Жніво ў рэжыме “экстрым”

15:14 / 12.08.2011
8063

Часта думаю: нездарма ж на Спондаўшчыне нарадзілася столькі таленавітых людзей – хіба можна не стаць паэтам, калі кожны дзень перад тваімі вачыма ТАКІЯ далягляды. “Швейцарыя!” – з прыдыханнем гавораць госці, любуючыся маляўнічымі перападамі ландшафтнага “афармлення”, якім адарыў гэтую зямлю Бог.


–Канешне, любавацца нашымі пагоркамі з акна іншамаркі – прыемная справа, – згаджаецца загадчык вытворчага ўчастка № 3 СВК “Міхалішкі” Эдуард Леанідавіч Янкойць. – Або прайсці па адным з распрацаваных турыстычных маршрутаў – з адпачынкам ля возера, рыбалкай, шашлычком… А вы паспрабуйце гэтыя пагоркі ўзараць, засеяць, вырасціць на іх хлеб, а потым яго абмалаціць! Круцізна некаторых схілаў пад 40 градусаў – выпадковы механізатар наўрад ці рызыкне апрацоўваць такія. А нашы мясцовыя працуюць – і сеюць, і косяць, і ўбіраюць...


Збожжавы клін брыгады – колішнага СВК – складае 970 гектараў, на абмалоце якіх задзейнічана сем камбайнаў. Нагрузка на адзін агрэгат быццам бы і невялікая – менш за 140 гектараў, але якіх! Пагорак на пагорку, контурнасць палёў – самая дробная ў раёне.


–Вось учора ўбіралі за Косцевічамі, – працягвае Эдуард Леанідавіч. – Абшары, што ідуць у бок Кайміны. Без перабольшвання скажу: старонні чалавек большасць гэтых кавалачкаў проста не даў бы рады знайсці. А і знайшоўшы – не ўзрадаваўся б. Таму на камбайны мы саджаем мясцовых механізатараў. Сёлета рады жнеяроў узмацнілі механізатары са Спондаўскага лясніцтва, але гэта таксама нашы хлопцы – умеюць працаваць на “гарбатых” землях.


Сёлетняе жніво для Эдуарда Леанідавіча асаблівае – першае. Раней ў СВК “Страча” ён працаваў намеснікам старшыні па механізацыі, а калі гаспадарку далучылі да СВК “Міхалішкі”, стаў загадчыкам вытворчага ўчастка. Так што многае давялося пачынаць амаль што не з чыстага ліста: вывучаць земляробчыя тэхналогіі, запамінаць назвы ўрочышчаў, удакладняць механічны склад кожнага клапціка зямлі і г.д.


–Пасяўная таксама была першай, – прызнаецца брыгадзір. – І адразу – па максімуму, таму што давялося перасяваць азімыя збожжавыя і рапс, якія мінулагодняя зімоўка загубіла ў поўным аб’ёме. Нічога, вытрымалі. Не спасуем і на ўборцы. Тым больш, што праз яе зеніт мы ўжо перайшлі.


Ураджайнасць спондаўскіх палеткаў ніжэй сярэдняй і па СВК “Міхалішкі”, і па раёне – кожны гектар збожжавых і зернебабовых тут дае па 36,6 цэнтнера. Але ў параўнанні з мінулым годам – больш на два цэнтнеры, а гэта, без сумнення, ужо перамога. І стымул для далейшых пошукаў, якія, дарэчы, ужо распачаліся – да сяўбы азімых культур страчанцы прыступілі 7 жніўня. Сеялі спачатку азімую свірэпку, потым – рапс, а з 15 жніўня дойдзе чарга да збожжавых культур. Структура іх  пасяўных плошчаў, па словах Эдуарда Леанідавіча, будзе адкарэктавана, каб будучай зімой максімальна магчыма застрахавацца ад непрыемнасцей надвор’я.


Ганна ЧАКУР.



Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ .

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений