На "пять вопросов о главном" ответили те, кто сегодня делает "районку"

13:16 / 29.05.2016
4529
1
журналисты АПМы часта задаём “Пяць пытанняў аб галоўным” нашым рэспандэнтам, з якімі хочам бліжэй пазнаёміць чытачоў.

Напярэдадні 75-годдзя першага выпуску нашай газеты было вырашана тыя ж “пяць пытанняў” задаць супрацоўнікам “Астравецкай праўды”.

1 Ці чыталі б вы сваю газету, калі б не працавалі ў ёй?

2 Каго вы лічыце сваім настаўнікам – “па жыцці” і ў прафесіі?

3 Ці памятаеце вы герояў публікацый і чаму?

4 Ці здараюцца моманты, калі хочацца напіцца, сысці ў манастыр, разбурыць усё навокал? І што робіце ў такіх выпадках?

5 Калі не работа ў рэдакцыі – то што?

Ніна РЫБІК, галоўны рэдактар

1. Лічу, што кожны чалавек павінен чытаць газету таго рэгіёна, дзе жыве – хоць бы для таго, каб ведаць навіны, пра якія не раскажа радыё, не пакажа цэнтральнае тэлебачанне, не напішуць рэспубліканскія газеты. У гэтым і ёсць адметнасць раённых газет: яны пішуць пра людзей, пра справы, гісторыю і многія іншыя аспекты жыцця тых мясцін, дзе жывуць іх чытачы. Так што, калі б я жыла ў Астравецкім раёне, але не працавала ў рэдакцыі, то раённую газету, безумоўна, чытала б.

Іншае пытанне, ці чытала б я “раёнку” ад першага да апошняга радка, як многія нашы чытачы? Калі шчыра, не крывячы душой, то – не: мне падабаецца далёка не ўсё, што змяшчаецца на яе старонках. Але зрабіць “Астравецкую праўду” газетай сваёй мары я не магу з-за шэрагу розных прычын.

Аднак мы, увесь калектыў “раёнкі”, імкнёмся да гэтага – спадзяемся, што нашы чытачы гэта заўважаюць і часам адзначаюць.

2. ”Кожны стрэчны нам – настаўнік” – так я некалі назвала сваю “Калонку рэдактара”, прысвечаную гэтай тэме, і з таго часу мая думка не змянілася. Як і канчатковая выснова таго артыкула: трэба навучыцца вучыцца…

У журналістыцы гэты прынцып таксама працуе. Можна адкрыць любую газету – і вучыцца: знаходзіць тэмы, герояў, нябачныя няўважліваму, але заўважныя для таго, хто хоча вучыцца, падказкі: як будаваць матэрыял, якія задаваць пытанні… Ці таму, як не варта рабіць – такіх урокаў,  на жаль, таксама нямала.

Так што настаўнікаў у жыцці і ў прафесіі ў мяне шмат. Калі ж паспрабаваць выбраць самых-самых галоўных, то гэта, мая маці і мой першы рэдактар Арсен Андрэевіч Сакун.

3. У маі споўнілася 35 гадоў, як я працую ў журналістыцы. За гэты час праз маё жыццё прайшло столькі герояў публікацый, што нават пры вельмі вялікім жаданні немагчыма запомніць іх усіх.

Хоць былі сярод іх асобы знакавыя, успаміны пра якіх захаваліся назаўжды. Некаторыя потым станавіліся не толькі сябрамі па жыцці, але і тымі самымі настаўнікамі, пра якіх я гаварыла вышэй. З многімі мы дагэтуль падтрымліваем сувязі – не скажу, што вельмі цесныя, але дастаткова ведаць, што недзе ёсць чалавек, які жадае табе дабра, – і ад гэтага цяплей на сэрцы…

4. Здараецца – і адно, і другое, і трэцяе. Што раблю? Ды тое і раблю! А калі сур’ёзна, то дазволіць сабе “выйсці з сябе” – занадта вялікая раскоша ў нашым маленькім гарадку, дзе ўсе ўсіх ведаюць. Але, на шчасце, ёсць некалькі вельмі блізкіх людзей, якія заўсёды згодны пабыць у стрэсавых сітуацыях тваёй слёза- і сакрэта-непрапускаючай камізэлькай – дзякуй ім вялікі за гэта.

А яшчэ дапамагаюць аўтаручка і папера – хоць зараз ужо камп’ютар: усё, што вярэдзіць душу, мне трэба выказаць словамі і запісаць – толькі тады сітуацыя набывае яснасць, а згрызота адпускае.

5. …Журналістыка! Хоць па першай адукацыі я – бібліятэкар і з цеплынёй успамінаю самы першы год сваёй працоўнай біяграфіі, калі загадвала сельскай бібліятэкай, – усё ж нікім, акрамя як журналістам, сябе не ўяўляю.

Алена ЯРАШЭВІЧ, намеснік рэдактара

1. НАША “раёнка” заўсёды была ў маім жыцці, з самага дзяцінства. Я помню, як яе чыталі мама і тата, як потым я сама пачала яе чытаць… Менавіта таму яна – НАША, яна – член сям’і, які часам расказваў і пра маіх родных і любімых людзей. А потым я і сама прыдачынілася да стварэння газеты – і стала яе невялікай часткай. Але ўпэўнена: як бы ні склаўся мой лёс, газета, любімая з дзяцінства, будзе ісці побач з маім жыццём і маёй сям’ёй.

2. Вельмі добра, калі ў прафесіі і ўвогуле ў жыцці ёсць настаўнікі, дарадцы, памочнікі. Толькі чалавек часцей за ўсё не жадае вучыцца на чужых памылках і ўпарта робіць свае.

