Інвестыцыйны клімат у Гродзенскай вобласці

16:10 / 12.04.2011
8628

Пытанне прыцягнення інвестыцый застаецца актуальным як для Гродзенскай вобласці, так і для краіны ў цэлым. Улады вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю малога і сярэдняга бізнесу, бо разумеюць, што ў перспектыве менавіта гэты бізнес стане асновай эканомікі. Аб гэтым размова ішла на прэс-канферэнцыі па тэме “Інвестыцыйны клімат у Гродзенскай вобласці”, якая прайшла 7 красавіка ў Гродне.


Удзел у прэс-канферэнцыі прынялі старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Міраслаў Сарасек, дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Аляксандр Панамароў, дырэктар Гродзенскага абласнога інвестыцыйнага агенцтва Андрэй Паўлоўскі, намеснік кіраўніка адміністрацыі “Гроднаінвест” Дзмітрый Ражкоў і намеснік начальніка ўпраўлення прадпрымальніцтва і спажывецкага рынка камітэта эканомікі аблвыканкама Аляксандр Карасцін.
Сустрэчу распачаў Міраслаў Сарасек, які адзначыў станоўчую дынаміку ў развіцці дзелавой актыўнасці рэгіёна. Так, у вобласці зарэгістравана 6661 камерцыйная арганізацыя (у 2009 годзе іх было 6154), 28 635 індывідуальных прадпрымальнікаў (у 2009 годзе – 27 087), функцыянуюць 195 аграсядзіб, ажыццяўляюць дзейнасць 600 рамеснікаў. Расце роля прадпрымальнікаў у фарміраванні даходнай часткі бюджэту: малым бізнесам забяспечваецца больш за 20 працэнтаў паступлення ў бюджэт. Па словах Міраслава Сарасека, падатковыя паступленні ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва склалі ў 2010 годзе 445,9 мільярда рублёў.
Актывізацыя малога бізнесу стала магчымай дзякуючы развіццю інфраструктуры падтрымкі прадпрымальнікаў. Сёння прадпрымальнік можа атрымаць канкрэтную дапамогу не толькі ў мясцовых органах улады, але і ў цэнтрах падтрымкі малога прадпрымальніцтва (іх у Гродзенскай вобласці ўжо 6, а таксама адзін інкубатар малога прадпрымальніцтва). Дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Аляксандр Панамароў расказаў аб павелічэнні фінансавай падтрымкі суб’ектам малога прадпрымальніцтва. Так, у 2010 годзе пад стварэнне 321 новага працоўнага месца было выдзелена бюджэтных пазык на суму 5,6 мільярда рублёў, 362 беспрацоўныя атрымалі 1,2 мільярда рублёў субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. У гэтым годзе са сродкаў абласнога бюджэту на фінансаванне інвестыцыйных праектаў суб’ектаў малога прадпрымальніцтва выдзелена 20 мільярдаў рублёў.
У пачатку бягучага года па ініцыятыве губернатара быў створаны “Гродзенскі абласны інвестыцыйны цэнтр”. Яго дырэктар цэнтра Андрэй Паўлоўскі расказаў пра задачы арганізацыі, асноўная з іх – прыцягненне прамых замежных інвестыцый. Тут акажуць дапамогу ў пошуку замежных партнёраў, у вядзенні дзелавых перагавораў.
Затым сустрэча перайшла ў рэжым дыялогу ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Журналістаў цікавілі пытанні продажу інвестарам маёмасці, якая не выкарыстоўваецца. Яшчэ адной тэмай размовы сталі найбольш буйныя інвестыцыйныя праекты, што будуць рэалізаваны ў бягучым годзе. Журналісты цікавіліся, наколькі Гродзенская вобласць прывабная для інвестараў і якія рэгіёны выклікаюць найбольшы інтарэс. Міраслаў Саросек адзначыў шэраг пераваг вобласці – гэта геаграфічнае становішча (рэгіён мяжуе з Літвой і Польшчай), кадравы патэнцыял, развітая інфраструктура. А сярод рэгіёнаў, якія выклікаюць найбольшы інтарэс у інвестараў, быў адзначаны і паўночны – Смаргонскі, Ашмянскі і Астравецкі раёны. У сувязі з будаўніцтвам АЭС інвестары сталі праяўляць цікавасць да нашага раёна, тут плануецца пабудаваць гасцініцу, аб’екты прыдарожнага сервісу, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. А Ашмяншчына ўвогуле прызнана раёнам, дзе створаны лепшыя ўмовы для развіцця бізнесу.
Прэс-канферэнцыя была цікавай і змястоўнай. Прадстаўнікі СМІ выказалі спадзяванне, што такая сустрэча будзе не апошняй.


Вольга ШОЎКУН.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений