Жыццё ў рытме жніва…

10:22 / 01.08.2011

Хлебаробы СВК імя Гашкевіча не па чутках ведаюць, што такое “зона рызыкоўнага земляробства” – землі іх гаспадаркі лёгкія, чуллівыя да кліматычных выбрыкаў: тарфянікі баяцца вясновых прымаразкаў, а пясчаныя глебы – засухі.


–Недахоп вільгаці яравыя культуры адчулі адразу – яшчэ ў фазе прарастання, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Юрый Эдуардавіч Сташкевіч. – 10 красавіка пачалі сеяць, а дождж пайшоў толькі праз тры тыдні. Потым, вядома, збажжына “адпілася”, але… Не, палеткі выглядаюць прыгожа: роўныя, амаль без палегліцы, але ўжо сёння можна спрагназаваць, што ўраджай не будзе рэкордным.


–Азімыя падвялі, – падтрымлівае яго загадчык вытворчага ўчастка Леанід Станіслававіч Мікліс. – На большасці ўчасткаў назіраецца зрэджанасць сцебластою. Хаця…


–Хаця азімая пшаніца, – усміхаецца галоўны аграном, – дала 47 цэнтнераў з гектара. А вось ячмень, які ўбіраем сёння, “цягне” толькі на 35-37 цэнтнераў.


Поле, на якім у гэты дзень працавалі камбайны СВК імя Гашкевіча, відавочна не хацела аддаваць свой ураджай: на пераўвільготненых яго участках пасля праходу ўборачных агрэгатаў заставаліся каляіны літаральна ў калена. А загружаны збожжам МАЗ, выязджаючы з поля, “сеў” так, што яго прыйшлося выцягваць з дапамогай падборшчыка, які так дарэчы працаваў побач.


Памер ячменнага поля не з разраду гіганцкіх – каля пяцідзесяці гектараў, але на яго абмалот калгасныя тактыкі жніва прыслалі ўвесь наяўны склад камбайнаў. Працавала адразу дзевяць машын.


–Звычайна мы дзелім свой уборачны парк на два звяны: камбайны “Ліда–1300” працуюць на абмалоце ячменю, а КЗСы і “Ліда–1600” – на пшаніцы, – тлумачыць Юрый Эдуардавіч. – Але на працягу ўсёй сённяшняй ночы ішоў дождж, таму прыступіць да абмалоту мы змаглі толькі пасля першай гадзіны дня. І то толькі ячменю, які з-за плёнчатасці свайго зерня прамакае менш і высыхае, адпаведна, хутчэй, у той час як голае зерне жыта і пшаніцы траціць лішкі вільгаці запаволена.  Ды і поле – самі бачыце якое: убраць бы яго, пакуль не задажджыла мацней…


–Частыя ападкі не спрыяюць зніжэнню вільготнасці збожжа, – працягвае галоўны аграном. – Нярэдка з раніцы вільгацемер паказвае да 25 працэнтаў, але літаральна праз пару гадзін, дзякуючы ветрыку і сонцу, гэты паказчык зніжаецца да 20-ці. Хаця сушыльнай гаспадарцы, каб давесці збожжа да кандыцыйных 14-ці працэнтаў, усё роўна прыходзіцца працаваць на поўную магутнасць.


Сушыльная гаспадарка СВК імя Гашкевіча – гэта магутная “ЛідАрай”, дзве напольныя сушылкі і дзве М-819. Тым не менш частка збожжа ляжыць на тэрыторыі збожжасклада.


–Не паспяваем, – разводзіць рукамі загадчыца складоў Таццяна Іванаўна Даўляш. – Два дні запар ад камбайнаў паступала па 360 тон збожжа. У “ЛідАрай” усё не загрузіш – розныя культуры, розныя сарты. Тым больш, што збожжа на насенне сушым асобна – на напольных сушылках, каб не знішчыць усходжасць. Але на адкрытых пляцоўках зерне ляжыць нядоўга – як толькі вызваляецца месца, загружаем яго ў сушылку. А свежае ад камбайнаў – на пляцоўку. Атрымліваецца своеасаблівы кругазварот.


Працоўны дзень камбайнераў пачынаецца ў сем гадзін раніцы, спецыялістаў – у шэсць. Загадчыца складоў прыходзіць на працоўнае месца крыху пазней, затое пакідае яго, лічы, апошняй – толькі пасля таго, як будзе разгружана апошняя машына збожжа. А аператары сушылак падчас жніва не кладуцца спаць наогул.


–Дзяжурым суткі праз двое. Ці двое праз суткі? Я ўжо страціў арыентацыю ў часе, – паціскае плячыма Славамір Антонавіч Мізула – аператар сушылкі, галоўны энергетык, слесар па абслугоўванню газаправоду… – Для нас галоўнае – вытрымаць тэмпературны рэжым сушкі збожжа і своечасова правесці тэхнічнае абслугоўванне абсталявання, каб сушылкі былі – у поўнай баявой…


Ганнa ЧАКУР.