Скрозь асцюкі непагадзі – да зорак новага ураджаю

12:50 / 09.08.2011

Жніво завалодала наваколлем канчаткова. Яго эпіцэнтр, вядома ж, на нівах. Дзе нараджаецца хлеб новага ўраджаю. Дзе магутныя камбайны ўразаюцца ў сцяну спелага збожжа, пакідаючы пасля сябе шчацінне іржышча ды мякінны пылок. Дзе самазвалы паслужліва падстаўляюць чэрава сваіх кузавоў пад духмяны струмень намалочаных тон. І крок у крок за жнеярамі рухаюцца падборшчыкі саломы.


Але і жыццё вёскі падпарадкоўваецца рытму ўборкі. На элеватарах і сушылках яно не спыняецца круглыя суткі – тона за тонай дапрацоўваецца зерне, сартуецца, размяркоўваецца: на продаж дзяржаве, у засекі, на насенне, на фураж… І развозіцца потым – па прызначэнні. На мехдварах у поўнай баявой гатоўнасці стаяць на варце рамонтныя звенні, а інжынеры “абрываюць” тэлефонныя правады ў пошуках патрэбных запчастак. Аграном гатовы раздваіцца, каб мець магчымасць прысутнічаць адначасова на полі і ля сушылак. Ад усходу сонца шчыруюць калгасныя кухаркі - жнеяроў трэба грунтоўна накарміць. І нават дома жонкі гатуюць вячэру бліжэй да ночы – каб была цёплай, калі вернуцца з поля іх стомленыя гаспадары. І ля канторы…


У Міхалішках дастаткова звярнуць з галоўнай дарогі налева – да канторы, каб заўважыць: у небе лунае чырвоны сцяг пераможцы. Імянны! У гонар таго, хто ў апошнія суткі на жніве асабліва вызначыўся. Сушыльшчыкі. Камбайнеры. Вадзіцелі…


–Пры ўсёй сучаснай зацыкленасці на матэрыяльным стымуляванні маральнае не страціла свайго значэння, – лічыць старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі. – І потым, як гаворыцца, краіна павінна ведаць сваіх герояў. У нашай гаспадарцы сёння героі – аператары сушылкі “ЛідАрай” Павел Яўгенавіч Пешка і Віктар Антонавіч Мілашэвіч. Менавіта ў іх гонар узняты сцяг. І цалкам заслужана. Сушыльшчыкам сёлета прыходзіцца нясоладка. Асабліва складана было ў першай палове жніва – збожжа паступала з палёў з вільготнасцю да 25-ці працэнтаў, а часам і вышэй, тэрміны дасушкі расцягваліся, на адкрытых пляцоўках вырасталі горы зерня…


–Няпростай была зімоўка азімых культур, – працягвае старшыня. – Давялося перасяваць ледзь не палову плошчаў. Трыцікале вымерзла ледзь не поўнасцю. Дарэчы, гэта таксама стрымлівае тэмпы ўборкі. Таму што па адпрацаванай тэхналогіі днём нашы камбайны абмалочвалі ячмень-авёс, а вечарам пераходзілі на трыцікале і ўбіралі да поўначы. Сёлета трыцікале няма, а ячмень па росах не памалоціш – вільготнасць зерня вялікая… Яравым ад надвор’я таксама дасталася – ва ўмовах засухі яны ўзыходзілі марудна, – асабліва на цяжкіх глебах. Потым пайшлі дажджы, якія справакавалі з’яўленне падсады. Як вынік: павышаная вільготнасць бункернай масы, што абцяжарвае працу камбайнераў. Тым не менш, уборка ідзе, лічу, нармальнымі тэмпамі. Па стане на 9 жніўня мы абмалацілі больш за 60 працэнтаў агульнай плошчы збожжавых і зернебабовых культур. Ураджайнасць   пакуль вагаецца ля лічбы 40 цэнтнераў з гектара – пра канчатковую гаварыць рана. Але валавы збор, спадзяёмся, у параўнанні з мінулагоднім будзе, як мінімум, на дзве тысячы тон большым.


На жніве ў гаспадарцы задзейнічана 16 камбайнаў, якія разбіты на два звяны – адно (сем уборачных агрэгатаў) паспяхова працуе на далучаных да СВК “Міхалішкі” палях Страчанскага вытворчага ўчастка, другое (дзевяць камбайнаў) – убірае на міхалішкаўскіх землях.


Людзі стараюцца працаваць, так бы мовіць, не за страх, а за сумленне… Хаця маральнае і матэрыяльнае стымуляванне, прадугледжанае калектыўным дагаворам сельскагаспадарчага кааператыву, таксама дадае работнікам ахвоты.


–У адпаведнасці з распрацаванымі ўмовамі, – расказвае Аляксандр Іванавіч, – грашовыя прэміі атрымаюць экіпажы камбайнаў, якія намалацілі тысячу тон збожжа, вадзіцелі, што перавязлі паўтары тысячы тон, і аператары сушылак, якія перасушылі дзве тысячы тон збожжа. Дадам, што лідары ўжо дасягнулі запаветнай мяжы – узнагарода не прымусіць сябе чакаць…


–Адной з першачарговых задач, – уступае ў размову галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Іосіфавіч Ствол, – мы лічым выкананне дзяржаўнага плана рэалізацыі збожжа. Актыўна працуем у гэтым накірунку. Ужо паставілі на хлебапрыёмны пункт больш за 300 тон піваварнага ячменю. Для гэтай мэты па спецыяльнай тэхналогіі (з паніжанымі дозамі азотных угнаенняў) вырошчваем піваварныя сарты: “цюрынгію”, “бровар” і “атамана”. Сёлета ячмень атрымаўся нядрэнным, прынамсі, падчас яго здачы асаблівых прэтэнзій да якасці зерня не ўзнікае. Аптымальнай колернасці збожжа спрыяла сухое надвор’е, якое пратрымалася амаль два тыдні. Зрэшты, як і тэмпы ўборкі ў цэлым – таксама. Ды і вільготнасць збожжа рэзка пайшла на спад – не больш за дзевятнаццаць працэнтаў паказваў вільгацемер. Але з панядзелка задажджыла – стоп-машына… Толькі пры тэхнічнай аснашчанасці нашага камбайнавага парку вялікіх праблем з уборкай, я думаю, не ўзнікне – зловім момант, збяром вырашчаны ўраджай. Канешне, пры гэтым прыкладзём усе намаганні, каб яго страты былі мінімальнымі.


Ганна ЧАКУР.