Астравецкія фермеры з мінскай прапіскай

16:38 / 13.06.2011
7595
1

Восем гадоў назад пералік суб’ектаў гаспадарання Астравеччыны папоўніўся новым сельскагаспадарчым прадпрыемствам – у вёсцы Ізабеліна калгаса “Чырвоны Кастрычнік” на базе былой птушкафабрыкі, якая да таго часу перастала існаваць, а пабудаваная незадоўга да таго матэрыяльная база прыходзіла ў заняпад, была створана фермерская гаспадарка “Астравецкая”, дзе заняліся новай для сябе і для нашага раёна справай — вырошчваннем індыкоў.
За гэты час смак астравецкіх далікатэсаў з індычага дыетычнага мяса стаў вядомы практычна ва ўсёй рэспубліцы. А вось пра людзей, што стварылі гэтае ў нечым унікальнае прадпрыемства, вядома па-ранейшаму мала, хоць партрэт галавы фермерскай гаспадаркі Паўла Мікалаевіча Юрмашава занесены на раённую Дошку гонару.
Каб ухіліць гэты прабел, мы вырашылі самі бліжэй пазнаёміцца з Паўлам Мікалаевічам і яго намеснікам і паплечнікам Леанідам Яўгенавічам Навагранам і пазнаёміць з імі нашых чытачоў.


—Напачатку – давайце пазнаёмімся: хто вы, адкуль, якім ветрам вас занесла ў сельскую гаспадарку ўвогуле і на Астравеччыну – у прыватнасці?
Павел Юрмашаў:
—Аб тым, што спадарожным, не скажаш пры ўсім жаданні.
Нарадзіўся я ў Полацку ў сям’і ваеннага. Гэтая акалічнасць абумовіла тое, што дзяцінства праходзіла ў розных мясцінах тады яшчэ Савецкага Саюза. І  ў многім – выбар прафесіі: пасля школы я паступіў у Мінскае ваеннае вучылішча. Пасля служыў у групе савецкіх войск у Германіі, у Ленінградскай ваеннай акрузе. Заканчваў службу ўжо ў незалежнай Беларусі і ў запас звальняўся з беларускай арміі.
Ішлі ліхія 90-я, прадпрыемствы ў большасці сваёй стаялі  ці дыхалі на ладан. Падаўся ў камерцыйныя структуры – працаваў, затым стварыў свой невялікі бізнес. Паспрабаваў сябе ў розных сферах – і гандлем займаўся, і нейкую перапрацоўку спрабаваў асвоіць, і ў Расіі працаваў… Пакуль не загарэўся ідэяй птушкагадоўлі.
—З Леанідам Яўгенавічам вы саслужыўцы?
Леанід Навагран:
—Ну што вы – я ў арміі ўвогуле не служыў. Закончыў энергафак Беларускага тады яшчэ політэхнічнага інстытута, працаваў у галіне аптычнага электрапрыборабудавання, прасцей кажучы – лазернай тэхнікі. Работа была цікавая і, як напачатку здавалася, — перспектыўная. Але здарылася перабудова з усімі яе наступствамі, у тым ліку і канверсіяй, нашы навуковыя распрацоўкі сталі нікому непатрэбны, усе праграмы пусцілі пад нож… Нічога іншага не заставалася — таксама падаўся ў камерцыю, таксама займаўся рознымі справамі і напрамкамі дзейнасці: вырошчванне грыбоў-вешанак, сыраварная справа, мукамольная вытворчасць, перапрацоўка мяса…
Так што да птушкагадоўлі мы з Паўлам прыйшлі кожны сваім шляхам. Але, калі пазнаёміліся ў 2002 годзе, і ў аднаго, і ў другога ўжо выспявала такая ідэя.
—Зрэшты, адкуль яна ўвогуле ўзнікла ў ваеннага сувязіста і спецыяліста па лазернай тэхніцы?
Павел Юрмашаў:
—Усё заканамернае – выпадкова. Ці наадварот?
Неяк сябры маіх сяброў, што жылі ў Польшчы, запрасілі да сябе ў госці. Там я ўпершыню і ўбачыў прадпрыемства, на якім вырошчваліся індыкі, затым мяса іх перапрацоўвалася і з яго выраблялася розная смаката. “Чаму б і табе не паспрабаваць?” — прапанавалі тады мне. Спачатку гэтая прапанова падалася мне бязглуздай: дзе я, а дзе птушкагадоўля? Але думка ў галаву засела. Недзе год я яе “думаў”.
А потым адбылася лёсавызначальная сустрэча з Леанідам, які да таго часу ўжо таксама “падсеў” на ідэю птушкагадоўлі.
Мы працягвалі рухацца да гэтага кожны сваім шляхам. А калі зноў сустрэліся ў 2003 годзе, крытычная маса, што называецца, набралася: без доўгіх ваганняў вырашылі паспрабаваць.
Хоць нельга сказаць, што ўсё адбылося з бухты-барахты: пасядзелі, пагаварылі – і вырашылі вырошчваць індыкоў. Леанід увогуле займаўся гэтай тэмай больш як паўтара года: распрацоўваў падрабязны бізнес-план, пралічваў эканоміку будучага прадпрыемства, распрацоўваў тэхналагічныя інструкцыі, шукаў пастаўшчыкоў абсталявання… Бізнес стварыць – не так проста, як можа падацца, асабліва ў тыя часы. Вопыту не было не толькі ў нас – увогуле ніхто ў краіне не мог нас гэтаму навучыць, да ўсяго даводзілася даходзіць самастойна.
—Вынаходзілі веласіпед?
Леанід Навагран:
—Хутчэй імпартавалі дэталі да яго.
Мы шмат ездзілі па свеце: Расія, Літва. Польшча, Германія, Галандыя… Глядзелі, як працуюць падобныя прадпрыемствы – і дробныя, і буйныя. Нешта нам падказвалі, нешта мы “падглядвалі”… Зрэшты, абсталяванне для гэтай вытворчасці хоць і ёмістае – у сэнсе аб’ёму, але нічога асабліва складанага ў ім няма. Разабрацца не цяжка…
—А як два мінчаніны з ідэяй стварэння індычай птушкафермы апынуліся на Астравеччыне?
Леанід Навагран:
—Усё вельмі проста. У 2001 годзе быў набыты даведнік “Аграбізнес Беларусі”, у якім вельмі дакладна і падрабязна  распісаны ўсе сельгаспрадпрыемствы рэспублікі і іх спецыялізацыя. Цікавілі тыя, дзе займаліся птушкагадоўляй, у радыусе 200 кіламетраў ад сталіцы з Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей, Магілёўскую і Гомельскую не разглядалі. Такім чынам набралася 60 падобных прадпрыемстваў. Затым абзванілі ўсе – і метадам выключэння ў спісе засталося тры, у тым ліку і калгас “Чырвоны Кастрычнік” Астравецкага раёна, дзе тэарэтычна можна было ўзяць у арэнду пустуючыя памяшканні былой птушкафабрыкі.
Галоўным фактарам нашага “прызямлення” на Астравеччыне стала тое, што тут кіраўніцтва райвыканкама пайшло насустрач:  яго старшыня Адам Дзмітрыевіч Кавалька выказаў зацікаўленасць у развіцці гэтай справы і паабяцаў падтрымку.
Павел Юрмашаў:
—Асабіста я першапачаткова больш схіляўся да Смалявіцкага раёна. Але абстаноўка там была вельмі ж мутная… А бізнес, як вядома, ідзе туды, дзе атмасфера больш ці менш празрыстая. Нам вельмі спадабаліся адносіны да нашай задумы ў Астраўцы. І сёння можна сказаць, што без падтрымкі старшыні райвыканкама усё б ішло даўжэй і цяжэй. Бо на самой справе ўсё аказалася нашмат больш складана, чым уяўлялася спачатку. Узяць хоць бы газіфікацыю, якой мы заняліся перш за ўсё, яшчэ ў 2003 годзе. Мы важдаліся з гэтым больш як паўгода, а каб не асабістая падтрымка Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, то і за год ці ўправіліся б, столькі ўсялякіх дакументаў патрабавалася, столькі ўзгадненняў, экспертыз трэба было прайсці – і ўсюды чакаць, і нікому няма справы да таго, што ў цябе – птушка…
Для бізнесу самае важнае – каб не перашкаджалі працаваць. Мы ж у чарзе за дзяржаўнымі датацыямі не стаім… А калі яшчэ і дапамагаюць, падтрымліваюць – ці добрым словам, ці справай – аб гэтым кожны бізнесмен можа толькі марыць. У гэтым сэнсе нам пашанцавала.
—Фермерская гаспадарка “Астравецкая” дзейнічае ўжо восем гадоў. Калі параўнаць – з чаго ўсё пачыналася і што яна ўяўляе сабой зараз?
Павел Юрмашаў:
—Пачыналася ўсё з двух арандаваных памяшканняў для ўтрымання птушкі. За першы год работы мы вырасцілі 50 тон мяса, якое ў нас усё оптам забраў адзін холадакамбінат. Першыя тушкі прадавалі ў драўляных скрынках…
Зараз у нас задзейнічаны ўсе дзевяць памяшканняў – кожны год мы дабаўлялі ў сваю гаспадарку па аднаму-два — колькі маглі “асіліць”: хапала ўласных сродкаў купіць камплект абсталявання – бралі ў арэнду будынак, разлікі паказвалі, што можам дазволіць сабе ў лізінг ці за крэдытныя рэсурсы набыць яшчэ адзін камплект – “засялялі” яшчэ адзін…
За мінулы год рэалізавана больш за 700 тон упакаванай мясной прадукцыі. Астравецкіх індыкоў сёння ведаюць ва ўсёй рэспубліцы, мы працуем з усімі буйнейшымі магазінамі, маем уласную гандлёвую сетку ў розных гарадах. Наша прадукцыя падабаецца спажыўцу і карыстаецца попытам. Не ў апошнюю чаргу таму, што пільна сочым за якасцю.
Хоць і разумеем, што эфектыўнасці вытворчасці нам пакуль не хапае, трэба прыводзіць яе да еўрапейскіх мерак.
—Каманду за гэты час паспелі стварыць? Па якіх якасцях падбіраеце людзей?
Павел Юрмашаў:
—Сёння – час прафесіяналаў, яны патрэбны ў любой справе, а ў нашай – асабліва. Мы з Леанідам  адчуваем, што нам не хапае спецыяльных ведаў. І таму стараемся запрасіць на работу  кваліфікаваных спецыялістаў.
Сёння, на шчасце, у нас ужо ёсць такая магчымасць – прапанаваць людзям работу і дастойную зарплату, нармальныя ўмовы працы. Бо калі толькі пачыналі, сядзелі ў крэдытах, абаротных сродкаў не хапала, зарплата ў рабочых была нізкая, умовы працы — прымітыўныя… Сам не разумею: як толькі людзі мяне цярпелі? Я вельмі ўдзячны ім за гэта – усе разам мы, спадзяюся перажылі самыя цяжкія часы.
—Сёлета, пасля васьмі гадоў працы, калі ўсе сродкі ўкладваліся ў развіццё гаспадаркі, вы нарэшце дазволілі сабе перабрацца ў новы, дастойны офіс з усім неабходным наборам службовых і бытавых памяшканняў…
Павел Юрмашаў:
—Ды нічога асаблівага ў гэтым офісе няма – звычайныя нармальныя ўмовы… Ну канешне, людзям працаваць цяпер больш зручна, чым раней, калі ўсе туліліся ў двух прыстасаваных  кабінетах… Але мы – людзі да камфорту непатрабавальныя, і каманда ў нас падабралася падобная, нараканняў не ўзнікала.
А гэты  офіс мы стварылі ў першую чаргу таму, што цяпер да працы спецыялістаў прад’яўляюцца вельмі высокія санітарныя патрабаванні – і неабходна  забяспечыць  іх на рабочых месцах тэхнолагаў, ветэрынараў, заатэхнікаў. Ну і для ўсіх іншых спецыялістаў – таксама.
—Ваша прадукцыя пастаўляецца толькі на ўнутраны рынак ці на экспарт  таксама?
Павел Юрмашаў:
—У 2006-2007 гадах мы частку птушынага мяса пастаўлялі ў Расію, і прадукцыя наша падабалася расійскім спажыўцам. Але пазней адмовіліся ад экспарту: беларускі рынак паглынаў усё і па прымальнай для нас цане. Трэба сказаць, што сур’ёзных канкурэнтаў у нас да гэтага часу няма, ва ўсякім выпадку, на рынку мы з імі не перасякаемся, сферы інтарэсаў не дзелім. І на сённяшні дзень, нават калі б узніклі яшчэ два ці тры прадпрыемствы, падобныя нашаму, прадукцыя іх была б запатрабавана.
Але апошнім часам у сувязі з узнікшым крызісам мы проста вымушаны шукаць спажыўцоў за межамі краіны – каб зарабіць валюту і стварыць нейкую “падушку бяспекі”. У тэрміновым парадку атрымліваем усе ўзгадненні, дазволы і г.д. і будзем зноў пастаўляць сваю прадукцыю у Расію – пакупнікі ўжо ёсць. У нас няма іншага выйсця: цэны на пшаніцу растуць неймаверна і непрагназуема – гэта пры тым, што яе практычна няма. Акрамя таго, птушка не расце без бялку – сланечнікавага і соевага шроту, мы па-ранейшаму закупляем па імпарту за валюту маладняк – у Беларусі яго проста няма. Пагэтаму валюта нам неабходна, і трэба зарабляць яе, пастаўляючы сваю прадукцыю на экспарт – тым больш, што попыт  існуе.
—Наколькі я ведаю, памяшканні, якія раней бралі ў арэнду, ужо сталі вашай уласнасцю?
Павел Юрмашаў:
—Так, мы іх выкупілі сёлета. У нас  не было іншага выйсця. Трэба працаваць, развівацца: бурыць глыбінную свідравіну – для вырошчвання якаснага мяса яна мае зусім не другараднае значэнне. Неабходна пракладваць каналізацыю, укладваць грошы ў пад’язныя шляхі. У планах – будаўніцтва камбікормавага цэха, гэта таксама патрэба дня, уласныя збалансаваныя кармы нам  неабходны. А калі гэта арандуемыя будынкі, чужая тэрыторыя, то які сэнс несці ўсе гэтыя немалыя затраты?
—Пашырацца вам, наколькі я разумею, ужо няма куды – усе памяшканні задзейнічаны?
Павел Юрмашаў:
—А трэба! З улікам выхаду на знешні рынак, аб чым мы гаварылі, неабходна нарошчваць вытворчасць.
Канешне, у сённяшняй крызіснай сітуацыі цяжка гаварыць і нават думаць пра новае будаўніцтва, але нейкае выйсце шукаць  неабходна.
Увогуле, каб жыць, развівацца, трэба пастаянна рухацца наперад. І потым – я проста не магу інакш, натура такая.
Зрэшты, гэта хвароба большасці людзей бізнесу: на рабоце праводзіць нашмат больш часу, чым дома, з сям’ёй.
Хоць сям”я ўжо да гэтага прывыкла і ўсё разумее.


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.

Комментарии
0
Гость
Просим выслать в наш адрес (E-mail) адрес Островецкого фермерского хозяйства для передачи коммерческого предложения по поставке оборудования цеха убоя индюков и мн. др.
ОДО "Белагромашстрой"г Минск, тел + 044 720-68-88 Юрий.
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений