Изменяется график выхода «Островецкой правды»

12:00 / 05.03.2019

Ёсць на свеце рэчы, якія здаюцца пастаяннымі і нязменнымі, як узыход сонца, надыход вясны, пачатак новага навучальнага года 1 верасня… І – як з’яўленне ў паштовай скрынцы “Астравецкай праўды” кожную сераду і суботу…

3.jpg

Але здараецца, што і спрадвечнае мяняецца – і вясна прыходзіць не тады, калі яе чакаюць, а пачатак новага навучальнага года пераносіцца на дзень ці два…

Вось і ў нас надарылася прычына, па якой змяняецца графік выхаду “Астравецкай праўды”. І не толькі, калі вы не атрымаеце газету ў сераду – затое ў чацвер яна прыйдзе каляровая, прыгожая, тоўстая – у газет, у адрозненне ад жанчын, паўната не бывае залішняй. Гэтыя змены – планавыя, перадсвяточныя, звязаныя з надыходзячымі доўгімі выхаднымі, калі будуць адпачываць і пошта, і друкарня: там жа таксама жанчыны працуюць.

Але звярніце ўвагу: на наступным тыдні і надалей вы, шаноўныя чытачы, будзеце атрымліваць “Астравецкую праўду” не ў сераду і ў суботу, як прывыклі за многія гады, а ў аўторак і ў пятніцу.

Гэта – не прыхамаць рэдакцыі, а ўмова Гродзенскай друкарні, дзе выходзіць у свет наша газета: не спраўляюцца паліграфісты ў адзін дзень надрукаваць усе газеты вобласці, якія выходзяць у сераду, а з-за аўралу, які там здараецца практычна кожны тыдзень, вялікая верагоднасць збояў, якія ўжо здараліся ў тым ліку і з нашай газетай.

Змяненне графіку выхаду газеты, вядома, пацягне за сабой змены ў рабоце журналістаў, нашых аўтараў і рэкламадаўцаў: аб’явы, паведамленні і іншыя публікацыі якія трэба надрукаваць тэрмінова, трэба падаць у рэдакцыю не пазней пятніцы – калі вы хочаце, каб яны выйшлі ў нумары за аўторак, і не пазней серады, калі трэба, каб іх убачылі іх на старонках пятнічнага выпуску.

4.jpg

А для чытачоў, я спадзяюся, калі што і зменіцца, то толькі да лепшага: пачытаць астравецкую “таўстушку” ў адносна свабодны вечар пятніцы яшчэ лепш, чым у звычайна загадзя спланаваную суботу… Ну а аўторак ці серада – розніца, мне здаецца, не прынцыповая.

Так што выпісвайце “Астравецкую праўду” – зараз якраз ідзе падпісная кампанія на перыядычныя выданні на другі квартал – і будзем сябраваць і надалей! Да сустрэчы – ў аўторак і пятніцу!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Светлана Фёдорова