і наркаманія, толькі з-за шырокай распаўсюджанасці яно ўспрымаецца, як нармальная з’ява. Нягледзячы на шкоду цыгарэт, сёння курыць палова дарослага насельніцтва нашай планеты.
Тытунёвы дым уяўляе сабой канцэнтраваны аэразоль: сумесь газаў і цвёрдых часцінак. У яго склад уваходзяць больш за 4000 розных хімічных рэчываў, у тым ліку 60 канцэрагенаў. Газавая фаза ўключае ў сябе ўгарны газ, цыяністы вадарод, аміяк, фармальдэгід, дымецілнітразамін і многае іншае. Цвёрдая – нікацін, смалу, бензапірэн.
Нягледзячы на тое, што людзі кураць у асноўным дзеля ўздзеяння нікаціну, найбольшую шкоду здароўю чалавека наносіць не нікацін, а смала. Трапляючы ў лёгкія чалавека, смала асядае на сценках дыхальных шляхоў, у тым ліку на лёгачных мяшочках – альвеолах. Яна перашкаджае працэсу дыхання і натуральнага ачышчэння лёгкіх. У той жа час смала з’яўляецца канцэрагенам – а значыць, садзейнічае развіццю рака. Яна можа выклікаць захворванні лёгкіх і зніжаць імунітэт чалавека.
Курэнне наносіць шкоду ўсяму арганізму чалавека: і дыхальнай, і сардэчна-сасудзістай сістэме; павышаецца ўспрымальнасць да прастудных захворванняў, алергіі і астмы; узнікае рызыка развіцця рака лёгкіх. Падчас курэння рэзка ўзрастае ціск, звужаюцца перыферычныя сасуды. Да негатыўных вынікаў курэння можна аднесці жоўтыя зубы, непрыемны пах з роту, ад валасоў, непрыемны смак у роце раніцай.
Да таго ж курыльшчык падвяргае небяспецы не толькі ўласнае здароўе, але і здароўе людзей, якія яго акружаюць. Пасіўнае курэнне – удыханне паветра, забруджанага тытунёвым дымам – вельмі шкоднае. Пасіўны курыльшчык удыхае тыя ж рэчывы, што і актыўны. Да таго ж фільтр цыгарэты затрымлівае частку смалы і нітразамінаў, а ў бакавым патоку іх утрымліваецца больш, чым трапляе ў арганізм курыльшчыка.
Найбольш шкодна пасіўнае курэнне для астматыкаў, бо тытунёвы дым раздражняе дыхальныя шляхі і можа выклікаць прыступы ўдушша. Акрамя таго, у некаторых людзей можа ўзнікнуць алергія на цыгарэтны дым.
У многіх краінах курэнне ў грамадскіх месцах забаронена законам. У лістападзе 2004 года Бутан стаў першай краінай, у якой забаранілі продаж тытуню і тытунёвых вырабаў, а ўвоз тытунёвых вырабаў для асабістых патрэб абкладаецца 100-працэнтнай пошлінай. Брытанскія парламентарыі ў лютым 2006 года прагаласавалі за поўную забарону курэння ў пабах і клубах. Аналагічнае рашэнне аб забароне курэння ў грамадскіх месцах было прынята раней у Ірландыі. Практычна на ўсіх еўрапейскіх авіялініях курэнне забаронена на працягу ўсяго палёту. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала 31 мая Міжнародным днём адмовы ад курэння.
Каб пазбегнуць шкоднага ўздзеяння цыгарэт, неабходна пазбавіцца ад гэтай звычкі, калі вы актыўны курыльшчык. Калі ж вы пакутуеце ад таго, што кураць іншыя, неабходна адмежаваць сябе ад кантакту з дымам: знаходзіцца далей ад чалавека, які курыць, часцей праветрываць закуранае памяшканне.


Г. ПАШУК, галоўны ўрач ДУ “Астравецкі райЦГЭ”.