Кипела работа на кирпичном заводе в деревне Петрашишки

15:00 / 10.12.2015
1
VLUU L110, M110  / Samsung L110, M110“О, цагельня ў Пятрашышках! Гэта наша маладосць, нашы мары, нашы надзеі… Было цяжка, часам – пякельна цяжка! Але ці ж нам, выхаваным з малых гадоў у цвёрдай упэўненасці , што праца і толькі праца – галоўны рухавік жыцця; нам, каму, ледзь толькі мы навучыліся хадзіць, бацькі знаходзілі работу па нашай сіле – да прыкладу, калі ішло жніво, да маленькіх ножак прывязвалі раменьчыкамі дошчачкі, каб не пакалолі аржыскам далікатныя ножкі і адпраўлялі ў поле збіраць за жнеямі ў кошычкі каласкі, бо ніводнае зярнятка не павінна было прапасці, – хіба нам было баяцца пякельнай спякоты ў апаляльнай печы, тачак з цяжкай глінай?! Нас, маладых, нічога не палохала, нам усё было па плячы! Было весела, было цікава… Дружна працавалі, дружна адзначалі святы, танцавалі да ўпаду, кахалі, знаходзілі свой лёс, жаніліся. Цагельня – гэта цэлая эпоха ў жыцці нашай моладзі 50-70 гадоў!”– прыкладна з такім настроем успаміналі сваю працу ў цагельні тыя, да каго я звярталася.

Напачатку 20-га стагоддзя на тэрыторыі сельскай мясцовасці ў Беларусі былі распаўсюджаны дробныя перапрацоўчыя прадпрыемствы. У нашым рэгіёне таксама існавалі прадпрыемствы, у якіх мела патрэбу мясцовае насельніцтва і якія маглі працаваць на мясцовай сыравіне – вапняркі, цагельні, смалярні, воўнаперапрацоўчыя, мукамольныя, скураныя прадпрыемствы.
Найбольш папулярнай і запатрабаванай была вытворчасць цэглы. Самай вядомай была цагельня пана Сволькена ў Шайкунах. У іх быў свой таварны знак: на кожнай цагліне літары ES – Эдвард Сволькен. Цэгла мела светлы колер і была вельмі трывалай. Ад удару яна вылучала меладычны звон. І сёння гэтая цэгла захавалася ў многіх гаспадарчых пабудовах, непадуладная ні дажджам, ні марозам, ні спякоце.
Попыт на цэглу быў заўсёды, таму яшчэ некалькі гаспадароў адкрылі свае арцелі. Кісялеўскі меў цагельню ў Лугах. У Гляі на гары, як секлі лес, бульдозер раскапаў грудок цэглы: там была цагельня, якая належала Кісялям Івану і яго стрыечнаму брату Аляксандру.
Працавалі гаспадары ў асноўным самі. Мясілі гліну коньмі, а яшчэ раней – нагамі. Расказвалі, што адна мясцовая кабета прастудзіла ногі і памерла ад гэтага.
Што тычыцца гісторыі Пятрашышскага завода, то яна пачалася ў пазамінулым стагоддзі. Цагельня належала Трыбоцкаму, затым справу прадоўжылі яго сыны, пасля – унук Франц.
З прыходам савецкай улады пачаліся рэпрэсіі і раскулачванне. Не мінулі гэтай навалы і Трыбоцкія. Бацькоў і братоў вывезлі ў Сібір. Пасля яны, як і многія іншыя, перабраліся ў Польшчу, дзе, відаць, Бог ім даў лепшую долю, бо калі ў 1990-ых аднаўлялі з руін касцёл у Клюшчанах, то Трыбоцкія перасылалі з Польшчы каштоўныя келіхі і царкоўнае ўбранне для ксяндза.
У пасляваенны час зноў пачало набіраць сілу будаўніцтва – калгаснае і асабістае. Цэглы патрэбна было многа, і на аснове цагельні ў Пятрашышках пачалі будаваць новы цагельны завод, нараджэнне якога датуецца 1948 годам.
Першай з’явілася круглая труба вышынёй 25 метраў, якая і зараз бачна здалёк, хоць вятры і слота зрабілі сваю справу: яна ўжо паніжэла на нейкі метр. Запрошаны здалёк спецыяліст мураваў трубу з сярэдзіны, цэглу яму падавалі лябёдкай. Расказвалі, што, закончыўшы работу, майстар на вяршыні трубы ўставаў на рукі – ці то ад радасці пачуццяў, што закончана адказная і нялёгкая справа, ці то паказваў сваю смеласць. Ён называў гэты трук “Апошняе кляймо майстра”. Але аднойчы лёс перастаў яго песціць, і гэты трук сапраўды стаў апошнім: майстар сарваўся і разбіўся.
На вяршыню трубы вялі жалезныя сходкі-скобы са знешняга і з унутранага бакоў. Мясцовая моладзь, асабліва падлеткі, так і наравілі забрацца наверх: паназіраць з вышыні за наваколлем, папляваць зверху. Адчайны сарві-галава Зыгмант Пукшта, як і майстар, уставаў на рукі на краі трубы. Яго таварышы і ўсе, хто бачыў гэта, малілі Бога, каб ён хутчэй спусціўся ўніз, бо назіраць за такім відовішчам не хапала ніякіх нерваў.
кирпичный завод1А больш прадпрымальныя мелі з гэтага выгаду. Адзін такі “ўмелец” узбіраўся наверх і закрываў лістом кардону адтуліну ў трубе: дым пераставаў ісці, прападала цяга… І таго ж смельчака прасілі залезці на трубу і праверыць, ці ўсё ў парадку. Ён за гэту паслугу патрабаваў кіло цукерак, якімі затым частаваў сяброў.
Печы і іншыя забудовы муравалі таксама прыезджыя майстры, якія кватаравалі ў Пятрашышках. Замест старых будавалі печы з верхавым полымем, што давала магчымасць павялічыць вытворчасць цэглы. Галоўным адрозненнем новай печы было тое, што яна мела высокую дымавую трубу: гэта дазваляла эфектыўна гнаць паветра па печы, каб не згасала полымя.
Першым майстарам завода стаў Манулік са Свіры, тагачаснага раённага цэнтра. Пасля таго як тэрыторыя Спондаўскага сельсавета была аддадзена пад Астравецкі раён, старшым майстрам быў прызначаны мясцовы спецыяліст Семашкевіч, а кантрольным майстрам – Дрыўніцкі.
І закіпела работа. Гліна была добрая, цэгла атрымлівалася якасная і карысталася попытам.
Калі паступіў вялікі заказ для воінскай часці, сюды былі накіраваны салдаты (да радасці мясцовых дзяўчат), якіх размясцілі ў памяшканні клуба. Яны працавалі на вытворчасці, а потым гатовую цэглу дастаўлялі на чыгуначную станцыю Гелядня, далей – грузавымі цягнікамі да пункту назначэння.
Завод быў сезоннай бесперапыннай вытворчасці. Працавалі вахтавым метадам у две змены: першая пачынала працу ў 6 гадзін раніцы. Печ дзейнічала кругласутачна, у тры змены. Гліну падвозілі скрэперам – машынай, якую цягаў трактар. Скрэпер набірае гліну паступова, яму патрэбен доўгі калідор. Выбірае адну траншэю, адступае – і пачынае новую.
VLUU L110, M110  / Samsung L110, M110Выкарыстоўвалі сівую гліну ўперамешку з чырвонай. Гліна ішла ў мяшалку, якую круціў генератар. У лакамабіль кідалі дровы і ўсё, што гарэла, рамень злучаў яго з генератам, які даваў святло на ўвесь завод. Пасля мяшалкі гліна паступала ў прэс, дзе жанчыны дротам рэзалі па дзве цагліны, грузілі на ваганеткі, везлі ў шофы і сушылі пад павеццю.
Складвалі ў вялікі хлеў, а пасля зноў жа ўручную, ваганеткамі, адвозілі ў печ на абпальванне – садчыцы садзілі цэглу ў печ. Чырвонай цэгла станавілася пасля абпальвання. Прынцып работы печы прыблізна такі: доўгі пячны канал уяўляў сабой скразное кольца, у якім размяшчаліся прыкладна 18 пячных камер. У іх загружалі цэглу, а пасля абпальвання яе даставалі. На другім паверсе над гэтымі камерамі былі круглыя адтуліны, куды засыпалі торф – яго прывозілі з Хацілак, – а пасля таго як сталі вырабляць дошчачку – пілавінне. Абпальванне цэглы адбывалася пры тэмпературы 900-1000 градусаў!
Гатовую цэглу вывозілі з печы і складвалі ў слупкі па 250 штук на вуліцы. Самы цяжкі працэс – выгружаць з печы і на тачках – адно кола, дзве ручкі – адвозіць. За змену выраблялі прыкладна 25-30 тысяч цаглін, вага кожнай была 5 кілаграмаў.
З часам завод быў электрыфікаваны, самыя працаёмкія працэсы механізаваны: напрыклад, устаноўлены люлечны канвеер, па якому перадавалася цэгла з шофаў у печ.
На заводзе працавала амаль што адна моладзь. У змене – прыкладна 20 чалавек: качагары, машыніст цеплавоза, трактарыст, пагрузчыкі, завальшчыкі, рэзчыкі, здымшчыкі, адвозчыкі сырцу, загрузчкі, садчыцы, абпальшчыцы і іншыя. Рабочых прывозілі з розных месц, многія тут і аселі. Летам пастаянна працавалі студэнты. Для прыезджых быў пабудаваны інтэрнат і сталоўка для рабочых. Цэглу пастаўлялі ў Мядзель, Паставы, Смаргонь, Ашмяны, Ліду, Зэльву.
Завод набіраў сілу, да асноўнай вытворчасці дабавілі дапаможную: сталі вырабляць дранкі для стрэх. Узначаліў гэты дапаможны цэх Часлаў Субач. Потым дранку замянілі па дошчачку, больш трывалую і прыгожую.
Многія памятаюць смешны і павучальны выпадак, які мог стаць трагічным. Калектыў на заводзе быў дружны: разам працавалі і адзначалі святы. Адзін раз так “адзначылі”, што адзін з удзельнікаў не змог устаць з-за “стала”. А тут вестку падалі, што едзе з раёна начальства, усім трэба было разбягацца па рабочых месцах. Бедалагу нехта прапанаваў залажыць дошчачкамі, каб не папаўся на вочы начальству. Так і зрабілі. Разышліся на працу, а потым – дадому, забыўшыся пра схаванага. А той праспаўся, прачнуўся… Холадна! Пад ім – сырая зямля, пахне свежаструганымі дошкамі, цесна… “Я ў дамавіне!” – апаліла маланкай здагадка. “Жывога пахавалі!” Пачаў успамінаць: з кім пілі, за што, што пілі, а як закончылі – ніяк не ўспомніць. Пачаў маліцца, абяцаў больш гарэлкі ў рот не ўзяць, толькі каб добры Бог цуд явіў, каб вярнуцца яму з дамавіны. І тут непадлёк пачуў, як заспяваў марцовую песню кот. Рвануўся той дзядзька што было сілы – “труна” рассыпалася, а шчаслівы “ўваскрэшанец” пабег дадому, каб аб’явіць сябрам, што ёсць новая важкая нагода для выпіўкі.
Працавалі дружна, весела і ад душы. Лепшых рабочых адзначалі ганаровымі граматамі, прэміямі. Калектыў часта вазілі на адпачынак: на канцэрты, у цырк у Мінск, на Нарач і г.д. На завадской тэрыторыі знаходзіўся адміністрацыйны будынак, у якім размяшчалася кантора, магазін і клуб. Магазін карыстаўся папулярнасцю не толькі ў рабочых, але і сярод усяго мясцовага насельніцтва, таму што забяспячэнне там было нашмат лепшым, чым у сельмагах.
А клуб быў любімым месцам адпачынку рабочай моладзі. Музыкаў тады хапала – у кожнай вёсцы па два гарманісты. Летам танцавалі на адкрытай пляцоўцы, бо клубная зала ўсіх не змяшчала. Танцавалі да ўпаду: тыя, хто працаваў у першую змену, адпраўляліся на працу проста з танцаў. Многія знайшлі тут сваю пару, для многіх завод стаў стартавай пляцоўкай далейшага жыццёвага шляху.
VLUU L110, M110  / Samsung L110, M110З цягам часу абсталяванне зношвалася, запасы гліны змяншаліся. Завод трэба было ставіць на капітальны рамонт. А яшчэ не было дарогі, а значыць, і вывазкі. Увосень ляжалі завалы цэглы. Яна патрэбна была, а ўзяць не маглі. Усе гэтыя прычыны прывялі да закрыцця завода. Новы завод з круглагадовым цыклам пабудавалі ў Вераб’ях, дзе запасы гліны былі неабмежаваныя.
Потым будаўніцтва сталі весці індустрыяльным спосабам з выкарыстаннем блокаў, панэлей. Цэгла стала менш запатрабавана. Многія дробныя заводы закрылі, у іх ліку – Вераб’і, Астравец, Іўе, Мілідаўшчына (Смаргонь).
У 1973 годзе цэглу ўжо не выраблялі, а ў 1974-м завод быў зачынены. Пабудовы Пятрышышскай цагельні перадалі калгасу – іх прыстасавалі пад цялятнік, потым – пад кашару. А калі калгасы аб’ядналі, завод “загадаў доўга жыць”…
Зараз сярод завадскіх руін стаіць бачная здалёк труба – як маўклівы сумны сведка бурнага жыцця тагачасных вёсак, і будзіць настальгічныя ўспаміны ў тых, чыя маладосць апалена пячамі Пятрашышскага цагельнага завода.

----------------------------
Іаланта Валуевіч.