Раённы этап рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” прайшоў у Астраўцы
Таленавітых дзяцей з сельскіх і гарадскіх школ сабраў агляд-конкурс «Прывітанне, свет!», пераможцы якога прадстаўлялі наш раён на аднайменным занальным этапе рэспубліканскага конкурсу ў Ашмянах.
Гэта быў фестываль творчасці, дзе адчувалася не спаборніцтва, а еднасць, лёгкасць, узаемападтрымка – на некалькі гадзін актавая зала гімназіі №1 пераўтварылася ў пляцоўку парада юных зорачак. Яны дэманстравалі сваю творчасць у песнях, танцах, дэфіле, акцёрскім майстэрстве, мастацкім слове, арыгінальным жанры і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Вакал быў прадстаўлены дванаццаццю нумарамі на рускай, беларускай і нават англійскай мовах.
Юныя спевакі не толькі дэманстравалі свае прыродныя дадзеныя, але і дапоўнілі іх касцюмам, прычоскай, макіяжам, жэстамі і мімікай, рэквізітам, ствараючы суцэльны вобраз. Некаторыя выходзілі на сцэну з групай падтрымкі, камусьці, здавалася, і аднаму месца на подыуме было мала.
Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Ангеліна Доўкша з Астравецкага ЦТДіМ і Валерыя Шлыковіч з Гудагайскай СШ.
Дыпломы ІІ ступені атрымалі Аляксандра Шаламіцкая з Мальскага НПК, Ганна Казлоўская і Анастасія Вясько з СШ №1, Яна Алёкса і Дар’я Мілько з Гудагайскай СШ.
Дыпломы ІІІ ступені ў Кацярыны Грымбоўскай з Мальскага НПК, Вікторыі Іванцэвіч і Веранікі Масевіч з Кямелішкаўскага НПК.
На Ашмяншчыне наш раён прадстаўлялі Ангеліна Доўкша, Валерыя Шлыковіч і Яна Алёкса.
Харэаграфія сабрала на сцэне сем творчых калектываў – і гэта было проста ах!
Разнастайнасць жанраў – ад народных да спартыўных танцаў, і нават тэатралізаванае шоу – уражвала. Не пакінулі нікога раўнадушнымі да дробязяў прадуманыя касцюмы і вобразы асобных удзельнікаў – было адчуванне, што перад намі выступаюць сапраўдныя артысты. За шыкоўныя выступленні дзяцей вялікі дзякуй іх педагогам.
Лепшымі прызнаны ансамбль «Астравок» гімназіі №1, калектывы «Задорынкі», «Нон-стоп» і «Эўрыка» Астравецкага ЦТДіМ – яны прадстаўлялі Астравеччыну на занальным этапе конкурсу.
На другім месцы «Іскрынкі» з Варонскага НПК і «Вяснушкі» з Кямелішкаўскага НПК.
Трэцяе месца ў танцавальнага калектыву «На грані» Спондаўскага НПК.
Арыгінальны жанр«адолеў» толькі адзін удзельнік – гімназіст Ілля Шыгера.
І каб вы толькі бачылі, якім прафесійным было выступленне гэтага хлопца! Перад тым як пачаць свой нумар з картачнымі фокусамі, Ілля зрабіў рэмарку, што ён не чараўнік і не ілюзіяніст, проста ёсць рэчы, якія на першы погляд не паддаюцца логіцы, – і прадэманстраваў цудоўнае валоданне сакрэтамі картачнага мага, адмысловую спрытнасць рук і трапны гумар.
Зал па-шчыраму зайздросціў членам журы – менавіта над гэтымі людзьмі праводзіў эксперыменты юны ілюзіяніст.
Вядома, Ілля Шыгера быў абраны да ўдзелу ў наступным этапе конкурсу «Прывітанне, свет!»
Дэкаратыўна-прыкладныя вырабы, прадстаўленыя да ўдзелу ў раённым этапе агляду-конкурсу, дэманстраваліся на выставе ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Дарэчы, выставу ў Гродзенскім палацы творчасці дзяцей і моладзі ўпрыгожаць саломапляценне Аліны Рогач і Аліны Казлоўскай, роспіс па шкле Паліны Андралойць і Юліі Субач, мастацкі тэкстыль Паліны Вянгроўскай, Алесі Паршутовіч і Антаніны Алёксы з Астравецкага ЦТДіМ, выцінанкі Бажэны Ромаш і Анжалікі Мілаш з Альхоўскай СШ, малюнкі Дзяніса Юцкевіча, які прадстаўляў Астравецкі ЦТДіМ і Гудагайскую СШ, а таксама ткацтва Вікторыі Шылько з Падольскага НПК.
Работа Ромаш Бажэны, Мілаш Анжалікі,«З любоўю да роднага краю»
Работа Дзяніса Юцкевіча
Мастацтва слова аб’яднала ў сваёй намінацыі сем чытальнікаў, на жаль, у жанры канферанс не заявіўся ніхто.
Дарэчы сказаць, што гэта быў, напэўна, самы складаны конкурс. У адрозненне ад іншых сольных удзельнікаў, якім, напрыклад, дазвалялася выкарыстоўваць бэк-вакал, падтанцоўку, працаваць з памагатымі, тут адзінай «падтрымкай» юных чытальнікаў мог быць толькі рэквізіт.
Да слёз пранікнёна, прапусціўшы праз сябе кожнае слова, яскрава ўвасобілі ў рэчаіснасць сваіх літаратурных герояў Назар Ярмак і Паліна Ярмак з Міхалішкаўскай СШ і Ангеліна Івашкевіч са Спондаўскага НПК. Гэтыя школьнікі прызнаны лепшымі дэкламатарамі і прадстаўлялі наш раён на занальным туры.
Другое месца – у Паліны Чымбар з Міхалішкаўскай СШ, а трэцяе падзялілі Дар’я Рабкоўская з Варонскага НПК, Эдзіта Ярмак з Альхоўскай СШ і Артур Дзенюш з Кямелішкаўскага НПК.
Тэатр модытаксама, як і арыгінальны жанр, быў прадстаўлены толькі адным нумарам, праўда, удзельнікаў у ім было больш.
На сцэну адна за адной выйшла сямёра дзяўчат у кветкавых уборах. Гэта быў гімназічны тэатр моды «Шык», які ў танцы дэманстраваў адмыслова аздобленыя сукенкі і аксесуары да іх, а сцэнічны вобраз кожнай «кветачкі» трапна дапаўнялі прычоскі і макіяж.
Адточанасць рухаў юных мадэляў, іх упэўненасць, уменне трымацца на сцэне і цікавыя аўтарскія мадэлі – такі нумар не мог не прайсці на занальны адбор.
Удзельнікі занальнага этапу агляду-конкурсу «Прывітанне, свет!» вызначаны, іх выступленні ўжо прагледзела абласное журы – будзем спадзявацца, што на паўфінал астраўчане трапяць, і чакаць туды запрашэння.