Уже копают. Уже крадут...

10:00 / 09.07.2014
Такім бульбянішча бывае хіба што на рэкламным праспекце: кусцістае, з шырокім цёмна-зялёным лісцем; роўнае – як пастрыжаны газон; квітнеючае, як клумбы ля Гервяцкага касцёла. Глядзець на такое – асалода. Глядзець – і здзіўляцца, што падобнае бульбянішча насамрэч існуе. Што такую ідэальную бульбу можна, аказваецца, вырасціць на нашых астравецкіх, не асабліва ўрадлівых глебах.

Але прадпрымальным людзям не да пустога любавання – аб гэтым красамоўна сведчаць праплешыны са знішчаным на іх бульбоўнікам. Ужо капаюць. Ужо крадуць…
Чорныя “скарбашукальнікі” нашчыра-валі няшмат – аб гэтым сведчаць шматлікія “гарошынкі” будучых бульбачак, якія яшчэ толькі пачалі завязвацца.
Адна з уласцівасцяў сорту “Рагнеда”, як патлумачылі ў насеннай інспекцыі, заключаецца ў тым, што актыўнае ўтварэнне клубняў на ім пачынаецца толькі пасля цвіцення. Значыць, у лепшым выпадку злодзеі знайшлі пад кустом па адной-дзве бульбіны памерам з курынае яйка. А што змарнавалі пры гэтым цэнтнеры – дык не сваё ж, а калгаснае!
Ёсць і яшчэ адзін непрыемны нюанс для тых, хто вырашыў паласавацца крадзенай “Рагнедай”. Бульба, аб якой ідзе размова, расце на полі СВК “Гудагай” – гаспадаркі, што займаецца размнажэннем і продажам насення. У тым ліку, і насеннай бульбы. Суперэліта “Рагнеда” пасаджана не для выкарыстання на сталовыя мэты, а для вырошчвання пасадачнага матэрыялу. Таму і догляд за ёй адпаведны – хімічныя апрацоўкі праходзяць, лічы, нон-стоп. Есці такую бульбу – заведама наносіць шкоду ўласнаму здароўю. Ці здароўю пакупніка, якому злодзей “упарвае” крадзенае.
Карацей, карысці – нуль, а шкоды – не злічыць…


--------------------------
Ганна ЧАКУР.