Маімі першымі настаўнікамі ў жыцці былі бацькі, якія выгадавалі і далі адукацыю, вучылі дабрыні і справядлівасці. А таксама настаўнікі, якія вучылі ў школе. Іх – сапраўдных і таленавітых, якія пакінулі след у маім выхаванні, – было шмат. Адна з такіх – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гудагайскай школы Эма Іосіфаўна Лянкевіч. Яе талерантнасць, інтэлігентнасць, цудоўная мова, знешні выгляд захаплялі – заўсёды хацелася быць падобнай да яе. Менавіта Эма Іосіфаўна вучыла мяне пісаць і думаць па-беларуску. І магчыма, калі б не яе ўрокі, я не стала б настаўніцай, а потым і не перакваліфікавалася ў журналісты.

Першым настаўнікам у журналістыцы стала Ніна Аляксееўна Рыбік, якая дапамагла зрабіць першы крок у прафесію і паверыць у свае сілы. Потым – Надзея Сівец, якая ў кожным матэрыяле знаходзіла “ізюмінку” і абавязкова гэта адзначала, Таісія Сямёнаўна Сямёнава, якая дасціпна і талерантна гаварыла пра памылкі. І ўвогуле, усе, хто некалі працаваў і сёння працуе ў нашай газеце, нечаму вучылі. За што ім вялікі дзякуй.

3. За сем гадоў работы ў рэдакцыі такіх было шмат, і кожны з іх запомніўся чымсьці сваім. Асабліва дарагія – самыя першыя: тыя, хто давяраў свае расповеды мне, маладой журналістцы. А таксама – шматдзетныя маці, узнагароджаныя ордэнам Маці, школьнікі, педагогі, людзі, якія працуюць на ўзвядзенні першай Беларускай АЭС, апантаныя кветкаводы і многія-многія іншыя, адказная праца якіх рабіла і робіць нашу краіну больш прыгожай.

4. Напіцца не хочацца, ды і ў манастыр таксама не пайшла б. А вось пабіць, напэўна, магла б!.. Толькі штосьці не дазваляе. Часцей заканчваецца ўсё выплескам эмоцый – і далей усё ідзе роўненька і спакойна. Праўда, так адбываецца толькі дзякуючы мужу, які дзейнічае на мяне супакойваюча, умее выслухаць, зразумець, падтрымаць і дапамагчы.

5. Калі не журналістыка, то, безумоўна, педагогіка – мара дзяцінства і дзесяць гадоў у школе, побач з любімымі вучнямі і таленавітымі педагогамі – усё гэта проста так не праходзіць. Педагагічны след усё яшчэ застаецца ў маім сэрцы – муж і цяпер, аналізуючы мае словы, паводзіны і ўчынкі, часам гаворыць: “Настаўніца – гэта дыягназ”.

А яшчэ, магчыма, ландшафтны дызайн ці фларыстыка – люблю кветкі і стараюся знайсці на іх час.

Але на першым месцы пакуль што журналістыка – спадзяюся, што так яно і будзе!

Алена ГАНУЛІЧ, загадчыца аддзела сельскай гаспадаркі

1. Мой лёс непарыўна звязаны з газетай з дзяцінства, калі я яшчэ не ўмела чытаць, але абавязкова праглядвала “раёнку”. Нават калі б я не працавала ў “Астравецкай праўдзе”, па-ранейшаму заставалася б яе верным чытачом.

2. Мой першы і самы галоўны настаўнік па жыцці – мама. Усім, што ў мяне ёсць – унутраныя якасці, абвостранае ўспрыманне свету, маральныя каштоўнасці, вера, блізкія і любімыя людзі – я абавязана ёй. Мама ніколі не шкадавала на мяне часу і з дзяцінства адкрывала дзівосны свет прыроды: вясну – праз блакітныя вочкі пралесак, лета – праз чырвонакніжныя жоўтыя “ружачкі”, кармленне лебедзяў і збіранне чорных і чырвоных ягадных пацерак, восень – праз грыбы і духмяныя, налітыя сокам яблыкі, а наша зіма была саткана з казак, легендаў і паданняў. Матуля на ўласным прыкладзе навучыла мяне цаніць у кожным у першую чаргу чалавека, а ўжо толькі потым звяртаць увагу на яго сацыяльны статус, прафесію, забяспечанасць. З мацярынскім малаком я засвоіла біблейскі наказ Хрыста: адносіцца да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе. Мама для мяне заўсёды была і застаецца ідэалам жанчыны, маці, гаспадыні – і проста Чалавекам з вялікай літары. Я ведаю: яна мяне прыме любую – шчаслівую і заклапочаную, паспяховую і няўдачлівую.

Закладзены мамай творчы агеньчык у школе заўважыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Іванаўна Кухарэвіч – моцны педагог, таленавітая паэтэса, мастачка і незвычайная жанчына. Я бязмежна ўдзячна Людміле Іванаўне за знаёмства з гісторыяй роднага краю і яе выбітнымі сынамі і дочкамі, за нашы цікавыя паездкі па розных мясцінах Беларусі, за ўдзел у шматлікіх праектах і нашу “Варнянскую хатку”, удзельнікі якой – усе, як адзін! – знайшлі сваё месца ў жыцці і сталі дастойнымі людзьмі.

А яшчэ я ўдзячна лёсу, што маёй дачцэ Аляксандры пашчасціла займацца ў гуртку па маляванні, які вядзе Людміла Іванаўна: заўважыць і развіць у дзіцяці творчы агеньчык – мастацтва, падуладнае адзінкам настаўнікаў.

І я бязмежна ўдзячна лёсу, што ён падарыў мне знаёмства з Нінай Аляксееўнай Рыбік – прафесіяналам ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Ніна Аляксееўна не толькі мудры кіраўнік, таленавіты літаратар і журналіст, на творы якога заўсёды імкнешся раўняцца, але і чалавек з вялікім сэрцам. Цеплыні гэтай жанчыны хапае не толькі на рэдакцыйны калектыў, але і на людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

3. Найбольш мне запомніліся пакутніцкія лёсы маіх гераінь: дзяцінства Таццяны Нікіфараўны Волкавай, якое так і не паспела пачацца з-за несправядлівай, ненажэрнай і бесчалавечнай вайны, напоўненае невыносным фізічным болем юнацтва Наталлі Пятроўны Тапуновай, якое прайшло ў бальнічных сценах; сталенне і пошукі работы, як адзінае выйсце, як экзістэйцыйны сэнс жыцця Марыны Лукашэвіч, і многія іншыя.

Гераіні маіх артыкулаў навучылі мяне дзякаваць Богу за кожнае імгненне жыцця і цаніць яго, як найвялікшую каштоўнасць.

4. Калі верыць псіхолагам, то наша прафесія адна з самых стрэсавых. У выпадках, калі ўсё надакучыла, я выкарыстоўваю вельмі мудрую, на мой погляд, яўрэйскую прыказку: у кожнай невядомай сітуацыі кладуся спаць. А яшчэ вельмі добра дапамагае змагацца з негатыўнымі эмоцыямі фізічная праца.

5. Чым больш паглыбляешся ў журналістыку, тым больш яна прарастае ў цябе. Гэта тая сфера дзейнасці, якую ніяк не адмяжуеш ад асабістага жыцця і не пакінеш на рабоце пасля заканчэння працоўнага дня. Журналістыка – маналог аднаго чалавека, які, калі журналіст – прафесіянал сваёй справы, пераўтвараецца ў дыялог з чытачом, знаходзіць водгук у яго сэрцы. І ты атрымліваеш зваротную сувязь – гэта, безумоўна, адзін з самых прыемных момантаў нашай работы. Журналістыка – стыль жыцця і мыслення, калі рэчаіснасць і людзей успрымаеш праз асаблівую прызму: заўважаеш дэталі і акалічнасці, за якія іншы чалавек нават і не зачапіўся б вокам. Увогуле, журналістам не працуеш, гэтай справай жывеш.

Калі тэарэтычна ўявіць, што мае палюбоўныя стасункі з журналістыкай скончыліся, то я б з задавальненнем стала працаваць мамай чацвярых ці пяцярых дзетак – неабавязкова сваіх. Разам з мужам гадавала б іх дзе-небудзь на хутары ў атачэнні прыроды, кожную вясну палола б агарод, а не людзей, і слухала-чытала не медыйныя паведамленні пра катастрофы, дэфолт і эканамічны крызіс, а жывыя птушыныя спевы. Словам, вярнулася б да сваіх вытокаў…

Вольга ХАЦЯНОВІЧ, загадчыца аддзела эканомікі

1. З нашай “раёнкай” я пазнаёмілася яшчэ да таго, як навучылася чытаць. Бабуля заўсёды выпісвала яе і ўважліва “вычытвала” – ад першай старонкі да апошняй. А я падсаджвалася побач і разглядвала фотаздымкі.  Хоць яны былі чорна-белыя, але прыцягвалі ўвагу тым, што людзі і мясціны на іх часцей за ўсё былі знаёмыя бабулі, і яна вельмі цікава пра іх расказвала.

З “Астравецкай праўдай” я расла, сталела і з вялікім задавальненнем чытала яе, калі студэнткай прыязджала дахаты – гэта быў лепшы спосаб даведацца раённыя навіны, асабліва пра тое, хто ажаніўся і хто нарадзіўся.

Сёння кола навін, якія мяне цікавяць, значна шырэйшае, да таго ж я сама ведаю – хоць бы з твару – многіх людзей, не гаворачы ўжо пра мясціны Астравеччыны, таму чытала бы нашу “раёнку”, нават калі б і не працавала ў рэдакцыі.

2. Безумоўна, самымі галоўнымі настаўнікамі па жыцці ў кожнага чалавека з'яўляюцца бацькі: для дзяўчат – маці, для хлопчыкаў – бацька. Калі мужчыны па сутнасці сваёй – лідары, больш праяўляюць самастойнасць і “набіваюць гузы”, наступаючы на свае “граблі”, то жанчыны аддаюць  перавагу надзейнасці і праверанаму часам вопыту і з задавальненнем выкарыстоўваюць парады маці ці бабулі.

Але і кожнага чалавека, з якім цябе зводзіць лёс, можна лічыць настаўнікам, бо нават адмоўнае і імгненнае чамусьці вучыць і папаўняе запас жыццёвага вопыту.

З настаўнікамі ў прафесіі ўсё больш складана. А можа, наадварот, прасцей: працую журналістам я ўсяго нічога – за гэты час нават вышэйшую адукацыю не атрымаеш, – а пра тое, каб працаваць у сродках масавай інфармацыі, я нават не задумвалася.

Я заўсёды чытала прэсу па дыяганалі, засяроджваючы ўвагу толькі на тым, што найбольш цікавіла, і пазнаёмілася з аўтарамі артыкулаў, толькі калі прыйшла ў рэдакцыю. Таму ў нейкай ступені кожны з цяперашніх калег з'яўляецца маім настаўнікам. Але, безумоўна, найбольшая заслуга ў тым, што ў мяне нешта атрымліваецца, належыць Ніне Аляксееўне Рыбік.

3. Усіх памятаю. Па-першае, іх яшчэ не так і шмат. Па-другое, кожны з маіх герояў – як вялікая і цікавая кніга з уласнай сюжэтнай лініяй і сваім разуменнем жыцця. І стасункі з імі даюць магчымасць узбагаціцца – не толькі новымі ведамі, але і духоўна, – расказаць чытачам нашай газеты пра тых, хто жыве побач з імі, і павялічыць колькасць сяброў.

