Калонка галоўнага рэдактара. Быць першым – ці шчаслівым?

07:05 / 31.10.2018
4444
Неяк незаў­важна ацэначныя прыярытэты змяніліся. Калі ў 90-ыя «балем правілі» сіла і грошы, хлопчыкі марылі стаць «новымі рускімі» ў малінавых пінжаках, а галоўным пытаннем было «Калі ты такі разумны, то дзе твае грошы?», то цяпер ужо не грошы самі па сабе з’яўляюцца для многіх сэнсам жыцця, а – паспяховасць. Ты павінен быць першым, лепшым, лідарам, пераможцам – гэтая навязлівая ідэя запаланяе сабой школы і садкі, офісы і сем’і. Школы лідарства, курсы асабовага росту з’яўляюцца там і тут, як грыбы пасля дажджу – і карыстаюцца шалёнай папулярнасцю. А іх стваральнікі і трэнеры, нядрэнна зарабляючы на жаданні некаторых – кажуць, што ўсіх, але я ў гэта не веру – быць супер-героем хоць у чым-небудзь, на ўласным прыкладзе дэманструюць, што гэта – працуе! 
550.jpg
…Я ведаю адну жанчыну, якая за нейкае дзесяцігоддзе зрабіла кар’еру ад настаўніцы невялікай сельскай школкі да трэнера асабовага росту ў адным з буйных маскоўскіх банкаў – і вучыла ўсіх, у тым ліку і на прыкладзе свайго жыцця, як трэба рухацца на лесвіцы поспеху. Яна заўсёды ставіла перад сабой высокія, з пункту гледжання калег і суседзяў – недасягальныя мэты – і, да здзіўлення, дабівалася іх. А потым з’яўляліся іншыя мэты –  і чарговы шлях, новыя памочнікі і паплечнікі. Праўда, на гэтым шляху да паспяховасці яна страціла сям’ю, якая здавалася мне самай прыгожай, любячай і гарманічнай з усіх, якія я ведала. Прычына простая: дзеці выраслі і сталі жыць сваім жыццём, а муж не паспяваў за жонкай і яе ідэямі. Ну што ж, яго праблемы: застаўся за бортам сямейнага карабля. Зараз, наколькі я ведаю, на гэтым караблі – новы капітан (ці хутчэй – памочнік, бо капітанам заўсёды была мая знаёмая), і плавае ён недзе паміж Ціхім і Атлантычным акіянамі…

4435.jpg

Калі верыць яе постам у Фейсбуку, мая знаёмая – шчаслівая. Ці шчаслівыя людзі, што былі побач з ёй у той час, калі яна імкнулася да чарговай вышыні, і ўсяляк дапамагалі ёй у гэтым руху, а пасля заставаліся забытымі і пакінутымі – і гэта тычыцца не толькі былога  мужа! – да чарговага моманту, калі ў няўрымслівай шукальніцы прыгод зноў не ўзнікала патрэба ў іх бескарыслівай дапамозе – пытанне, як кажуць, рытарычнае. Зрэшты, гэта ўжо асабісты выбар кожнага: каму і як дапамагаць, з кім быць шчаслівым…

Прызнаюся: на першым часе, калі заходнія ўрокі лідарства толькі прыходзілі да нас з-за прыадчыненай «жалезнай заслоны», я горача вітала іх: гэтая кропка гледжання на свет і на сябе ў свеце  так дапамагалі змагацца з нашай славянскай, хрысціянскай усеагульнай закамплексаванасцю. Генетычная памяць продкаў вучыла нас «не высоўвацца», падставіць правую шчаку, калі ўдараць па левай, не хваліць сябе, пакуль людзі не пахваляць, а сціпласць лічылася ці не самай станоўчай рысай характару. Думаю, ніхто не здольны падлічыць, колькі геніяльных вынаходніцтваў, твораў, адкрыццяў мы страцілі з-за празмернай сціпласці іх аўтараў, з-за таго, што не знайшлося нікога, хто б узяў за руку і вывеў на святло, а сам ён саромеўся. А колькі лёсаў загублена з-за нашай адвечнай пакорлівасці!

 Але зараз, калі чую гэтыя бясконцыя «Ты павінен быць лепшым!», «Ты – першы», Ты – самы-самы!», мяне гэта, мякка кажучы, насцярожвае – нават цяжка сфармуляваць дакладна, чым. 

Мо тым, што людзі, найчасцей – не­сфар­міраваныя яшчэ дзеці і моладзь, якіх пераконваюць, што яны – першыя і лепшыя, такімі на самой справе не з’яўляюцца, а завышаная самаацэнка, мне даецца, не менш небяспечная, чым заніжаная. 

430.jpg

Ці тым, што не ўсе могуць і павінны быць першымі – і не толькі таму, што першых месцаў на ўсіх проста не хопіць, а і таму, што некаторым па прыродзе сваёй, па менталітэту, па асабістых якасцях ну проста нельга быць першым – для іх жа карысці. А тым больш – для карысці тых, хто побач з імі…

А яшчэ таму, што, навучаючы, як стаць першым і лепшым, у гэтых самых школах чамусьці вельмі мала гавораць – ці зусім  нічога! – пра тых, хто ідзе з табой побач па дарозе да сонму чэмпіёнаў. Такое ўражанне, што ў гэтага натоўпу няма твараў, характараў, лёсаў, што яго прызначэнне – быць той «шэрай масай», якую «лепшы» абгоніць, пераможа, адолее, над якой узвысіцца. І няважна, якой цаной: пераможцаў жа, як вядома, не судзяць! І нават калі ў тым натоўпе, які стаў пастаментам для твайго п’едэсталу, быў нехта больш варты перамогі – гэта яго праблемы: хай працуе над сабой, вучыцца быць лідарам!

im-8-lifehack.jpg

А галоўнае, што мяне палохае: нікога чамусьці не цікавіць галоўнае пытанне: для чаго гэтая гонка за паспяховасцю? Навошта быць першым, лепшым, пераможцам? Што гэта дасць – эфемерную славу, пачуццё гонару, нагоду пахваліцца, грошы, якіх усё роўна на нешта не хопіць? Ці шчасце, да якога ўсе імкнуцца? 

Ну, калі сапраўды для некага гэта – шчасце, нават на нейкі час – то, магчыма, яно таго і варта. Але ж не для ўсіх, каго піхаюць ці заахвочваюць удзельнічаць у бясконцым марафоне паспяховасці, быць яго пераможцам азначае быць шчаслівым. Часам удзел у гэтай, як высвятляецца пазней, бессэнсоўнай гонцы, адбірае столькі часу, сіл, здароўя ці нават блізкіх, якія не могуць ці не хочуць ісці з табой у адным тэмпе, што на фінішы, нават калі ты першы, міжволі прыходзіць думка: ці вартая перамога гэтых страт? Але вярнуцца на старт і адмовіцца ад удзелу ў спаборніцтвах ужо немагчыма…

…Некалі ў адным класе з маёй дачкой вучылася дзяўчынка – ну вельмі разумная: ужо ў другім класе яна чытала Ільфа і Пятрова і іншую сур’ёзную літаратуру. Потым іх сям’я выехала з горада, і сустрэліся былыя аднакласнікі ўжо ў старэйшых класах. Сталі расказваць, хто ў якой алімпіядзе перамог, хто ў якіх спаборніцтвах лепшы – і між іншым пацікавіліся, а што ж Света – з яе інтэлектуальным патэнцыялам і стараннасцю, напэўна, як мінімум пераможца рэ­с­публіканскіх алімпіяд? «Не, – сціпла, амаль вінавата ўсміхнулася дзяўчынка. – Мне гэта нецікава…» Яе не зразумелі, а яшчэ менш – калі дзяўчына, закончыўшы школу, падала дакументы не ў прэстыжны універсітэт, а ў… школу рэгентаў семінарыі. Многія палічылі гэта вар’яцтвам! Ну як можна?!

Святлана ўсё ж закончыла універсітэт – педагагічны, завочна. Выйшла замуж з простага хлопца і нарадзіла траіх дзетак. Мы часам бачымся і гутарым з ёй у адной з сацыяльных сетак. Яна ніколі не пазіруе ў дарагіх уборах, на прэстыжных курортах, у шыкоўных рэстаранах – заўсёды ў хустачцы, з дзеткамі, са сціплай усмешкай. Але вочы яе свецяцца такім непадробным шчасцем!

Дык, можа, у школах асабовага посту варта вучыць людзей быць не першымі, а шчаслівымі?.. 

4.jpg

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений