Обзор посевов провели аграрники Сморгонского и Островецкого районов

11:00 / 10.07.2014
Кажуць, новае – гэта забытае старое. Хаця ў адносінах да суседскага ўзаемаагляду пасеваў, які правялі на мінулым тыдні аграрнікі Смаргонскага і Астравецкага раёнаў, гэтая сентэнцыя не асабліва актуальная – за чатыры гады, што прайшлі з моманту правядзення апошняга падобнага мерапрыемства, аграномы наўрад ці паспелі забыць пра яго.

Першымі пасля чатырохгадовай паўзы свае палеткі паказвалі астравецкія раслінаводы. Маршрут руху аўтобуса быў загадзя прадуманы з такой умовай, каб паказаць гасцям як мага больш шырокі асартымент сельскагаспадарчых культур, што вырошчваюцца на палях раёна. Агрападарожжа, распачаўшыся ў Дайлідках, дзе адбылася сустрэча суседзяў, далей пайшло па маршруту Ізабяліна–Астравец–Слабодка–Германішкі–Ліпкі–Лоша–Кяждуны–Шунэлішкі–Малі–Філіпаны–Варняны–Карвэлі–Фальваркі–Газа–Міхалішкі–Чэхі–Бабраўнікі–Валэйкуны–Гервяты.
У СВК “Гудагай” госці азнаёміліся з тэхналогіяй вырошчвання бульбы і азімага рапсу. СВК “Варняны” прадэманстраваў удзельнікам аб’езду палі з рознымі культурамі, але асноўны ўпор быў зроблены на асаблівасці вырошчвання збожжавых. Цукровыя буракі, азімую пшаніцу і ячмені паказалі тэхнолагам палёў земляробы СВК “Міхалішкі”. У СВК “Гервяты”, акрамя вытворчых пасеваў, былі паказаны эксперыментальныя палі: непадалёк ад вёскі Попішкі аграном гаспадаркі выпрабоўвае на прадмет ураджайнасці восем гібрыдаў кукурузы; а ля Малых Якентан расце 12 сартоў і гібрыдаў азімага рапсу.
Убачанае тут жа абмяркоў-валася. І прыхаваць, “недапаказаць” нейкія не вельмі ўдалыя палі ў гаспадароў не было шансаў – вопытныя вочы тэхнолагаў палёў ужо па колеру лісця раслін без цяжкасцяў вызначаць колькасць мінеральных угнаенняў, унесеных у асноўную задзелку, а таксама кратнасць і дозу пазакарнявых падкормак.
Пытанні сыпаліся, як з рогу дастатку. Адказы на іх ілюстраваліся шматлікімі “а я раблю так” або “вычытаў неяк у інтэрнэце, паспрабаваў – спадабалася” і г.д. Іншымі словамі, увесь час адбываўся абмен вопытам – як тэарэтычным, так і практычным.
У якасці культурнай праграмы астраўчане прапанавалі сваім гасцям наведаць галоўную славутасць раёна (і не толькі яго) – Гервяцкі храм Святой Троіцы.
Далей надышоў час здаваць прафесійны экзамен смаргонцам.
Базавай гаспадаркай для правядзення аб’езду палёў яны выбралі самы моцны сельгаскааператыў – СВК “Савецкая Беларусь”, цэнтральная сядзіба якога знаходзіцца ў Жодзішках. Дагледжаныя палі, якасны пасяўны матэрыял і блізкія да аптымальных ўмовы надвор’я паспрыялі нядрэннаму развіццю сельскагаспадарчых раслін. Аднак (і гэта адзначылі ўсе прысутныя) зеляніне смаргонскіх палеткаў не хапала астравецкай яркасці, што з’явілася прамым наступствам недастатковай забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі.
Узнікалі пытанні і да эфектыўнасці хімічнай праполкі – на шэрагу палёў культурныя расліны былі засмечаны пустазеллем.
Смаргонцы таксама паказалі свае доследныя палі – але здзівіць астравецкіх калегаў ім не ўдалося: той жа вопыт сумеснага вырошчвання кукурузы і сланечніку засвоены на Астравеччыне не адзін год таму.
У ходзе агульнай размовы астравецкія палеткі былі аднадушна прызнаны лепшымі. Хаця канчатковы прысуд ім здольнае вынесці толькі Яго Вялікасць Жніво-2014.
– Сёлета мы павінны быць з зернем, – сказаў на падвядзенні вынікаў кіраўнік аб’езду-агляду начальнік абласной інспекцыі па ахове раслін Ілля Мікалаевіч Гуштын. – Прынамсі, усе перадпасылкі для гэтага ёсць. Земляробы вобласці і, у прыватнасці, вашых раёнаў, папрацавалі плённа. Зрабілі ўсё, што маглі. Падтрымала і надвор’е. Цяпер бы толькі не вымакла, не палягло, не прарасло на корані…
Сапраўды, няма, напэўна, другой такой метэазалежнай галіны народнай гаспадаркі, як раслінаводства – у любы момант усе намаганні земляробаў могуць быць перакрэслены чарговым “выбрыкам” надвор’я.
Таму, напэўна, пакуль ураджай не трапіў у засекі, канчатковыя вынікі агляду было вырашана не падводзіць. Падзяліліся вопытам, паразважалі сумесна над злабадзённымі праблемамі, сябе паказалі, на іншых паглядзелі і – хопіць.
Хто меў рацыю, а каму куранят не далічыцца, пакажа жнівень, які ўжо не за гарамі.


--------------------------
Ганна ЧАКУР.