Как проходит зимовка на молочно-товарном комплексе "Германишки"
10:28 / 21.01.2017

Даведацца, як зімуе жывёла на комплексах і фермах, мы аправіліся на МТК “Германішкі” ДП “Гудагай”.


– Лічыцца, што сучасныя малочна-таварныя комплексы не прыстасаваны да нізкіх тэмператур, – аднак маразы мы перажылі спакойна: своечасова ўцяплілі кароўнікі, трымалі шчыльна закрытымі дзверы, – расказвае Галіна Аляксандраўна. – Сістэма гноевыдалення ў гэтыя дні працавала без збояў, у паілкі паступала цёплая вада, а каровы своечасова атрымлівалі корм – словам, нічога ў рабоце комплексу не змянілася.

Незалежна ад тэмпературы, на кармавы стол рагуль некалькі разоў на дзень трапляе спецыяльны камбікорм, які ўтрымлівае шэраг энергетычных дабавак.
– Па запрашэнні дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Гудагай” Эдуарда Іванавіча Садоўскага на комплекс прыязджаў спецыяліст з кампаніі “Алнікор”, якая спецыялізуецца на прадуктах новага пакалення ветэрынарнага і заатэхнічнага прызначэння. Ён распрацаваў рацыён, які суадносіцца з надоямі, для кожнай групы кароў, – працягвае Галіна Аляксандраўна. – Напрыклад, першацёлкі дадаткова атрымліваюць порцыю шроту.
МТК “Германішкі” – комплекс з закрытым цыклам: тут знаходзяцца малочныя рагулі, што называецца, сваёй гадоўлі. Дойны статак складае 610 кароў, а ўсяго на комплексе ўтрымліваецца 1 420 галоў буйной рагатай жывёлы.

Разам з начальнікам комплексу перамяшчаемся з камп’ютарнай у даільную залу, дзе адначасова дояцца 36 кароў. Увішныя аператары машыннага даення Ірына Эдвардаўна Свіла і Алена Георгіеўна Ельяшэвіч – усяго на комплексе працуюць чатыры даяркі, па дзве ў змену – хутка і спрытна, літаральна за некалькі секунд падрыхтоўваюць вымя і падключаюць даільны апарат. Каровы, прывучаныя да штодзённай працэдуры, спакойна жуюць жуйку.
Цікаўлюся ў даярак: ці паўплы-валі маразы на іх работу і ў цэлым на надоі?
– Маразы для нас – не перашкода! Нават не адчулі холаду. Мерзне той, хто не працуе, – усміхаюцца жанчыны. – Нам няма калі мерзнуць: на комплексе практыкуюцца тры дойкі; два разы доім толькі кароў перад запускам.
Усё малако, таварнасць якога складае 93 працэнты, пастаўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы выключна гатункам “экстра”.
– На комплексе ўсе “хварэюць” за якасць малака – пачынаючы ад даярак і заканчваючы падгоншчыкамі, – расказвае начальнік МТК “Германішкі”. – Зараз вельмі жорсткія патрабаванні да малака: яно правяраецца не толькі на тлустасць, але і на ўтрыманне антыбіётыкаў і саматычных клетак. Каб палепшыць якасць прадукцыі, мы набылі спецыяльную ўстаноўку, якая прымацоўваецца да даільнага абсталявання. З яе дапамогай малочныя трубы апрацоўваюцца растворам воцатнай кіслаты – ніводзін мікроб не перажыве такую “чыстку”.

МТК “Германішкі” ўжо некалькі гадоў запар трымаецца ў лідарах раённай малочнай вытворчасці. За 2016 год кожная карова ў сярэднім дала 9 500 тоны малака, а валавы надой перавысіў 5,7 мільёнаў кілаграмаў.
– На комплексе 9 груп, падзеленых па лактацыі. Хворыя каровы дояцца асобна, – да размовы далучаецца памочнік начальніка комплексу Яніна Баляславаўна Рзун. – Асаблівы гонар – дзве групы кароў, якія даюць больш за 30 кілаграмаў малака ў суткі. Таксама ў нас ёсць дзесяць “рэкардсменак”, сутачны надой у якіх складае больш за 40 кілаграмаў. Летам такіх высокапрадукцыйных рагуль было дваццаць пяць.
Шпацыруем далей па кароўніку. Варта адзначыць, што тэмпература тут камфортная.
– Сёлета, якраз перад маразамі, мы пайшлі на невялікі эксперымент: ляжанкі засыпалі сухім жоўтым пяском, – расказвае начальнік комплексу Галіна Аляксандраўна Карвэцкая. – Як бачыце, каровы адчуваюць сябе больш утульна.

працуе ў “Германішках” трыццаць гадоў
За сартаванне груп, камп’ютарны ўлік дадзеных фізіялагічнага стану, прадуктыўнасці, ацёлаў на комплексе адказвае заатэхнік-селекцыянер Ірына Аляксандраўна Кузьміцкая, якая нядаўна выйшла на працу з адпачынку па доглядзе за дзіцем. Спецыялісту дапамагаюць парадамі старэйшыя і больш вопытныя калегі.
Ветэрынарны ўрач-гінеколаг Анатоль Генрыхавіч Сільвановіч не толькі пільна сочыць за фізіялагічным станам рагуль і дапамагае ім справіцца з рознымі “болькамі”, але і адказвае за штучнае асемяненне.
– Здавалася б, усе малочныя комплексы падобныя адзін да аднаго, але толькі наш стала “прапісаўся” ў лідарах, – па дарозе ў цялятнік разважае Галіна Аляксандраўна. – Я бачу толькі адну прычыну гэтага: згуртаваны і працавіты калектыў. Кожны імкнецца сумленна выканаць свае працоўныя абавязкі, а не проста адбыць дзень. Работа працаўнікоў залежыць адзін ад другога. Нехта не парупіцца – і адразу адбываецца збой ва ўсёй сістэме.



У цялятніку камфортная для малышоў тэмпература падтрымліваецца з дапамогай дзвюх спецыяльных цеплавых пушак.
Нядаўна на МТК “Германішкі” з’явілася яшчэ адно ноу-хау: спецыяльны камбінезон, які сагравае нованароджанае цяля. Дарэчы, пярэстай цялушцы, якую цялятніцы апранулі ў новую адзежыну, яна, відаць, спадабалася…
…Вопыт зімне-стойлавага ўтрымання жывёлы на МТК “Германішкі” паказаў, што трэба баяцца не маразоў, а гультайства. Калі працаўнікі рупяцца, то і малочныя прагнозы атрымліваюцца толькі з тлустым плюсам.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.