Дзяржава гатова ісці насустрач прадпрымальным людзям

13:30 / 22.04.2011
8039

На тэрыторыі Астравецкага раёна дзейнічаюць больш за 90 камерцыйных арганізацый і больш за 320 індывідуальных прадпрымальнікаў. У 2010 годзе камерцыйныя арганізацыі выплацілі 2,7 мільярда рублёў падаткаў, што склала 13,5 працэнта паступленняў у бюджэт нашага раёна, а індывідуальныя прадпрымальнікі забяспечылі 5 працэнтаў паступленняў у бюджэт – выплачана больш за 1 мільярд рублёў розных падаткаў і плацяжоў. Нядаўна створаныя прадпрыемствы ў бягучым годзе забяспечылі 6,7 працэнта паступленняў – гэта лепшы паказчык у вобласці.



Аб развіцці дзелавой актыўнасці раёна ў год прадпрымальнасці гутарка з начальнікам аддзела эканомікі Астравецкага райвыканкама Андрэем Віктаравічам Зоркам

– Як, на ваш погляд, адаб’ецца год прадпрымальнасці на эканоміцы краіны? Якія меры прымаюцца органамі ўлады для паляпшэння прадпрымальнасці нашых суайчыннікаў?
– Стварэнне спрыяльных умоў для развіцця і праяўлення прадпрымальнасці і дзелавой ініцыятывы на ўсіх узроўнях кіравання, ва ўсіх сферах працоўнай дзейнасці, безумоўна, станоўча адаб’ецца на развіцці эканомікі і грамадства ў цэлым. Год прадпрымальнасці мае на мэце развіццё інтэлектуальнага, творчага патэнцыялу чалавека, пошук новых ідэй, тэхналогій і інавацый, пераадоленне псіхалогіі сацыяльнай інерцыі, спрыянне прыняццю рызыкоўных, але абгрунтаваных і перспектыўных рашэнняў. У гэты год кожны з нас павінен праявіць кемлівасць і актыўнасць, каб павысіць узровень і якасць свайго жыцця.
Зразумела, гэта павінна быць двухбаковая работа: дзяржава гатова ісці насустрач прадпрымальным людзям. У гэтай сувязі прадугледжваецца прыняцце мер па лібералізацыі дзяржаўнага кіравання, недапушчэнні фактаў валакіты, бюракратызму ў рабоце дзяржаўных органаў, па выкараненню іх празмернага ўмяшання ў дзейнасць прадпрымальнікаў.
– Куды падацца прадпрымальнаму чалавеку, у якога ёсць цікавая ідэя, перспектыўны бізнес-план, але недастаткова сродкаў для адкрыцця сваёй справы? Ці ідзе дзяржава насустрач тым, у каго ёсць жаданне адкрыць свой бізнес?
– Дзяржава праяўляе зацікаўленасць у развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці. Сёння прадпрымальнік можа атрымаць інфармацыйную, маёмасную і фінансавую падтрымку ў мясцовых органах улады. Мы пастаянна інфармуем насельніцтва аб наяўнасці маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ці выкарыстоўваецца неэфектыўна. Зараз мы рыхтуем дакументы на 4 зямельныя ўчасткі, што будуць выстаўлены на аўкцыён для будаўніцтва аб’ектаў гандлю і абслугоўвання.
Грамадзянам, якія стаяць на ўліку як беспрацоўныя, пры жаданні адкрыць свой бізнес і зарэгістравацца ў якасці прадпрымальнікаў выдаецца незваротная субсідыя ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму для адкрыцця бізнесу ў горадзе і 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму – у сельскай мясцовасці. На сённяшні дзень гэта складае 3,3 мільёна і 4,4 мільёна рублёў адпаведна. У мінулым годзе мы выдалі 7 такіх субсідый, у гэтым годзе плануецца выдаць 9. Для атрымання такой дапамогі беспрацоўнаму неабходна скласці бізнес-план у вольнай форме і прадаставіць яго ў райвыканкам.
Інфармацыйную падтрымку пачынаючы прадпрымальнік можа атрымаць як у райвыканкаме, так і ў цэнтрах падтрымкі малога прадпрымальніцтва, якіх у Гродзенскай вобласці ўжо шэсць (бліжэйшы знаходзіцца ў Смаргоні). Задача цэнтра – інфармацыйная падтрымка прадпрымальнікаў, кансультаванне па арганізацыі бізнесу, прававое і бухгалтарскае забеспячэнне. Пачынаючыя прадпрымальнікі могуць звярнуцца ў цэнтр падтрымкі малога бізнесу, дзе ім дапамогуць скласці бізнес-план, падрыхтаваць дакументы для атрымання крэдытаў, выбраць найбольш выгадную сістэму падаткаабкладання, акажуць паслугі па перакладу, бухгалтарскія паслугі.
– Ці ёсць прэферэнцыі для развіцця бізнесу ў малых і сярэдніх гарадах?
– Тым, хто адкрывае бізнес у малых і сярэдніх гарадах, прадастаўляюцца льготныя стаўкі падаткаабкладання, розных узносаў і плацяжоў. Да прыкладу, калі вы вырашылі заняцца бізнесам у сферы гандлю, то сума адзінага падатку для адкрыцця сваёй справы ў Мінску будзе істотна большай, чым у Астраўцы.
– Якая задача ў год прадпрымальнасці пастаўлена перад кіраўнікамі прадпрыемстваў раёна?
– Год прадпрымальнасці патрабуе ад кіраўнікоў прадпрыемстваў нестандартных падыходаў да арганізацыі работы. Стаўку варта рабіць на прыбытковую вытворчасць, нарошчванне экспартнага патэнцыялу, а гэта магчыма пры ўмове выпуску запатрабаванай, якаснай і канкурэнтаздольнай па цане прадукцыі.
– Якія прадпрыемствы раёна рэалізоўваюць новыя праекты?
– Паспяхова ў гэтым годзе працуе жыллёва-камунальная гаспадарка. Для развіцця сваёй вытворчасці і паслуг прадпрыемства набыло машыну гарызантальнага бурэння для пракладкі камунікацый, шчападрабільную машыну высокай прадукцыйнасці. На падыходзе рэалізацыя праекта па арганізацыі лесапільнай і дрэваапрацоўчай вытворчасці на свабодных плошчах былога камбіната будаўнічых матэрыялаў.
Завод “Радыёдэталь” набыў лінію па вырабу новай для нашага рэгіёна прадукцыі – металапрофілю і металачарапіцы.
Астравецкае райспажыўтаварыства працуе ў гэтым годзе над рэалізацыяй трох праектаў: рэканструкцыя сталовай “Лаванда” ў пасёлку Гудагай, будаўніцтва новага магазіна па вуліцы Валадарскага і новага магазіна ў Бялькішках на месцы старога.
Прыватнае прадпрыемства “ДзяткоБуд” з мэтай развіцця вытворчасці набыла растворабетонны вузел, формы для вытворчасці жалезабетонных вырабаў для круглых калодзежаў водаправода і каналізацыі, накрывак да іх, блокаў фундаментных. Акрамя таго, прадпрыемства развівае сваю дзейнасці і ў сферы будаўніцтва – выступае генеральным падрадчыкам будаўніцтва 5 дамоў для сельскагаспадарчых арганізацый, плануе заключыць дагаворы яшчэ на 5 дамоў. У перспектыве – набыццё лентачнай піларамы, а таксама абсталявання для вырабу вокнаў і дзвярэй з ПВХ – зараз вядзецца будаўніцтва яшчэ аднаго цэха. Кіраўнік прадпрыемства рыхтуе дакументы на адкрыццё фермерскай гаспадаркі для вядзення рыбнай гаспадаркі, наладжванне агратурызму. Плануемы тэрмін рэалізацыі гэтага праекта – 2014 год.
Безумоўна, усё гэта стала магчымым найперш дзякуючы ініцыятыўнасці і энтузіязму кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў.
– Якія яшчэ цікавыя праекты будуць рэалізоўвацца ў раёне ў бліжэйшым будучым? Ці будуць развівацца міжнародныя кантакты?
– У сувязі з тым, што наш горад у перспектыве будзе расці і развівацца, інвестары сталі праяўляць цікавасць да Астравецкага раёна. Мы ўжо заключылі тры інвестыцыйныя дагаворы з кампаніяй з турэцкім капіталам па будаўніцтву гасцініцы ў Астраўцы, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу ў Катлоўцы, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Альхоўцы. Ужо вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі.
Да 2012 года плануем рэалізаваць 10 прыярытэтных праектаў розных накірункаў у сферы прыдарожнага сэрвісу, па васьмі з іх работа ўжо вядзецца.
Паступае шмат прапаноў ад літоўскіх кампаній па арганізацыі ў нас свайго бізнесу, але яны пакуль у стадыі прапрацоўкі.
Так што людзям ініцыятыўным, прадпрымальным ёсць дзе рэалізаваць свае праекты і планы. І не толькі ў год прадпрымальнасці.


Гутарыла Вольга ШОЎКУН.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений