Дуга Струве проходит через Островецкий район

10:00 / 24.07.2014
1
У спісе гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА наша краіна прадстаўлена Белавежскай пушчай, Мірскім замкам, архітэктурна-культурным комплексам Радзівілаў у Нясвіжы і Дугой Струвэ.
Калі тры першыя аб’екты добра вядомыя беларусам, то апошні помнік шырокай грамадскасці амаль невядомы. Між тым, гэты геадэзічны помнік сусветнага значэння праходзіць праз 10 краін Еўропы, перасякае Гродзеншчыну, прычым адзін з яго пунктаў знаходзіцца на Астравеччыне.

З 1816 па 1852 год пад кіраўніцтвам вядомага расійскага астранома Васіля Якаўлевіча Струвэ было праведзена маштабнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыянаў працягласцю 25 градусаў 20 хвілін, або 2880 кіламетраў. На той час яно з’яўлялася самым буйным ў свеце даследаваннем формы і дакладных памераў Зямлі.
Дуга Струвэ пачынаецца з пункта Фугленес на беразе Ледавітага акіяна і доўжыцца да пункта Старая Някрасаўка ў вусці Дуная на беразе Чорнага мора. На гэтым прамежку былі закладзены 265 геадэзічных пунктаў, над якімі былі пабудаваны “сігналы” – трывалыя драўляныя вышкі для правядзення назіранняў. У сваю чаргу гэтыя пункты стварылі ланцуг з 258 сумежных трохвугольнікаў на мясцовасці. Вымераўшы вуглы ва ўсіх трохвугольніках і некалькі іх базісных старон, тагачасныя навукоўцы правялі разлікі усіх старон трохвугольнікаў і, такім чынам, вылічылі адлегласць паміж канечнымі пунктамі Дугі Струвэ.
На Беларусі ў першай палове 19 стагоддзя быў закладзены 31 геадэзічны пункт “Руска-Скандынаўскага” градуснага вымярэння. Пяць самых значных пунктаў з 2005 года прадстаўляюць Дугу Струвэ ў Беларусі. Самы “растыражыраваны” з іх – пункт Тупішкі, што знаходзіцца каля старажытных Гальшан у суседнім Ашмянскім раёне. Але і ўсе іншыя заслугоўваюць увагі і павагі.
Астравецкі пункт “Конрады” наогул мае некалькі каштоўных адметнасцяў. Цікавым у яго “біяграфіі” з’яўляецца той факт, што напачатку 21 стагоддзя менавіта ад яго пачалося аднаўленне месцаразмяшчэння ўсіх астатніх пунктаў Дугі Струвэ на Беларусі. Прыняўшы каардынаты мясцовага геадэзічнага пункта за зыходныя і выкарыстаўшы вымераныя ў 19 стагоддзі вуглы трыянгуляцыйных трохвугольнікаў, сучасныя навукоўцы ад яго павялі пошук іншых беларускіх геадэзічных пунктаў гэтага помніка сусветнай спадчыны.
У наш час пункт “Конрады” з’ўляецца самым паўночным з усіх пунктаў Дугі Струвэ ў Беларусі і сумяшчаецца з пунктам дзяржаўнай геадэзічнай сеткі. Яго месцазнаходжанне першапачаткова пазначалася: Віленскі павет. На карце знаходзіцца паблізу засценка Камароўшчына. Потым яго “прывязалі” да больш населенага і значнага паселішча Конрады, якія сёння вядомы як Кандраты ў Гудагайскім сельскім Савеце.
З сігналу гэтага геадэзічнага пункта ў той час можна было ўбачыць пункты Харунжышкі, Немеж, Беразнякі, Меднікі і Дэйбісі. З пералічаных аб’ектаў толькі апошні пункт Дэйбісі сёння знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў Ашмянскім раёне, усе астатнія размешчаны ў суседняй Літоўскай Рэспубліцы. Цікава, што геадэзічны пункт Беразнякі, які цяпер мае назву Паліепукай, пазначаны сучасным помнікам і прадстаўляе Дугу Струвэ ў Літве.
Тапаграфічныя здымкі ў Віленскай губерні пачаліся ў 1819 годзе і былі скончаны ў кастрычніку 1828 года, але чарцёжныя работы працягнуліся яшчэ да 1830 года. З пункта “Конрады” замяраліся вуглы да суседніх пунктаў ў 1820 і 1827 гадах. Сёння мы ведаем, што ў 1827 годзе даследаванні адбываліся ў ноч з 2 на 3 чэрвеня і 22 ліпеня. У гэтай працы прымалі ўдзел афіцэры Генеральнага штаба: падпаручнік Каменскі, прапаршчыкі Несцераў, Чыжоў і Кошалеў. Вышыня вышкі-сігнала складала 9.76 сажняў (1 сажань = 213,36 см.), надвор’е ў гэтыя дні было ясным і ціхім.
Унікальная праца з дапамогай даволі прымітыўных тагачасных прыбораў мела высокую дакладнасць. Сучасныя кантрольныя вымярэнні з выкарыстаннем спадарожнікавых GPS-прыёмнікаў даюць разыходжанне ад вымераных ў 19 стагоддзі велічынь толькі каля 5 сантыметраў на адлегласці больш за 12 кіламетраў. З такой дакладнасцю маглі зрабіць разлікі толькі высокаадукаваныя і кваліфікаваныя спецыялісты, сярод якіх трэба адзначыць кіраўніка даследаванняў у Віленскай губерні палкоўніка, пазней – генерала Карла Тэнера і нашага земляка, знакамітага навукоўцу Іосіфа Ходзьку. Дарэчы, сваякі І.Ходзькі некаторы час жылі па суседству з геадэзічным пунктам “Конрады” ў маёнтку Лоша.
Праца акадэміка В.Я.Струвэ “Дуга меридиана в 25° 20’ между Дунаем и Ледовитым морем...” заклала падмурак сённяшніх ведаў аб Зямлі і Сусвету. Дуга Струвэ стала найважнейшым дасягненнем у развіцці сусветнай астраноміі, геадэзіі і геаграфіі. Пра што і нагадвае ў Астравецкім краі адзін з яе пунктаў.


Уладзімір ПРЫХАЧ.