Страницы истории. Погибли при задержании бандитов

11:33 / 15.11.2016
%d0%b3%d0%b0%d0%bb%d1%8c%d1%87%d1%83%d0%bd%d1%8b-%d1%81%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%bd%d0%b8%d1%86%d1%8b-%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%be%d1%80%d0%b8%d0%b8Даўно мінулыя гады ўтойваюць нямала важных падзей і звестак, якія, на жаль, могуць назаўсёды быць сцёртымі з гісторыі. І толькі выпадкова знойдзеныя запісы, патрэпленыя лісты ўспамінаў сведак дазваляюць хоць крыху прыадчыніць гістарычную заслону і даведацца пра ўчынкі людзей, якія загінулі пры выконванні сваіх службовых абавязкаў.

Такія запісы захоўваюцца і ў Астравецкім раённым аддзеле ўнутраных спраў – як даніна памяці аб былых калегах. Адзін з іх – аб аперацыі міліцыянераў на хутары Гальчуны ў 1945 годзе, падчас якой гераічна, пры затрыманні бандытаў, загінулі два супрацоўнікі Астравецкага Народнага камісарыята ўнутраных спраў Бяляеў і Пагажэльскі.  

Аб падзеях таго дня, 5 верасня 1945 года, сведчыць справаздачны запіс тагачаснага начальніка Астравецкага НКУС Вячжнева.  Нягледзячы на заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны, гэта быў вельмі цяжкі і небяспечны час: у дамах людзей панавалі голад і няшчымніца, а ў лясах сталі стварацца цэлыя банды, у якія ўваходзілі і былыя паліцаі, якія рабавалі і так збяднелых жыхароў.

У той дзень у райаддзел паступіла паведамленне агентуры, што ў адным з дамоў на хутары Гальчуны хаваецца паліцэйскі, які прыехаў з Вільні. Хутка была сфарміравана аператыўнай група з чатырох супрацоўнікаў камісарыята: оперупаўнаважаных Блюмінава і Бяляева, а таксама двух міліцыянераў Пагажэльскага і Падбярозкіна.

Разам з начальнікам раённага НКУС быў распрацаваны план аперацыі, як лепш захапіць паліцэйскага: група павінна была ноччу знаходзіцца ў засадзе і толькі на світанку, калі гаспадары прачнуцца, пачаць дзейнічаць. Аднак оперупаўнаважаны Блюмінаў, які ўзначальваў групу, вырашыў пачаць аперацыю раней і, не дачакаўшыся ўсходу сонца, пастукаўся ў дзверы. Ніхто доўга не адзываўся, а затым дзверы адчыніла гаспадыня. На пытанне міліцыянераў, дзе мужчыны, жанчына адказала, што яны ўцяклі праз акно на вуліцу. Як высветлілася пазней, на самой справе двое мужчын з абрэзам і рэвальверам хаваліся на гарышчы.

Далей з справаздачы начальніка раённага НКУС Вячжнева:

“... Тады оперупаўнаважаны Бяляеў узяў з пакоя лампу і выйшаў у сенцы. Гаспадыні ён сказаў узяць крэсла і лезці на гарышча. Следам за ёй туды адправіўся міліцыянер Пагажэльскі – як толькі ён залез на гарышча, адзін з бандытаў выстраліў у яго з рэвальвера і забіў. Схапіўшы аўтамат міліцыянера, ён пусціў з яго чаргу ўніз у сенцы, дзе стаяў з лампай Бяляеў, – і забіў таксама і яго. Пасля гэтага пачалася перастрэлка. У выніку быў застрэлены адзін з бандытаў. Другі мужчына і гаспадыня былі параненыя. На месцы здарэння быў сам, мой намеснік і восем нашым супрацоўнікаў. Быў праведзены старанны вобыск і знойдзены мундзір паліцая, які паспеў уцячы да прыходу міліцыянераў. Тут жа была сфарміравана група з васьмі чалавек, якая адправілася на яго пошукі. Па справе забойства двух супрацоўнікаў раённага НКУС арыштаваны чатыры чалавекі”.

Цяжка меркаваць аб праваце і справядлівасці тых няпростых пасляваенных гадоў. Але варта шанаваць памяць загінуўшых міліцыянераў – яны годна выконвалі свой абавязак.

Марына МАЦКЕВІЧ.