Золотой возраст пенсионеров Островетчины

14:36 / 10.04.2017

На кожным пасяджэнні клуба “Актыўнае даўгалецце”  да імправізаванага круглага стала  прыстаўляюцца крэслы для новых сяброў. Клуб набывае ўсё большую вядомасць і папулярнасць сярод людзей шаноўнага ўзросту. Паслухаўшы расповеды заўсёднікаў пра цікавыя святы, сустрэчы, вечарыны, многія жадаюць далучыцца. Калі ласка!
pensiya2.jpg

СПАЧАТКУ БЫЎ ПРАЕКТ…
Не навіна і не сакрэт, што, выйшаўшы на  заслужаны адпачынак, людзі нярэдка  выпадаюць з актыўнага грамадскага жыцця, самаізалююцца, замыкаюцца ў коле асабістых клопатаў і праблем. Што, вядома, зусім не на карысць ні здароўю, ні душэўнаму і псіхалагічнаму стану. Медыкі і вучоныя блізкіх накірункаў дзейнасці заняліся пошукам рашэння гэтай праблемы. У прыватнасці, Швейцарскі Чырвоны Крыж, вядомы сваімі місіянерскімі праектамі,  некалькі гадоў таму прапанаваў рэалізаваць  сярод  жыхароў Беларусі старэйшага ўзросту праект “Не дай сабе спыніцца”. Мэта яго – аб’яднаць  пенсіянераў для самарэалізацыі, мабілізаваць на актыўнае і карыснае  правядзенне вольнага часу, узаемадапамогу ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Так, пры раённай бібліятэцы была створана ініцыятыўная група, якая і стала потым “касцяком” клуба “Актыўнае даўгалецце”. Ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў яе ўвайшла кіраўнік раённай структуры Вольга Іосіфаўна Руднік, ад бібліятэкі – Вольга Пятроўна Пінчук, на той час намеснік дырэктара. Адразу вызначыўся лідар і ў ветэранаў – Данута Францаўна Чарнушэвіч. 

pensiya4.jpg
Паціху клуб  стаў набываць папулярнасць, склад удзельнікаў – папаўняцца, добрыя справы – множыцца. Завязаліся знаёмствы з падобнымі аб’яднаннямі ў вобласці і рэспубліцы. Астраўчан запрашалі ў госці  ветэраны гарадскога  пасёлка Сапоцкін Гродзенскага раёна, з аб’яднання “Залясяначка” са Смаргоншчыны. Было нямала цікавых паездак: у Гродна, Полацк, па Астравеччыне. Наведалі мемарыял загінуўшых  у бітвах Першай сусветнай вайны,  сядзібу выдатнага кампазітара  М.-К. Агінскага ў Залессі, бібліятэку-музей у Бабраўніках, прыродны заказнік “Градаўшчызна”, лесагадавальнік і паляўнічую гаспадарку  Астравецкага лясгаса.
               ФЕСТЫВАЛІ, ВЫСТАВЫ, МАЙСТАР-КЛАСЫ…
  Шмат часу прайшло, а фестываль творчасці ветэранаў ўспамінаюць і дагэтуль. Пайменна – таленавітых майстроў, музыкаў, спевакоў, чыя творчасць уразіла, выклікала гонар і захапленне і спарадзіла мары пра новыя сустрэчы. Напэўна, найбольш іх чакае бяззменны лідар клуба Данута Францаўна Чарнушэвіч – час працы загадчыцай раённага  аддзела культуры яна адкрыла  для землякоў нямала розных талентаў і дапамагла ім праявіцца. Але ёсць яшчэ і тыя, хто пакуль не адважыўся ўголас заявіць аб сабе… Клуб дае ім такую магчымасць. Так, у чытальнай зале раённай бібліятэкі  адбылася выстава вышытых стужкамі  карцін Ірыны Баляславаўны Шляхтун. Яны – увасабленне хараства і выдатнага мастацкага густу ў выбары вобразаў, спалучэнні колераў і мастацкага выканання. Калі ўзоры вышыванак можна  адшукаць у “сусветным павуцінні”, то майстэрства бярэцца толькі з “першых рук”. Таму Ірыну Баляславаўну папрасілі даць майстар-клас і яна не адмовіла. 

pensiya3.jpg
Яшчэ адна вядомая ў горадзе і раёне майстрыха – Людміла Андрэеўна Пратаковіч ўдала спалучыла вышыўку  стужкамі  з жывапісам. Яе творы доўгі час захаплялі наведвальнікаў бібліятэкі, а яшчэ раней выстаўляліся  на гарадскіх святах.
Святлана Іванаўна Мешкіс вышывае з маладосці. Перавагу аддае ўлюбёнаму “крыжыку”. Яе чароўная іголка стварыла вялікае мноства карцін і ўзораў. Многія разышліся на падарункі родным, сябрам і знаёмым, самыя любімыя ўпрыгожваюць  кватэру. З часам  Святлана Іванаўна стала аддаваць перавагу вышыванню абразоў – на выставах мастацкай творчасці ветэранаў  менавіта яны  станавіліся цэнтрам увагі.
З таленавітымі рознажанравымі творамі Ніны Іосіфаўны Мілаш – яна  працуе  з саломкай і лазой, паперай і палатном, засушанымі і жывымі кветкамі – сябры ветэранскага клуба  пазнаёміліся на пасяджэннях.
І ўвогуле, ніводная сустрэча ў чытальнай зале бібліятэкі не праходзіць без творчай ноткі – спеваў, чытання  вершаў любімых паэтаў…
СВЯТЫ, БЕНЕФІСЫ…
Святаў у календары дастаткова, толькі паспявай адзначаць. І спраўляць іх хочацца не традыцыйна, а  па-асабліваму. Таму ў нас у клубе былі навагоднія рэтра-ёлкі з самаробнымі цацкамі і ўпрыгажэннямі са старых куфэркаў, Калядныя пасядзелкі з успамінам старадаўніх традыцый, рэцэптаў страў,  выставы даўнейшых святочных паштовак…
А калі пастарацца, ды самім нешта гэткае прыдумаць? Свята кветак, да прыкладу, з наведваннем падвор’яў кветкаводаў.
Першы візіт быў да Капіталіны Цімафееўны Пятроўскай.
Канец лета – пачатак восені – пара ўраджайная, кожная хата ў жніўні-верасні багата. У гаспадынь на градах агурочкі-памідорчыкі саспелі, кабачкі ды гарбузы тоўстыя бакі на сонейку грэюць. Вось вам і свята вясёлай сямейкі гарбузовых – з адмысловымі прысмакамі на стале, забаўкамі з гародніны ды новамоднымі карвінг-упрыгажэннямі. Не засталіся без  увагі бульба з капустай… А колькі варэнняў перакаштавалі, колькі травяной гарбаты выпілі! Травамі з уласных запасаў шчодра дзеляцца  Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская і Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч.
Самымі запамінальнымі  імпрэзамі становяцца бенефісы юбіляраў. Зрабіць іх незвычайнымі стараюцца  супрацоўнікі бібліятэкі: рыхтуюць відэапрэзентацыі, запрашаюць на ўрачыстасць родных і сяброў, прадстаўляюць свет захапленняў юбіляра. Дагэтуль многія ўспамінаюць 80-гадовы юбілей Любові Аляксееўны Падалянчык – былой загадчыцы дзіцячага садка. Павітаць яе цёплымі словамі, парадаваць падарункамі прыйшлі былыя калегі. Госці былі ў вялікім захапленні ад вязаных шэдэўраў юбіляркі – сурвэтак, абрусаў, касынак.
 А для  Наталлі Пятроўны Зубенка ў гонар такога ж пачэснага юбілею арганізатары прапанавалі віктарыну паводле вехаў яе жыцця. Заахвочвальныя прызы для ўдзельнікаў віктарыны падрыхтавала сама юбілярка – гэта былі арыгінальныя самаробныя сувеніры.
   …І ЎНІВЕРСІТЭТ ЗДАРОЎЯ
Ідэю  запрашаць на пасяджэнні клуба ўрачоў  раённай бальніцы мы сустрэлі  на “ўра”. Яе падтрымаў і канкрэтызаваў загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч. Першыя заняткі прысвяцілі фізічнай культуры. Урач лячэбнай фізкультуры Жанна Адамаўна Волк-Леановіч вывела нас у гарадскі сквер  на  скандынаўскую хадзьбу. Спадабалася! Потым многіх сяброў клуба можна было бачыць у лесапарку – яны бадзёра крочылі з адмысловымі палкамі. 

pensiya1.jpg
Удзельнікі клуба акрэслілі кола тэм і пытанняў, на якія хацелі б атрымаць адказы, а Тадэвуш Зыгмундавіч запрашаў кампетэнтных гасцей. З ветэранамі сустракаліся неўролаг Людміла Рыгораўна Шлыковіч, псіхіятр Юлія Славаміраўна Карагода,  кардыёлаг Сяргей Станіслававіч Івашка, эндакрынолаг Алена Канстанцінаўна  Сянюць, хірург-траўматолаг Сяргей Сяргеевіч Вырвіч. Гаварылі аб тым, “што баліць”: як  умацаваць імунітэт, правільна харчавацца, засцерагацца ад траўм, менш нервавацца… На занятках раздаваліся адпаведныя тэме памяткі, буклеты, рэцэпты травяных збораў.
Заняткі ва “Універсітэце здароўя” працягваюцца.
Дзверы клуба “Актыўнае даўгалецце” адчынены для ўсіх.  Заходзьце, шаноўныя!


Таіса Сямёнава

Текст: Главный администратор