Кипит работа на полях СПК "Гервяты"

09:00 / 31.07.2014
Канешне ж, уборка пачынаецца з моманту першага судакранання жаткі з выспеўшай раслінкай. І няважна, шматгадовых траў ці рапсу – галоўнае, што плён сумесных высілкаў селяніна і нівы пачынае “стукацца” ў бункер камбайна, і, значыць, жыццё, здзейсніўшы яшчэ адзін абарот вакол уласнай земляробчай восі, працягваецца.






Але ўборка рапсу і абмалот насеннікаў шматгадовых траў – толькі своеасаблівая прэамбула жніва. Яно, доўгачаканае, па-сапраўднаму пачынаецца толькі на збожжавых палетках. Пачынаецца – і распранаюцца людскія душы, і жнеяры забываюць на час і на тое, што на свеце існуе стома. І водар свежага хлеба кружыць, кружыць галовы…
Уборачны механізаваны атрад СВК “Гервяты” – гэта 16 камбайнаў. А яго аснова – звяно, якое ў гаспадарцы за высокія тэмпы і якасць уборкі называюць “дзікай дывізіяй”, складаецца з двух “Джон Дзіраў”, двух “Лексіёнаў” і адной “Мегі”. У вытворчым “табелі рангаў” за імі ідуць восем КЗС “Палессе”, а замыкаюць шэсце ўжо маральна падстарэўшыя пяць камбайнаў “Ліда”.
– Літаральна на днях прыбудзе яшчэ адзін новы КЗС 12-18 “Палессе”, – гаворыць галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Валер’евіч Кірпа. – Яго зачакаўся экіпаж камбайнераў. Так што абкатка новага агрэгата будзе праходзіць непасрэдна ў полі.



Нагрузка на камбайн у “Гервятах” складае амаль 270 гектараў, а з улікам новага КЗС – 250.
Рапс гервятцы ўжо абмалацілі. Праўда, дапамагла ім у гэтым… навальніца.
– Град велічынёй у добрую вішню “аблушчыў” нам 102 гектары азімага рапсу, – расказвае тэхнолаг палёў. – Гэта чацвёртая частка рапсавага поля гаспадаркі. З улікам сёлетняй рэкорднай ураджайнасці крыжакветкавага (у сярэднім з гектара мы намалацілі па 38,8 цэнтнера!) фінансавыя страты маглі б быць вельмі адчувальнымі… Выратавала сітуацыю тое, што мы яшчэ з восені застрахавалі свае пасевы рапсу, так што цяпер атрымаем кампенсацыю.
Дарэчы, земляробы “Гервят” аднымі з першых у раёне выканалі план продажу зерня гэтай культуры дзяржаве.



– Цяпер на чарзе ячмень, – дзеліцца планамі Дзяніс Валер'евіч.
– І яго ўборку мы пачалі з піваварнага, – уступае ў размову аграном–насеннявод Антаніна Францаўна Дзерван. – Пакуль стаіць сухое надвор’е і колер зярнят залацісты, ячмень трэба тэрмінова рэалізоўваць, бо яго колернасць для півавараў – вызначаючы якасць атрыбут.



Першыя абмалочаныя 260 гектараў (20 працэнтаў агульнай плошчы) паказалі: ячмень сёлета ўрадзіў! Прынамсі, пакуль яго сярэдняя ўраджайнасць складае 46 цэнтнераў з гектара. Усміхаюцца камбайнеры, задаволена падымаюць уверх вялікі палец: добра сыпле! Задаволены і аграном. Хаця сваю задаволенасць стараецца прыхаваць: ці мала што яшчэ можа здарыцца – на рапсе навучыліся…
– Упор зрабілі на сарты айчыннай селекцыі: “бацька”, “бровар”, “зубр”, “скарб”, “водар” і “дзівосны”, – працягвае галоўны аграном. – Пасеялі яшчэ чэшскі “кармаран” і польскі “себасцьян”… Але самым ураджайным, падобна, стане ўсё ж такі “бацька”. Колас магутны, насенне добра налітае…



Не пакрыўдзілася на догляд – аддзячыла земляробам багатым ураджаем трыцікале, з кожнага гектара якога гервяцкія жнеяры збіраюць па 46,1 цэнтнера. Абяцае парадаваць і пшаніца – на яе роўных, нібы пастрыжаных акуратным цырульнікам палях цесна ад цяжкавагавых каласоў.






Гервяцкая пшанічка ўнікальная ў тым сэнсе, што, у адрозненне ад сваіх суседак, на збожжапрыёмных пунктах яе зерню заўсёды надаецца высокі ІІІ клас. У той час як для іншых гаспадарак раёна і чацвёрты клас бывае часам недасягальным. У чым жа прычына?
– У тэхналогіі вырошчвання, – амаль што хорам адказваюць Антаніна Францаўна і Дзяніс Валер’евіч. – Для такой патрабавальнай да ўмоў культуры як пшаніца кожны элемент мае вялікае значэнне: і падрыхтоўка глебы, і тэрміны сяўбы, і якасць насення. Хаця ўзровень клейкавіны – ведаем гэта па вопыту – можна рэгуляваць дробным унясеннем мінеральных угнаенняў. Што мы, дарэчы, актыўна выкарыстоўваем пры фарміраванні ўраджаю “белабулкавай”. Яшчэ адзін нюанс: абавязковае апырскванне ад ліставых хвароб. На ўсіх нашых палях пшаніцы праведзены фунгіцыдныя апрацоўкі.



І так “смачна” расказваюць аграномы пра сваю гаспадарку, што не вытрымліваю і пытаюся:
– Напэўна, менавіта пшаніца з’яўляецца вашай любімай культурай?
А яны, не згаворваючыся, адказваюць адначасова:
– Пшаніца і ячмень. І трыцікале. І…




------------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.