В Островецком районе стартовала акция "Наши дети"
14:51 / 21.12.2016
Павіншаваць дзяцей і іх педагогаў з надыходзячымі Калядамі і Новым годам – а сёння ў прытулку жывуць дзевяць дзяцей, якія на час засталіся без бацькоўскай апекі і любові, – прыехалі намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Валерый Эдуардавіч Сянюць і начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей Эдуард Іванавіч Свірыд.
–Гэта самая добрая акцыя года, – віншуючы дзяцей са святамі, адзначыў Валерый Эдуардавіч. – Нашы супрацоўнікі з задавальненнем далучыліся да збору сродкаў, каб набыць для дзяцей, якія знаходзяцца ў прытулку, новы вялікі тэлевізар.
Дзеці таксама не засталіся ў баку. Прыняўшы годны падарунак, яны павіншавалі сваіх гасцей навагоднімі вершамі і самаробнымі сувенірамі – сэрцайкамі з пажаданнямі.
– Наш прытулак разлічаны на 14 чалавек. Яшчэ некалькі дзён назад мы апекаваліся над 12 дзецьмі. А нядаўна трое з іх былі вернуты ў сям’ю – і змогуць самыя светлыя святы правесці разам з мамай, – расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Уладзіславаўна Калтан.
Візіт супрацоўнікаў БелАЭС у Варнянскі сацыяльны прытулак стаў першай дабрачыннай “ластаўкай” у кагорце добрых спраў, якія напярэдадні калядных свят арганізоўваюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Дабрачынная эстафета прадаўжае сваё падарожжа па Астравеччыне – яшчэ ёсць час і шанц стварыць добры настрой для тых, хто чакае свята і верыць у спаўненне мар і цудаў. Хто стане наступным у ланцужку добрых спраў, вырашаць кожнаму з нас!
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.