Метамарфозы старога рынку

12:07 / 29.09.2010

У той час, калі на месцы сённяшняй “Камароўкі” не было нават і вёскі, у Міхалішках ужо ва ўсю віравала гандлёвае жыццё. Праўда, з часам паселішча пад Мінскам увекавечыла сябе ў назве самага знакамітага беларускага рынку, а ад былой славы міхалішкаўскага кірмашу засталіся толькі запісы ў інвентарах ды сумныя ўспаміны мясцовых старажылаў…


Ідэя будаўніцтва мястэчка ў выгадным месцы на перасячэнні Віліі і Віленска-Полацкага тракту належала тагачасным уладарам маёнтка Радзівілам. Кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт І ідэю падтрымаў і спецыяльным прывілеем дазволіў яе рэалізацыю. На жаль, па шэрагу прычын дабіцца жаданага Радзівілам так і не ўдалося.
Амаль праз 100 гадоў ужо наступныя гаспадары Міхалішак – Бжастоўскія – задумку сваіх папярэднікаў давялі да ладу, пацвердзілі прывілей у тагачаснага караля Уладыслава ІV, і на яго падставе Ян Уладзіслаў Бжастоўскі выдаў ужо свой прывілей, у якім загадваў міхалішкаўскаму старасце залажыць на беразе Віліі мястэчка і арганізаваць у ім штотыднёвыя таргі і кірмашы раз у год. Местачкоўцы на 10 гадоў вызваляліся ад падаткаў, а перавоз праз раку ў дні таргоў і кірмашоў павінен быў ажыццяўляцца бясплатна. Аб усім гэтым старасту загадвалася абвясціць ва ўсіх навакольных землях.
Калі верыць Янку Купалу, яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя слава аб Міхалішкаўскім кірмашы прасціралася далёка за межы мястэчка. Як інакш растлумачыць радасны ўздых Паўлінкі ў першай дзеі вядомай камедыі: “Заўтра Пакровы… У Міхалішках кірмаш…”?
У той час ён знаходзіўся на плошчы перад касцёлам, зусім побач з дарогай. Пляц быў “засланы” брукам. Паколькі гандлявалі проста з вазоў, а коні знаходзіліся тут жа, была ўладкавана няхітрая сістэма каналізацыі ў выглядзе неглыбокіх канавак. Яны ж дзялілі ўсю плошчу на гандлёвыя рады.
Па ўспамінах старэйшых людзей, купіць тут можна было літаральна ўсё: ад жывёлы да рамесных вырабаў, прадуктаў харчавання і адзення. А мяркуючы па даволі частых знаходках у агародах местачкоўцаў манет самых розных краін, купцы тут былі не толькі мясцовыя.
У савецкія часы рынак у Міхалішках паступова стаў прыходзіць у заняпад. Увогуле гэта цалкам адпавядала дзяржаўнай палітыцы па падтрымцы калектыўных, дзяржаўных форм гаспадарання, у тым ліку і гандлю. Прыватны ж гандляр, хоць бы і з рабоча-сялянскай закваскай, у гэтую сістэму ніяк не ўпісваўся.
Таму найперш рынак прыбралі з галоўнай плошчы – ад вачэй далей. А на яго месцы ўзвялі сельскі клуб, выкарыстаўшы пры будаўніцтве той самы брук, які ляжаў на плошчы, і залажылі сквер. У выніку духоўная святыня амаль напалову схавалася за ўстановай культуры, а плошча згубіла сваё першапачатковае, характэрнае для старажытных паселішч архітэктурнае аблічча.
Сам жа рынак, як ні дзіўна, яшчэ доўгі час працягваў існаваць. Асартымент тавараў, канешне, паменшаў, але па-ранейшаму тут можна было набыць ці прадаць карову, парася, “паласавацца” райсаюзаўскай камсой не першай свежасці ці нават прыкупіць сякі-такі дэфіцыт з “нагрузкай” у выглядзе расталых, зліпшыхся ў адзін камяк ледзянцоў. А яшчэ – набыць дамашняе сметанковае масла. Сапраўднае – злёгку падсоленае і злепленае сталовай лыжкай у форму горкі.
Калі ж на рынак прыязджалі палякі, ён ператвараўся ледзь не ў кландайк. Гэта для некага, распешчанага частымі паездкамі ў капіталістычныя краіны, Польшча не была замежжам. А для нашых людзей – яшчэ якім! Незнаёмы пах прывазнога шырспажыву нязвыклых яркіх колераў кружыў галаву мясцовым модніцам. Дзеці ж глыталі слінкі пры адным толькі выглядзе жуек.
Адзіная, зусім незразумелая, падобная на дзівацтва нязручнасць, спадарожнічала рынку ў гэты час – начны рэжым яго работы. Сэнс гэтай з’явы не паддаецца рацыянальнаму асэнсаванню. Але толькі на першы погляд.
Сапраўдныя знаўцы сцвярджаюць, што ў цемры, пры свеце ліхтара, нават “дохлае” парасё ва ўмелых руках прадаўца можа падацца велічынёй з цяля. Так што тут не бязглуздасць, а сапраўдная філасофія – дзе нязручна аднаму, абавязкова зручна другому!
Як ні дзіўна, але канчатковую рысу пад амаль 400-гадовым існаваннем Міхалішкаўскага рынку падвяла менавіта рыначная эканоміка. Тады, калі стала можна ўсё – ў тым ліку і свабодна гандляваць, чым душа пажадае, мясцовы рынак якраз і перастаў існаваць. Часткова – з-за таго, што не вытрымаў канкурэнцыі са шматлікімі палаткамі, павільёнамі, вялікімі і малымі магазінамі, якія сталі расці, нібы грыбы пасля дажджу – ў першую чаргу ў гарадах.
А часткова таму, што ў гэтай канкурэнцыі рынак проста здаўся на літасць пераможцы. Тады, у канцы 80-х, мясцовыя ўлады нават пальцам не паварушылі, каб на гэтым бойкім месцы арганізаваць нешта больш выгаднае, чым гандаль парасятамі. Справядлівасці дзеля трэба прызнаць, што тады і сапраўды не да гэтага было. Калі рушылася краіна, каму была справа да нейкага там рынку?
Сёння тое, што ад яго засталося – а засталося, трэба прызнаць, няшмат, а дакладней, нічога – мясцовыя жыхары інакш, як «свінячым базарам» не называюць. Хоць гандлююць тут парасятамі, а не свіннямі.
Гандаль ідзе і оптам, і ў розніцу. Канешне ж, ноччу – традыцыя! Праўда, іншым часам графік парушаецца. Адбываецца гэта з-за таго, што кожны паважаючы сябе прадавец імкнецца прыехаць на месца гандлю раней за канкурэнтаў. Хаця б на гадзіну. Канкурэнты, што называецца, таксама не лапцем боршч хлябаюць – і ў наступны базарны дзень з’яўляюцца на рынку яшчэ раней.
Такая “тэхналогія” некалі ў 90-я гады ссоўвала гадзіны гандлю не толькі ўнутры сутак, а нават тыдня! Прыязджае пакупнік за парасятамі, скажам, у нядзелю – і даведваецца, што рынак закончыўся яшчэ ў суботу. А праз месяц ці два вялацякучым спосабам ён перасоўваўся ўжо на пятніцу – і так да чарговай нядзелі. Пакуль прадаўцы, апынуўшыся ў палоне ўласнай сквапнасці, мерзлі на рынку і з надзеяй пазіралі на кожны аўтамабіль, што праязджаў міма, пакупнікі абрывалі тэлефоны мясцовых жыхароў з надзеяй даведацца, калі ж у Міхалішках працуе рынак. Дарэчы, многіх цікавяць подержанные автомобили. І ніхто ўпэўнена аб гэтым не мог сказаць! Нібы гаворка ішла не аб “парасячым базары”, а сама меней аб сустрэчы гандляроў зброяй.
Ці не кожны новы сельскі “галава” імкнуўся паўплываць на сітуацыю – ладзілася дзяжурства службовых асоб, гандляроў ушчувалі, саромілі, заклікалі да сумлення і здаровага сэнсу, несумленных штрафавалі… Усё марна. Да моманту адкрыцця рынку гандаль ва ўсю ішоў на прылеглай тэрыторыі…
Сёння сітуацыя крыху змянілася да лепшага. Прынамсі, вядома, што рынак працуе па чацвяргах. Што ж да часу, то дакладна яго не паведаміць, напэўна, ніхто. Аб пачатку гандлю можна меркаваць толькі па пранізліваму віску парасят. Ды і то – калі пакупнікі ёсць.
“Заўтра Пакровы… У Міхалішках кірмаш…” Як ні прыкра, але гэтыя словы назаўсёды засталіся ў мінулым. І тое, што прынесла вядомасць мястэчку, дзякуючы чаму яно і ўзнікла на скрыжаванні важнейшых гандлёвых шляхоў, не вернецца больш ніколі.
А само мястэчка будзе жыць! Як і тры стагоддзі таму, будзе бачыць сваё адлюстраванне ў Віліі Міхалішкаўскі касцёл. Будуць некуды спяшацца па Віленска-Полацкаму тракту людзі. Будуць ладзіць у вёсцы фестывалі і святы. І гандляваць будуць! Толькі ў крамах з бліскучымі вітрынамі і кандыцыянерамі пад сталяваннем.
А рынак у Міхалішках ужо стаў гісторыяй…


Эдуард ІВАНАЎ.