Островчане получили грамоты районного объединения профсоюзов "За духовное возрождение"
15:47 / 11.02.2017
Сёлета гэтай ганаровай узнагароды, апроч іншых, была ўдастоена Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі за праекты, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне грамадзян. Самым маштабным з іх стала рэканструкцыя Кургана Славы.
– Падчас рэканструкцыі быў заменены газон, адрамантавана лесвіца і ўстаноўлена сучасная падсветка, – расказаў старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Расціслаў Іванавіч Бразінскі. – У аднаўленні мемарыяльнага комплекса прынялі ўдзел жыхары ўсёй нашай краіны, і гэта сведчыць аб тым, што ў нас помняць гісторыю і вялікі подзвіг нашага народа.
– Але добраўпарадкаванне яшчэ не закончана. У планах Федэрацыі прафсаюзаў правесці работы па пошуку страчанай баявой тэхнікі, а потым адрэстаўраваныя экспанаты выставіць каля Кургана Славы – у музеі баявой тэхнікі пад адкрытым небам. Менавіта на гэта і будзе зрасходавана значная частка атрыманай грашовай прэміі.
Яшчэ адну частку грашовай прэміі было вырашана накіраваць у раённыя аб'яднанні прафсаюзаў. Падчас правядзення на Астравеччыне мерапрыемства па ўшанаванні маладых спецыялістаў іх увазе быў прадстаўлены невялікі відэаролік, які датычыўся дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ўзнагароджання гэтай арганізацыі прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».
А потым граматамі раённага аб'яднання прафсаюзаў былі ўзнагароджаны галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Тарэса Браніславаўна Памецька, галоўны захавальнік Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч і намеснік галоўнага рэдактара «Астравецкай праўды» Алена Генрыхаўна Ярашэвіч.
– Курган Славы – не адзіны аб'ект, шэфства над якім узялі прафсаюзы. У Гродзенскай вобласці такім з'яўляецца мемарыяльны комплекс «Шаўлічы». Сёння кожнае абласное і раённае аб'яднанне, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўносяць уклад у рэканструкцыю памятных мясцін, воінскіх пахаванняў. А гэта значыць, што наша агульная гісторыя будзе захавана і перададзена будучым пакаленням, – упэўнены старшыня Астравецкага раённага аб'яднання прафсаюзаў Расціслаў Іванавіч Бразінскі.
Алена СВЕТЛАЯ