4. Такія крайнія праявы здараюцца вельмі рэдка і вымяраюцца не днямі, а хутчэй месяцамі. Ды і заканчваюцца яны, як правіла, без рэзкіх дзеянняў. На рабоце стараюся паводзіць сябе як належыць – ціха і мірна, а “спусціць пар” дазваляю сабе дома: ён пад уздзеяннем спакойных разважанняў мужа ператвараецца ў вадкасць і праліваецца шчодрымі слязьмі.

А потым я заміраю, загарнуўшыся ў коўдру, – запускаю працэс душэўнага ўзнаўлення.

5. Упэўнена ў адным: усё трэба рабіць з задавальненнем і ў свой час. Цяпер я журналіст, а што будзе заўтра, сказаць цяжка. Як кажуць, будзе дзень, будзе і ежа.

Марына МАЦКЕВІЧ, загадчыца аддзела інфармацыі і сацыяльных праблем

1. З дзяцінства мне запомніўся выпадак: калі вучылася ў пачатковай школе, хтосьці прынёс “раёнку”, на першай старонцы быў вялікі (мне так здавалася) фотаздымак маёй аднакласніцы разам з маці: жанчына працавала на ферме, а дзяўчынка ў вольны час дапамагала ёй. Многія тады падсмейваліся – напэўна, проста зайздросцілі: гэта ж трэба, у газету трапіла! Такім было першае свядомае знаёмства з “Астравецкай”.

А калі падрасла, любіла гадаць, хто хаваецца за аўтарскімі подпісамі пад артыкуламі – цікава было ўяўляць, што гэта за людзі. А цяпер з некаторымі я працую разам.

Думаю, нашу газету чытала б у любым выпадку – яе амаль заўсёды выпісвалі мае бацькі. Магчыма, не так падрабязна, а толькі праглядвала б па дыяганалі. А можа, наадварот, старанна вывучала б нават дробныя памылкі ў неадпаведнасці ўсходу і заходу сонца ў прагнозе надвор’я і асуджальна ківала б галавой: “Ай-я-яй… Як так можна?” Хто ведае…

2. У нашым калектыве можна павучыцца ў кожнага супрацоўніка – і неабавязкова журналіста. Але ўсё ж вылучу двух чалавек, якія паўплывалі на маю прафесійную будучыню. Гэта Ніна Аляксееўна Рыбік, якая колькі гадоў таму паверыла ў наіўную дзяўчыну з аддаленай Спондаўшчыны і дала магчымасць паспрабаваць сябе ў журналістыцы. А яшчэ – Таіса Сямёнаўна Сямёнава, да якой мяне, учарашнюю школьніцу, “пасадзілі” ў кабінет – і яна лёгка і ненавязліва вучыла і давала каштоўныя парады.

Што тычыцца настаўнікаў у жыцці, то тут на першым месцы, вядома ж, бацькі. А яшчэ старэйшыя брат з сястрой, якія навучылі не толькі вылазіць праз акно з хаты ці ўпотай спрабаваць татаву “Астру”, але і ўзаемадапамозе, адказнасці і ўпэўненасці, што ты – не адна. Сябры, дзякуючы якім я ведаю, што надзейнасць, шчырасць і сапраўдная дружба існуюць.

А яшчэ – я сама, бо, як бы ні хацела, але найлепш за ўсё “навука” даходзіць, калі вучышся не на чужых, а на сваіх памылках.

3. Я памятаю, калі не ўсіх, то многіх, і кожны з маіх герояў пакінуў у памяці своеасаблівы след. Але назаўсёды пакарыў і ўразіў лёс жанчыны з нашай мясцовасці, Яніны Уладзіміраўны Лаўрыновіч (па мужу Мацясовіч) – Жанін, бо яна нарадзілася і скончыла некалькі класаў у Францыі, пакуль бацькі беларусы не вярнуліся на Радзіму. Тут дзяўчына спазнала голад, холад і пакуты, але не страціла дабрыню, спагаду і чалавечнасць. Яна і зараз, нягледзячы на ўзрост і хваробы, заўсёды першай стараецца прыйсці на дапамогу кожнаму. Магчыма, зараз я напісала пра яе лёс зусім па-іншаму – але, напэўна, усё роўна не атрымалася б перадаць усю глыбіню, шчырасць і бескарыслівасць гэтага чалавека.

4. Я натура эмацыянальная – і цярплівасць не мой “канёк”, таму, калі трэба нешта разбурыць, – то тут і зараз, а то да вечара настрой можа дзесяць раз змяніцца. А калі сур’ёзна, то ў такіх выпадках лепш за ўсё або адразу “выпусціць пар”, або проста каб не чапалі гадзіну-другую.

5. Шчыра кажучы, не магу ўявіць сябе на іншым месцы. Праўда, заўсёды падабалася маляваць, чарціць, афармляць, “пэцкаць” паперу – падчас вучобы ўсе канспекты на палях былі размаляваны нейкімі загагулінамі. Магчыма, паспрабавала б сябе ў нечым падобным – але не факт, што з гэтага нешта станоўчае атрымалася б.

Андрэй ПАМЕЦЬКА, відэааператар

1. Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба не працаваць у “Астравецкай праўдзе”.

2. У кожнага чалавека ёсць чаму павучыцца, і кожны мае нешта адмоўнае, што не трэба пераймаць. Галоўнае – усё гэта заўважыць.

3. Леакадзія Кіткоўская, у якой быў са сваімі “кулінарнымі пошукамі”. Менавіта яна “вывела” мяне з журналісцкай раўнавагі: Леакадзія цікавы чалавек, юрыст у поўным аб’ёме гэтага слова і наогул вельмі прывабная жанчына.

4. Адразу напіваюся, пасля шукаю жаночы манастыр, а па дарозе разбураю ўсё навокал… Жарт!

А калі сур’ёзна – гляджу на блакітнае неба і глыбока дыхаю.

5. Шчыра кажучы, я і так не ў вялікіх абдымках з журналістыкай, можа, толькі крыху падсяброўваю. Калі не журналістыка, то… Каб крыху дадаць майму голасу бархацістасці, то хутчэй за ўсё стаў бы спеваком і збіраў бы стадыёны… у Міхалішках, Варнянах, Гудагаі.

Святлана ФЁДАРАВА, рэдактар раённага радыё

1. Калі б я аднойчы не прыехала ў Астравец, то нават і не ведала б, што ёсць такая газета “Астравецкая праўда”, – і, адпаведна, не чытала б яе.

Калі ж лёс прывёў мяне сюды ўпершыню – на той момант я працавала ў раённай газеце на сваёй Радзіме – я праглядзела некалькі нумароў “Астравецкай” – найперш з прафесійнага інтарэсу. Мяне цікавілі тэмы і тое, як іх раскрываюць беларускія калегі, а таксама дызайн газеты. У той час нават і падумаць не магла, што некалі буду тут працаваць, а тым больш пісаць па-беларуску.

Увогуле лічу, што кожны чалавек павінен чытаць сваю “раёнку”. Колькі сябе памятаю, у нашай сям’і заўсёды выпісвалі раённую газету.

Канешне, зараз усе навіны хутка разлятаюцца ў інтэрнэце, але “раёнка” заўсёды бліжэй да народа, яна расказвае пра людзей, якія жывуць і працуюць побач.

2. Вядома, што першыя настаўнікі ў жыцці, – гэта бацькі. Яны навучылі мяне дапамагаць, быць простай і шчырай у адносінах з людзьмі.

Калі ж браць шырэй, то настаўнікамі ў жыцці можна лічыць усіх людзей, што сустракаюцца нам. Кожны чалавек з’яўляецца на нашым шляху невыпадкова – у адных вучымся мы, другія вучацца ў нас. Трэба толькі ўмець гаварыць “дзякуй” тым, што былі, і цаніць тых, што побач.

Першыя мае настаўнікі ў прафесіі – гэта школьныя выкладчыкі рускай мовы і літаратуры. Я вельмі ўдзячна ім за добрыя веды і за тое, чаму яны мяне навучылі.

Асаблівыя ўрокі прафесійнага майстэрства мне дала мая былая калега Марына Станіславаўна Якаўлева, пад кіраўніцтвам якой я праходзіла практыку ў роднай “раёнцы”, пісала выпускную творчую работу і пачынала працоўную дзейнасць. Гэта цікавы і просты чалавек з мноствам захапленняў. Мы з ёй і зараз падтрымліваем сувязь.

3. Я памятаю амаль усіх сваіх герояў – па размовах, па ўражаннях і эмоцыях, якія засталіся.

З працы на Радзіме, больш за ўсё запомніўся аўтар і кампазітар Майк Шаўчэнка. Мне заўсёды здавалася, што такія людзі амаль недасягальныя. Але Майк аказаўся простым і весці размову з ім было ў радасць.

Калі ж гаварыць пра работу ў “Астравецкай праўдзе”, то больш за ўсё мяне ўразіў выратавальнік Вадзім Келін. Я заўсёды бачыла яго строгім і сур’ёзным. Калі ж Вадзім Барысавіч стаў расказваць пра сваё захапленне фатаграфіяй, ён увесь змяніўся – вочы гараць, усмешка, і нават голас гучыць ужо зусім па-іншаму. Гэта прыклад таго, як у адным чалавеку могуць гарманічна спалучацца розныя іпастасі.

4. Часам бываюць моманты, калі нічога не хочацца. У роднай вёсцы ў такіх выпадках я любіла гуляць па палях. А зараз пачынаю чытаць або займацца рукадзеллем – вышываю, напрыклад, ці пяку нешта: гэта мяне захапляе і дапамагае вярнуць настрой.

5. Дакладна не ведаю.

Як казала мая бабуля: чалавек мяркуе, а Бог – ладкуе. Так і ў мяне. У дзяцінстве я хацела стаць археолагам. Потым марыла быць настаўніцай. Калі захварэла мама, я хацела вывучыцца на ўрача. Але хутка адмовілася ад гэтай ідэі, бо мне было маральна цяжка рабіць ёй уколы…

Усе пяць гадоў вучобы ва ўніверсітэце я была ўпэўнена, што пайду працаваць у школу. Але лёс прывёў у журналістыку – там, зверху, напэўна, лепш бачна, на якім месцы нам трэба быць.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ, загадчык аддзела фотаілюстрацый

1. Калі б мяне ў свой час не занесла са Смаргоні працаваць у рэдакцыю “АП”, то я, магчыма, нават і не ведаў, што недзе ёсць газета, над стварэннем якой працуюць такія цудоўныя, адукаваныя і неабыякавыя да сваёй справы людзі. Аб тым, што гэта не пустыя словы, можна меркаваць па тым, што нашу газету выпісваюць і чытаюць не па прымусу, а таму, што людзям сапраўды цікава, чым жыве Астравеччына. Я ўпэўнены працэнтаў на 99, што калі б нават і не чытаў бы “АП” “ужывую”, то пачытваў бы ў інтэрнэце, як перыядычна чытаю артыкулы газет Смаргоні, Ашмян, Ліды, Іўя, Докшыц і іншых гарадоў.

2. Настаўнік – ад слова “настаўляць”. Не магу сказаць, што лёгка паддаюся настаўленням, бо мой характар заўсёды прымушае рабіць усё па-свойму, часта насуперак ім. Рабіць нейкую працу ці паступаць не так, як хачу, мяне можна заахвоціць абяцанкамі-цацанкамі альбо прымусам. Таму ў мяне хутчэй былі не настаўнікі, а “заахвочвальнікі” і “прымушальнікі” – а гэта ўсе людзі вакол мяне.

3. Прызнаюся: у мяне даволі слабая памяць на твары і імёны. А яшчэ пры напісанні “Рэпарцёра”, калі даводзіцца размаўляць з людзьмі, запомніць усіх даволі складана. Таму я прашу прабачэння ў  тых, з кім я не ў першы раз знаёмлюся, калі падыходжу на вуліцах нашага горада і прашу адказаць на нейкае пытанне для рубрыкі “Рэпарцёр выходзіць у свет”.

4. Зразумела, здараюцца дні, калі ўсё ідзе шыварат-навыварат, валіцца з рук, а настрой з ранку такі, што хочацца папрасіць ва Усемагутнага аўтамат і індульгенцыю. Аднак дрэнны настрой – гэта яшчэ не падстава псаваць яго іншым. Таму для сябе я знайшоў выйсце ў камп’ютарных гульнях, дзе ты бог, цар і воінскі начальнік і можна смела пакараць усіх праціўнікаў. Адзін мінус – вельмі зацягвае.

5. Крэсла прэзідэнта ЗША. Жартую… Адназначнага адказу няма. У свеце шмат цікавых прафесій і заняткаў. Магчыма, заняўся б сур’ёзна фатаграфаваннем белых мядзведзяў на Поўначы, стаў турыстам-авантурыстам – а можа, асеў дзе і стаў бы настаўнікам. А яшчэ б няблага было б падацца ў інструктары-трэнеры ў дзельфінарый… Можа, хоць там навучыўся б добра плаваць?

Леанід БОГДАН, вадзіцель

1. Свежы нумар “Астравецкай праўды” ў рэдакцыі з’яўляецца значна раней, чым у падпісчыкаў і ў кіёску “Белсаюздрук” – і я з’яўляюся адным з першых яе чытачоў. Газету звычайна пачынаю чытаць з апошніх старонак – мяне асабліва цікавіць рэклама: што прадаюць, здаюць і набываюць. 2 Галоўныя настаўнікі па жыцці для кожнага чалавека – бацькі. Мама Кацярына Станіславаўна і тата Іван Максімавіч выгадавалі і выхавалі мяне і маіх сясцёр і брата. Удзячны лёсу, што ў свой час сустрэў цудоўную і мудрую жанчыну, якая стала маёй жонкай, другой палавінкай, сяброўкай і дарадцам. Разам са Святланай мы нарадзілі двух дзяцей – сына Дзяніса і дачку Аню.

3. Я ведаю журналістаў не толькі па артыкулах, але і па стасунках у паўсядзённым жыцці.  Галоўны доказ таго, што ў “Астравецкай праўдзе” друкуюцца добрыя артыкулы – наша другая “Залатая Ліцера”. Ну і, канешне, найлепшы цэнзар і журы ў адной асобе – чытач.

4. Дрэнны настрой пакідаю ў рабочай машыне ў той момант, калі зачыняю яе дзверцы. (Усміхаецца). А калі сур’ёзна, то пераключаюся на іншыя справы: напрыклад, гляджу навіны па расійскіх тэлеканалах.

5. Рытарычнае пытанне… Хто яго ведае? Магчыма, працаваў бы не ў рэдакцыі, а іншай установе. Але хто б тады журналістаў вазіў “на раён” за сенсацыямі?

Еўдакія ХОДАС, тэхнічны рэдактар

1. Канешне, чытала б! Як не чытаць газету таго раёна, у якім жывеш? Тым больш, што за гэтыя больш як дваццаць гадоў, што мы жывём тут, з’явілася шмат новых знаёмых, сяброў, пра якіх час ад часу піша газета, і ўсё гэта цікава.

Зрэшты, мне здаецца, што “Астравецкую праўду” цікава чытаць нават тым, хто не жыве ў раёне – на яе старонках заўсёды можна знайсці нешта для розуму і для душы.

2. Працаваць у рэдакцыю я прыйшла 20 гадоў назад, у студзені 1996 года. Тады рэдакцыя набыла першыя камп’ютары – дарэчы, мы былі другімі ў вобласці пасля Лідскай газеты, хто перайшоў на камп’ютарныя тэхналогіі. Аператарам вёрсткі прызначылі Людмілу Іванаўну Сцяфанчык, а мяне – аператарам набору. У той час гэтых “разумных машын” было вельмі мала, яшчэ менш – тых, хто ведаў, як з імі абыходзіцца. Віктар Вайшнаровіч і Раман Кіткевіч дапамагалі нам асвоіць новыя тэхналогіі ў вытворчасці выдання, разам сядзелі ў рэдакцыі вечарамі і ў выхадныя, вучылі новай справе.

А настаўнікі па жыцці… Напэўна, найлепшы настаўнік – само жыццё. Трэба толькі навучыцца засвойваць яго ўрокі.

3. Найбольш падабаецца чытаць пра людзей – перажываеш за герояў, дзівуешся хітраспляценням іх жыццёвых шляхоў, прымерваеш на сябе: а што б я зрабіла ў той ці іншай сітуацыі? А часам і вучышся…

З апошніх праектаў газеты мне найбольш падабаюцца “НЕабмежаваныя магчымасці”, які вядзе Оля Рэбка: проста дзіву даешся сіле духу людзей з фізічнымі недахопамі, таму, наколькі яны прыгожыя душой, таленавітыя, шчодрыя. У такіх людзей таксама хочацца вучыцца.

4. Напэўна, такія моманты здараюцца ва ўсіх. Стараюся перш за ўсё спакойна абдумаць: чаму ўсё так атрымалася, якое выйсце можна знайсці з гэтай сітуацыі? А дапамагаюць мне выйсці з цяжкага эмацыянальнага стану ўспаміны: пераношуся ў думках у тыя мясціны і часы, дзе мне было хораша і спакойна, – і затым “вяртаюся” адтуль у рэальнасць ужо зусім у іншым настроі.

5. Вось калі б у чалавека было некалькі жыццяў і ён мог сябе паспрабаваць і ў тым, і ў гэтым…

Мне заўсёды падабалася медыцына – але не атрымалася... У школе любіла ўрокі біялогіі і хіміі – магчыма, з імі я б магла звязаць сваё жыццё. А гэта прафесіі, звязаныя ў першую чаргу з прыродай, – гэта таксама вельмі цікава.

Надзея СІВЕЦ, адказны сакратар

1. “А як жа без “Астравецкай”?” – усміхаючыся перапытаў дзядок, выпісваючы перыядычныя выданні на пошце. Гэты выраз красамоўна адлюстроўвае і мае адносіны з раённай газетай.

У нашай сям’і “Астравецкую праўду” выпісвалі заўсёды. Цікава ж пачытаць пра падзеі, якія адбываюцца ў тваім рэгіёне, пра людзей, якія жывуць і працуюць побач, пра гісторыю свайго краю. Мабыць, не выпісвала б газету толькі ў тым выпадку, калі б нарадзілася і жыла ў іншым горадзе. А так – як жа без “Астравецкай”?

2. Дзякуй маім бацькам, яны заўсёды вучылі мяне быць добрай і спагадлівай да людзей, адказнай і мэтанакіраванай. Калі што не атрымоўвалася, то заўсёды падтрымлівалі, а калі я часам ленавалася – падштурхоўвалі.

Першае і асноўнае месца маёй працы – рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”, таму настаўнікамі ў прафесіі сталі мае калегі, былыя і цяперашнія, на чале з рэдактарам Нінай Аляксееўнай Рыбік. Колькі памятаю, у нашым калектыве заўсёды панавала атмасфера творчасці і апантанасці. Гэта перадалося і мне – і вось ужо шаснаццаць гадоў, як я не магу вырвацца з такога прыемнага палону!

3. Яркім і цікавым быў матэрыял Марыны Мацкевіч пра лёс маёй першай настаўніцы Ніны Адамаўны Маргуж – Чалавека з вялікай літары, цудоўнага педагога, шчырай, светлай, добрай і адкрытай жанчыны.

А ўвогуле, у нашым раёне жыве столькі цікавых людзей! І ў кожнай галіне працуюць людзі, у якіх ёсць чаму павучыцца.

4. У такім выпадку хочацца трапіць на маленькі востраў, дзе няма ніводнай жывой душы – толькі ты, мора і неба… Але не больш як на гадзінку. Гэтага будзе дастаткова, каб прывесці ў парадак свае думкі і вярнуцца ў прывычнае асяроддзе з усмешкай і добрым настроем.

5. Калі б не работа ў рэдакцыі, то, мабыць, адкрыла б салон аператыўнай паліграфіі. Ствараць прыгожае і новае мне па душы, а паліграфічная вытворчасць якраз і дазваляе гэта рабіць.

Рыта ДРЭМА, стылістычны рэдактар

1. Канешне, чытала б! Гэта сямейная газета. Чакаем заўсёды з нецярпеннем, калі паштальён прынясе “Астравецкую праўду”. І кожны імкнецца першым узяць газету ў рукі – я, муж, дачка. Каб не сварыцца, дзелім па аркушах, балазе, зараз іх шмат – і, абменьваючыся імі, чытаем. У першую чаргу робім агляд навін “нашых”, раённых, шукаем знаёмыя твары, прозвішчы, імёны, а потым ужо пераключаемся на навіны рэгіёна, рэспублікі.

2. У жыцці – гэта родныя, у тым ліку і мае дзеці, і, канешне ж, сябры і добрыя знаёмыя. А ў прафесіі – мае калегі: усе, з кім працавала і працую цяпер. З калегамі мне шчасціць – кожны з іх, былых і цяперашніх, даваў слушныя парады і, што вельмі важна, “не шкадаваў” ўласных ведаў – вучыў на практыцы. Яшчэ добрымі настаўнікамі становяцца людзі, якія праходзяць ў маім жыцці мімаходзь: іх учынкі і дзеянні – станоўчыя і адмоўныя – нават за вельмі кароткі час могуць навучыць або наадварот – правучыць. І гэта таксама добрае “настаўленне”.

3. У першую чаргу – гэта Вольга Рэбка, якая вядзе ў нашай газеце праект “НЕограниченные возможности”.  Гэтая дзяўчына здзіўляе мяне сваёй адкрытасцю, глыбінёй поглядаў і, чаго так часам не хапае нам, імкненнем жыць і атрымліваць ад жыцця асалоду.

З асаблівай увагай чытаю пра дзяцей і моладзь: дзіўлюся і радуюся іх дасягненням. А яшчэ люблю нават не асобных герояў артыкулаў, а зборныя вобразы, яскрава вымалеваныя ў рубрыцы “Среда размышления” – яны прымушаюць задумацца, прымераць на сябе сітуацыю, думкі і высновы аўтара.

4. Напіцца? Не! Баюся, мой арганізм не вытрымае такога ўдару. Манастыр – не выйсце: гэта служэнне. Туды нельга “схадзіць” – туды нясуць свае сэрцы. А вось пабушаваць – магу! Цудоўным паратункам ад буры для мяне служаць “камізэлькі” сябровак.

5. Выбар сённяшняга месца працы я зрабіла зусім нядаўна – аднак узважана і абгрунтавана. Таму хацелася б заставацца членам рэдакцыйнага калектыву і надалей. Буду спадзявацца, што мы знайшлі адзін аднаго.

Хаця будзе не зусім шчыра, калі не скажу, што я ўсё яшчэ жыву клопатамі, поспехамі і праблемамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, які нядаўна пакінула.

Марына СУБКО, загадчыца аддзела рэкламы

1. Незалежна ад месца працы я ўсё роўна чытала б “Астравецкую праўду”. З газетай крочу па жыцці з дзяцінства. У нашай сям’і яе заўсёды выпісвалі. Я, маленькая, пачынала чытаць “раёнку” з канца: цікавілася, што прадаюць і што купляюць. Хто б мог падумаць, што праз гады сама стану загадчыцай аддзела рэкламы “Астравецкай праўды” і ў мае рукі, а толькі потым – на старонкі газеты, будуць трапляць тыя самыя аб’явы, якія некалі так прыцягвалі маю ўвагу?

2. Працоўную дзейнасць я пачынала ў гандлі – у прыватным магазіне. Яго гаспадару Уладзіславу Здзіславічу Шырынскаму і яго жонцы Таццяне Васільеўне я ўдзячна і па сённяшні дзень – гэта людзі з вялікай літары, яны дапамагалі мне і ў горы, і ў радасці.

3. Мне падабаюцца артыкулы нашых журналістаў, але найбольш люблю чытаць рубрыкі, дзе жыхары Астраўца і нашага раёна разам з карэспандэнтам накрываюць стол да святаў. Часта “бяру на карандаш” некаторыя рэцэпты. А вось кулінарную вартасць новай стравы ацэньваюць мае дамачадцы – любімы муж Андрэй і дачушка Паліна.

4. Думкі напіцца, як і сысці ў манастыр, ніколі не ўзнікала. Канешне, як і ва ўсіх, у мяне здараюцца такія дні, калі ўзнікаюць праблемы ці нехта сапсуе настрой. У такіх выпадках я тэлефаную мужу: яго цярпення хапае на нас дваіх. А яшчэ, калі дрэнна на душы, займаюся хатнімі справамі.

5. Мне вельмі падабаецца калектыў нашай газеты, і графік работы цалкам задавальняе: зручна вадзіць дзіця ў школу. Уявіць, што я не працую ў газеце, магу толькі тэарэтычна. Па адукацыі я бухгалтар-эканаміст, таму, напэўна, працавала б па спецыяльнасці.

Наталля ХАРЫТОНАВА, галоўны бухгалтар

1. З «Астравецкай праўдай» я знаёма з дзяцінства. Па-першае, яе заўсёды выпісвалі і чыталі бацькі. Помню яшчэ з дзіцячага садка: на 1 мая і 7 лістапада ў газеце звычайна друкавалі фотаздымкі з дэманстрацый – і вельмі хацелася знайсці на іх знаёмых і, канешне ж, сябе! А потым я пайшла ў школу, навучылася чытаць і ўжо чытала «Астравецкую праўду» нараўне са сваімі бацькамі.

А, па-другое, у нашым доме жыў тагачасны галоўны рэдактар «раёнкі» Аляксандр Пятровіч Сыч. Мы, падлеткі, якія жылі ў двары, бачылі яго кожны дзень, і, напэўна, таму вельмі хацелася першымі ўзяць у рукі газету, знайсці яго артыкулы і прачытаць іх.

2. Настаўнікамі ў жыцці, адназначна, былі бацькі. Яны спачатку ўсяму вучылі, а потым – дапамагалі. А першым настаўнікам у прафесіі стала галоўны бухгалтар райфінаддзела Валянціна Іосіфаўна Ляшчэўская, калі я маладым спецыялістам прыйшла на першае працоўнае месца.  Менавіта яна, высокакваліфікаваны спецыяліст і чалавек з добрай душой, падказвала, вучыла, давала парады. І сёння я ўдзячна за гэтыя ўрокі.

3. Больш за ўсё люблю чытаць матэрыялы, у якіх расказваецца пра няпростыя людскія лёсы. Падабаюцца гістарычныя артыкулы пра Астравецкі раён. І ўвогуле, на маю думку, усё, што друкуецца на старонках нашай газеты, мае значэнне для астраўчан і жыхароў раёна, бо гэта – мясцовая прэса.

4. Такія дні бываюць рэдка. І калі гэта здараецца, то тэлефаную маме ці сяброўкам – расказваю, слухаю іх парады. А яшчэ ў такія дні хочацца вырвацца з горада на прыроду: зімой проста прагуляцца па заснежаным лесе, летам схадзіць па грыбы ці ягады. Толькі абавязкова з кім-небудзь: дачкой, сяброўкай, мамай…

5. У рэдакцыі я працую ўжо 11 гадоў – гэта вялікі тэрмін для чалавека. Зразумела, што за такі час усе супрацоўнікі нашай «раёнкі» сталі адной сям'ёй. Кожны дзень я бачу, як нараджаецца газета, людзей, якія пішуць яе матэрыялы, – і ганаруся, што маю дачыненне да стварэння «Астравецкай праўды». І таму пакуль што я не бачу сябе ў нейкім іншым месцы.

А калі так раптам атрымаецца, то, як і цяпер, я буду бухгалтарам.
Комментарии
0
Гость
Дзякуй за газету і за цікавыя адказы! Са святам і поспехаў у працы!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений