Не останавливают своего хода комбайны СПК "Михалишки"

15:00 / 12.08.2015
Шэпчуць бурачкі ды морква на вясковых падворках: “Пашлі, Божа, дожджык...” – каб агароды ўвабраліся ў сілу, каб не пажоўкла пасаджанае руплівай рукой гаспадыні...

Мы, вяскоўцы, паліваем агароды вечаровай прахалодай з дня ў дзень. А камбайнеры паліваюць сваім потам новы ўраджай: на парадку дня – толькі жніво. Усе астатнія справы другасныя – пачакаюць, бо хлеб чакаць не будзе.

Абсушаная пасля працяглых дажджоў збажына апускае сваю галаву перад хлебаробам, каб няскончаным вадаспадам трапляць у засекі – спачатку калгасныя, а потым – дзяржаўныя...

Зялёнабокія і чырванабокія камбайны не спыняюць свайго ходу на неабсяжных нівах СВК “Міхалішкі”.


Не патрэбны лічбы, працэнты, тоны намалотаў і ўраджайнасць... Не патрэбны маляўнічыя фотаздымкі, дзе вялікагабарытны “Джон-Дзір” упэўнена пакарае пшанічнае поле... Не патрэбны лічбы дыспетчарскай службы… Нішто не можа пераўзысці працы хлебароба...

Сёлетняя плошча зерневых і зернебабовых у СВК “Міхалішкі” складае 2 867 гектараў. Плошча вырошчвання аўса зменшылася на 70 гектараў, затое пад яравой пшаніцай яна павялічылася на столькі ж гектараў.

Нядрэнна сёлета сябе паказалі і іншыя сельскагаспадарчыя культуры: ячмень на круг дае 47 цэнтнераў з гектара, трыцікале – 47,9 цэнтнераў з гектара, а жыта – 38,9.





Міхалішкаўскім хлебаробам, па іх словах, узяцца за ўборку новага ўраджаю спачатку не давала надвор’е: дажджыла.

Затое з сонечнымі і спякотнымі днямі міхалішкаўскія аграрыі з імпэтам узяліся за справу. На 10 жніўня яны абмалацілі 36 працэнтаў калгасных ніў.





Камбайнеры з СВК “Міхалішкі” не хацелі спыняць свае вялікія машыны нават калі ў поле прывозілі абед. Пятнаццаць хвілін на перакус – і далей ізноў штурмаваць калгасныя нівы.

– На ўборцы я задзейнічаны, калі не памыляюся, дванаццаты год запар, – гаворыць камбайнер са стажам Валерый Іванавіч Калтан. – Добры ўраджай збяром сёлета. Пшаніца сыплецца каля 50 цэнтнераў з гектара...

Важкасць коласу пацвердзіў і галоўны аграном СВК “Міхалішкі” Алег Аляксандравіч Чаплінскі:

– На сённяшні дзень (10 жніўня. – Заўв. аўт.) мы ўбралі 1 033 гектары. Дарэчы, з 300 тон дзяржзаказу мы паставілі ўжо 92 тоны рапсу.





Увогуле на ўборцы ў СВК “Міхалішкі” задзейнічаны 11 зернеўборачных камбайнаў, а на адвозе зерня – 8 аўтамабіляў. Уся тэхніка разбіта на два вытворчыя звяны.

Як адзначыў старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі, міхалішкаўскія хлебаробы пачалі сёлетнюю ўборку з слабейшых участкаў – тых, дзе нівы даспелі, пагэтаму і ўраджайнасць напачатку была меншая. Зараз збожжавыя і зернебабовыя даюць на круг 46,9 цэнтнера да мінулагодніх 41,7.

– Сухое зерне малоцім! Яно амаль не патрабуе дасушкі, – гаворыць камбайнер Уладзімір Станіслававіч Вайцяховіч. – Ад надвор’я залежыць будучы ўраджай і першынства экіпажаў... А за тэхнікай і людзьмі справа дакладна стаяць не будзе!





Вільготнасць зерня, якое абмалочвалі  напрыканцы мінулага тыдня, складала каля 16 працэнтаў. Дзякуючы спякотнаму надвор’ю можна добра зэканоміць на паліве – большасць сушыльных установак працуе на дызелі.

Міхалішкаўцам на сёлетнім жніве дапамагае вадзіцель МАЗа з двума прычэпамі з вытворчай пляцоўкі “Альхоўка” філіяла “Белкардон”. Акрамя гэтага, на ўборцы новага ўраджаю ў Міхалішках працуюць 25 чалавек з Брэсцкай вобласці.

– У нас, як і ў другіх гаспадарках раёна, арганізавана двухразовае харчаванне, – гаворыць старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі. – Распрацавана і даведзена да кожнага экіпажа, вадзіцеля, аператара сушылкі сістэма аплаты і заахвочвання. Вядзецца дакладны ўлік

намалочанага, перавезенага і высушанага зерня, а вынікі заносяцца на спецыяльны “экран” штодня. Нашы людзі працуюць на сумленне, а не на лічбы... У мінулыя гады, бывала, да двух гадзін раніцы камбайны ў полі працавалі. І сёлета, упэўнены, хлопцы будуць біцца да апошняга коласа і зярнятка.

Уладзімір Станіслававіч Вайцяховіч, камбайнер


Алег Іосіфавіч Мілаш працуе на прэс- падборшчыку


Валерый Феліксавіч Дзенюш, камбайнер


Іосіф Эдуардавіч Шатроўскі, памочнік камбайнера







---------------------

Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.