Такія розныя і падобныя лепшыя падвор’і

14:02 / 11.08.2011
7492

Раённы конкурс на лепшае сельскае падвор’е сярод маладых сем’яў, які праводзіцца раённым камітэтам БРСМ пры падтрымцы аддзела па справах моладзі райвыканкама, стаў ужо традыцыйным. Сёлета да арганізатараў конкурсу далучылася раённая арганізацыя Беларускага савета жанчын.


Вылучыць кандыдатаў для ўдзелу ў конкурсе – лепшыя падвор’і на сваіх тэрыторыях – павінны былі сельскія выканаўчыя камітэты: каму, як не мясцовай уладзе, ведаць сваіх людзей і іх сядзібы. Праўда, некаторыя па незразумелай прычыне аднесліся да гэтай задачы, мякка кажучы, без асаблівага энтузіязму —  і першаму сакратару РК БРСМ Марыне Мар’янаўне Кутовіч давялося падключаць “іншыя крыніцы інфармацыі”. Што, зрэшты, на канчатковы вынік калі і паўплывала, то толькі станоўча.


Для таго, каб вызначыць лепшае сельскае падвор’е маладой сям’і, раённая камісія, якую ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, наведала усіх кандыдатаў. Ацэнка праводзілася па розных параметрах: наяўнасць падсобнай гаспадаркі, удзел членаў сям’і ў грамадскім жыцці, санітарны стан падвор’я, арыгінальнасць яго афармлення… І трэба сказаць, што ў кожным з іх былі свае яўныя прэтэндэнты на перамогу.


Скажам, калі б вынікі конкурсу падводзіліся толькі па санітарнаму стану падвор’я. то першае месца, напэўна, атрымала б сям’я Гражулёў з Варнян. Прызнаюся: я ў жыцці не бачыла такога дагледжанага агарода: на шматлікіх градках – ні травінкі! А гародніна – нібы з карцінак дапаможніка па культуры земляробства: цыбуля – па кулаку, капуста – па галаве, бульба не змяшчаецца пад зямлёй і цікаўна лезе на паверхню… Гэта пры тым, што ў маладой гаспадыні Алесі Анатольеўны на руках – малы сынок, двухгадовы Матвейка: той яшчэ памочнік! У кладоўцы блішчаць новымі накрыўкамі шматлікія закаткі – відаць, што  сям’і харчовы крызіс не пагражае. А рука бацькі, калгаснага будаўніка Івана Тадэвушавіча, бачна на падвор’і. Хоць абуладкаваць яго поўнасцю Гражулі яшчэ не паспелі: у новы калгасны дом маладая сям’я засялілася толькі ў 2007 годзе, але нешта для таго, каб вылучыць сваё падвор’е сярод падобных, як блізняты, суседскіх, гаспадар ужо паспеў зрабіць: арыгінальныя кветніцы, выразаныя яго ўмелымі рукамі з цэментных блокаў  – то ў выглядзе чаравіка, то смоўжыка, а яшчэ грыбная сямейка ля ганка прыцягваюць і радуюць погляд і гасцей, і выпадковых прахожых.


А ў падсобнай гаспадарцы цяжка сапернічаць з сям’ёй Дэнюшаў з Міхалішак. Гаспадары, Валерый Феліксавіч і Наталля Іванаўна, не змаглі ў той дзень сустрэць камісію — ім трэба было тэрмінова ад’ехаць па справах, але сакратар Міхалішкаўскага сельскага Савета расказала, што падсобная гаспадарка тут дыхтоўная: дзве каровы, быкі, свінні, не лічачы такой “дробязі”, як незлічонае пагалоўе птушкі.


Ды і маладая сям’я Жыгарысаў з Падольцаў не разумее, як можна жыць у вёсцы і не трымаць падсобную гаспадарку? Яна ў іх таксама грунтоўная: тры быкі, сямёра свіней. Для такога пагалоўя давялося нават перабіць і пашырыць непрыстасаваныя для ўтрымання жывёлы гаспадарчыя пабудовы,  што здаваліся ў комплексе з так званым “прэзідэнцкім” домікам, якія сям’я атрымала ў 2009 годзе. Гэта пры тым, што муж, калгасны механізатар Валерый Іосіфавіч, які на час жніва перасеў на камбайн, у гарачы летні час дамоў прыходзіць толькі пераначаваць. А ў маладой гаспадыні Алы Уладзіміраўны на руках – двое малых дзетак: Данілку шэсць гадоў, а Мілане – чатыры. Да таго ж жанчына, якая закончыла ў свой час медыцынскі каледж, але з-за адсутнасці адпаведнай вакансіі ў вёсцы стала працаваць у сельскай бібліятэцы, вырашыла і адукацыю адпаведную набыць: паступіла сёлета ва ўніверсітэт культуры на завочнае аддзяленне.


Вялікая падсобная гаспадарка і ў сям’і Рабкоўскіх з Трокенік. Ды і як інакш – сям’я ж мнагадзетная: Пётр Віктаравіч, адзін з лепшых механізатараў, партрэт якога занесены на Дошку гонару, і Алена Віктараўна выхоўваюць пяцёра дзяцей — трое сыноў і дзве дачушкі. Памочнікі з іх яшчэ слабаватыя – старэйшаму Максіму 12 гадоў, а малодшая Даша пакуль на руках у маці. Але тым не менш сям’я стараецца не толькі падтрымліваць падвор’е ў чысціні і парадку, але і аздобіць яго простымі, ды цікавымі і арыгінальнымі знаходкамі – як гэтыя рознакаляровыя рамонкі ўздоўж агароджы.


У арыгінальнасці афармлення падвор’я цяжка спаборнічаць з сям’ёй Янчэўскіх з Гервят. У мясцовым сельскім Савеце безапеляцыйна заявілі, што на іх тэрыторыі гэта — самая дагледжанае падвор’е маладой сям’і. Праўда, Аксана Іванаўна, жонка старшыні мясцовага СВК Андрэя Уладзіслававіча Янчэўскага, з гэтым не зусім згодная: па яе словах, сям’я толькі што вярнулася з адпачынку і навесці належны парадак пакуль што не паспела. Але ёсць рэчы, якія за дзень пры ўсім жаданні не зробіш. Такія цудоўныя ружы, якія цвітуць ля дома Янчэўскіх, за адну ноч можа вырасціць хіба што Папялушка з казкі. І міні-дэндрапарк, які разбіты ля дома – цікавыя рэдкія расліны вабяць вока і выклікаюць цікаўнасць. Арыгінальны вадаём каля дома кліча пасядзець ля вады з томікам Блока ці Ахматавай… А ў глыбіні двара – цудоўнае месца для адпачынку: альтанка, пярголы, мангал, арэлі… І – старадаўняя сячкарня з англійскім кляймом – гэта, як расказала Аксана Іванаўна, памяць ад яе бабулі. Канешне, яна цяпер не выкарыстоўваецца па прызначэнню, пераабсталявана пад арыгінальную кветніцу – але памяць нашчадкаў ад гэтага не аслабела. І ўсё пры тым, што сям’я жыве ў гэтым доме ўсяго толькі два гады. А раней такое ж добраўпарадкаванае падвор’е было ў іх – у асноўным дзякуючы старанням руплівай гаспадыні – у Вароне, дзе жыла маладая сям’я. Вось ужо сапраўды: кіраўнік павінен быць прыкладам ва ўсім. І з’яўляецца такім!


Ды і ў сям’і Козічаў з Гудагая ёсць чаму павучыцца і на што падзівіцца. Дурманіць галаву водар шыкоўных лілій, ружаў і малавядомых – прынамсі, мне – кветак, што буяюць на альпійскіх горках, уздоўж дарожкі і ўвогуле – усюды, дзе толькі магчыма. Па лужку ля дома “расхаджвае” чырвонаногі бусел – няйнакш як збіраецца прынесці гаспадарам, Святаславу Вільгельмавічу і Таццяне Сяргееўне, у дадатак да дзвюх “лапачак-дочак” Вулляны і Стэфаніі яшчэ і сыночка. Ля штучнага вадаёмчыка грэецца на сонцы амаль сапраўдны – толькі зусім не страшны! — алігатар. Драўляная студня, як і ўсё ў доме і на падвор’і, зробленая рукамі гаспадара — ў доме з водаправодам быццам бы і не патрэбна, але яна – як напамін аб тым, адкуль “мы ёсць пайшлі”. Дый не кветкамі адзінымі: у хлевушку рохкае-кудахча іх падсобная гаспадарка…


Рукі гаспадара і густ гаспадыні з першага погляду відаць і на падвор’і майстра гаргазу Мікалая Мікалаевіча і настаўніцы мясцовай школы і Вольгі Рамуальдаўны Нікалайкавых з Маляў. Здаецца, нічога асаблівага, такога, што б “рвала вока”, тут няма. Але паўсюль адчуваецца моцная і ўмелая мужчынская рука — і далікатнае, пяшчотнае, густоўнае жаночае аздабленне. Яно бачна і ў дагледжаным садзе і агародзе, і ў дыхтоўнай каменнай агароджы, і ў нядаўна зробленым рукамі гаспадара рамонце, і любоўна вырошчваемых гаспадыняй – і таму, напэўна, такіх яркіх і прыгожых — кветках, якія паўсюль: і ў доме, і на вуліцы. Самая любімая з якіх, па прызнанні Вольгі Рамуальдаўны, — шыкоўны квітнеючы антурыум. Мо таму, што быў падораны мужам на Дзень закаханых?


А на сядзібе рытаньскіх настаўнікаў Аляксандра Яўгенавіча і Вольгі Іванаўны Кухарчыкаў мы сустрэлі адразу ўсё! Цяжка нават паверыць, што на невялікім прысядзібным участку адразу можа змясціцца, прычым ніколькі не перашкаджаючы адно аднаму, а наадварот – вельмі маляўніча і практычна дапаўняючы — і лужок, дзе пасвяцца козы – сапраўдныя, не дэкаратыўныя,  і альпійская горка, і некалькі кветнікаў, і шчодры агарод, і сад, і прасторная альтанка, да якой вядзе дарожка праз масток, перакінуты цераз маляўнічую сажалку, і шматлікія хлевушкі, у якіх гадуецца розная вясковая жыўнасць. Усё тут прадумана да дробязей, для ўсяго ёсць сваё месца. Усё дарэчы і даспадобы! Калі камісія завітала на падвор’е Кухарчыкаў, сумненняў у тым, хто стане пераможцам раённага конкурсу, не засталося: гэта была самая лепшая па ўсіх ацэньваемых крытэрыях сядзіба з тых, што былі вылучаны на конкурс.


Але Кухарчыкі на першай прыступцы сімвалічнага п’едэсталу гонару аказаліся не адны. Падзяляе з імі радасць перамогі сям’я Нікалайкавых з Маляў. На другім месцы апынуліся таксама дзве сям’і: Янчэўскія з Гервят і Козічы з Гудагая. А трэцяе месца журы аддала у маладой сям’і Гражулёў з Варнян.


А найбольш парадавала падчас правядзення гэтага конкурсу нават не арыгінальнасць і прыгажосць сядзіб і не той факт, што падсобныя гаспадаркі трымаюць і маладыя сем’і. А тое, што якія адносіны пануюць у гэтых сем’ях. Трэба было чуць, з якім гонарам Алена Рабкоўская расказвала пра працоўныя поспехі свайго мужа; з якой пяшчотай прамаўляла Таццяна Козіч “Мы са Слаўкам…”, як захоплена расказвала пра залатыя рукі свайго мужа Вольга Нікалайкава, каб зразумець: меў рацыю класік – усе шчаслівыя сем’і шчаслівыя аднолькава. І шчасце гэтае – у іх закаханых вачах, узаемаразуменні, павазе, у дзіцячым шчэбеце…


А дыхтоўныя і прыгожыя падвор’і – усяго толькі цудоўнае дапаўненне да ўсяго гэтага.


Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений