Гервяцкі хлеб

15:47 / 02.08.2011

4320 гектараў – такі памер плошчы збожжавых і зернебабовых культур у СВК “Гервяты”, на абмалоце якой працуе 21 камбайн. Валавы намалот па стану на 2 жніўня складае 5282 тоны, сярэдняя ўраджайнасць – 39,3 цэнтнера з гектара.


Сёлетняе жніво праходзіць у складаных умовах – штодзённыя дажджы справакавалі рост так званай падсады – а гэта значыць, што матавілы ўборачнай тэхнікі часта “забіваюцца”. Вільготнасць збожжа трымаецца ў межах дваццаці, а то і больш працэнтаў. Але пры ўсіх складанасцях уборка набірае абароты.


–Першымі традыцыйна абмалочваюцца слабейшыя палі, – гаворыць Віктар Мечыслававіч Міцкевіч, камбайнер з васьмігадовым стажам. – Таму што з-за зрэджанасці раслін або дробнасці зерня збожжа даспявае на іх раней. Таму пакуль рэкордных намалотаў за змену не атрымліваецца. Сёння вось  убіраем трыцікале. Зімоўка была настолькі неспрыяльнай, што амаль палову азімых гаспадарка вымушана была перасеяць, а на тых, што пакінулі на насенне, ураджай вырас сціплы. Прынамсі, “Лексіёну” на такіх палях сумнавата – гэты камбайн разлічаны на куды больш салідную ўраджайнасць. Нічога, заўтра, можа, пяройдзем на лепшы ўчастак…


Нават пры далёкай ад рэкорднай ураджайнасці на гервяцкія зернесклады штодзень трапляе 400 і больш тон збожжа новага ўраджаю, так што сушыльнай гаспадарцы прыходзіцца працаваць на поўную моц. Асноўная нагрузка прыпадае на сушылку “ЛідАрай”, якую абслугоўвае  інжынер-энергетык СВК Дзяніс Аляксандравіч Гаруноў.


–Збожжа трапляецца рознай вільготнасці, – расказвае ён. – У залежнасці ад часу сутак і выпадзення ападкаў яно бывае ад 18 да 24 (а часам і вышэй) працэнтаў вільготнасці. А на выхадзе з сушылкі павінна ўтрымліваць не больш як 14 працэнтаў вільготнасці. Улічваць трэба і перыядычнасць адвозу ад сушылкі высушанага зерня… Усе гэтыя даныя заношу ў камп’ютар сушылкі – “забіваю” ў праграму, і пачынаецца працэс. Канешне, “ЛідАрай” абсталявана процьмай датчыкаў і ўсемагчымых кнопак, але вільготнасць збожжа мы вызначаем ручным спосабам – з дапамогай вільготнасцемера. Вось бачыце – 11 працэнтаў? Ячмень гатовы – можна пачынаць адгрузку.


Інжынер, так бы мовіць, дае адмашку – і ля бункераў, як з-пад зямлі, вырастаюць дзве грузавыя аўтамашыны ГАЗ.


–МАЗы і іншая вялікагрузная тэхніка не падыходзіць для працы на складах, – тлумачыць аграном-насеннявод гаспадаркі Антаніна Францаўна Дзярван. – Выкарыстоўваем толькі малагабарытныя ГАЗончыкі.


Сёлетняя ўборка для Антаніны Францаўны дваццаць восьмая, таму з упэўненасцю можна сказаць: пра жніво яна ведае ўсё. Але і насеннявод услед за камбайнерамі сцвярджае: і абмалот, і сушка хлеба новага ўраджаю сёлета праходзяць у складаных умовах.


Хаця, калі быць аб’ектыўнымі… Ці бывае лёгкім жніво наогул?


–Так, каб зусім? – перапытвае Антаніна Францаўна. – Вядома, не бывае. Як правіла, у час жніва ідуць дажджы, шмат палегліцы. Жывём у такой кліматычнай паласе… Але пры сучаснай высокапрадукцыйнай тэхніцы, пры агульным жаданні і намаганнях сабраць ураджай… Атрымаецца! Як атрымлівалася заўсёды. Не толькі на працягу тых дваццаці васьмі гадоў, што я працую ў раслінаводстве, але і на працягу ўсяго існавання чалавецтва – колькі чалавек жыве, столькі вырошчвае хлеб…


Ганна ЧАКУР.