Мінпрыроды: нешта ўтойваць – не ў нашых інтарэсах

14:54 / 10.04.2012

Уздзеянне АЭС на навакольнае асяроддзе – адно з найбольш актуальных пытанняў, якое хвалюе жыхароў Астравеччыны (і не толькі) у сувязі з будаўніцтвам у нашым раёне беларускай атамнай электрастанцыі.
Як будзе забяспечвацца экалагічны кантроль за дзейнасцю АЭС?
Наколькі кантралюючыя ведамствы будуць аб’ектыўнымі і сумленнымі?
Дзе ў раёне размесцяцца пункты назірання, і якія параметры будуць яны кантраляваць?
Аб гэтым і іншых аспектах дзейнасці Беларускай і іншых АЭС падчас міжнароднай спецыялізаванай выставы-канферэнцыі “Атамэкспа-Беларусь-2012” мы пагутарылі з прадстаўнікамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікамі Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя Уладзімірам Самсонавым і Вольгай Жукавай.
У матэрыяле “Астравеччына на атамным форуме” (/?p=14053) мы размясцілі кароткую вытрымку з гэтага інтэрв’ю. Сёння ж прапаноўваем вашай увазе яго поўную версію.


– Як Міністрэрства прыроды плануе ажыццяўляць экалагічны кантроль за дзейнасцю першай беларускай атамнай электрастанцыі?
Вольга Жукава:
Ва ўсім свеце, вакол кожнай АЭС дзейнічаюць так званыя аўтаматызаваныя сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі – АСКРА. Натуральна, вакол нашай станцыі таксама будзе створана такая сістэма, і мы ўжо прыступілі да яе стварэння. Першымі пунктамі, дзе ўжо ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, сталі Міхалішкі, Гервяты і Трокенікі-1.




Уладзімір Самсонаў:
Гэта яшчэ не АСКРА. Гэта – яе першыя звёны. У дадзеных населеных пунктах устаноўлены першыя аўтаматычныя пункты вымярэння магутнасці дозы гама-выпраменьвання. Працуюць яны ў рэжыме рэальнага часу. Таму тыя значэнні радыяцыйнага фону, якія мы з іх атрымліваем, адпавядаюць дадзенаму канкрэтнаму моманту. У Гервятах, напрыклад, зараз 0,05 мікразівертаў у гадзіну, а ў Трокеніках – 0,15. Гэта настолькі малыя значэнні, што іх можна лічыць аднолькавымі, адпавядаючымі натуральнаму фону, які характэрны для гэтага раёна.
В.Ж.: На яго велічыню ўплывае сонца, натуральныя радыёнукліды, якія ўтрымліваюцца ў глебе: калій-40, радый, торый… У адным месцы іх можа быць больш, у другім – менш.
Акрамя гамма-фону, на гэтых жа датчыках мы фіксуем у аўтаматызаваным рэжыме параметры тэмпературы, хуткасць ветру, яго накірунак, атмасферны ціск, вільготнасць.
У выпадку аварыйнай сітуацыі з выкарыстаннем гэтай інфармацыі мы здолеем мадэліраваць паветраны перанос радыеактыўных рэчываў.
У.С.: Мадэліраванне падобных сітуацый мае вялікае значэнне. Так, напрыклад, радыеактыўнае воблака пасля аварыі на Фукусімскай АЭС з Японіі пайшло спачатку на акіян, адтуль – на Камчатку і ўжо затым – на расійскі Далёкі Усход. А ў Чэхію воблака з Чарнобыля прыйшло праз Польшчу.


– Колькі ўсяго кропак назірання будзе налічваць сістэма АСКРА вакол беларускай АЭС, і дзе яны будуць размешчаны?
У.С.:
У будучым мы плануем павялічыць колькасць пунктаў вымярэння ў вашым рэгіёне да 15. Размяшчацца яны будуць у найбольш буйных населеных пунктах.
В.Ж.: Зразумела, што для датчыкаў патрэбна пэўнае памяшканне, у якім неабходна забяспечыць належныя ўмовы захаванасці. Перад тым, як устанавіць базавы комплекс у Міхалішках, Гервятах і Трокеніках, мы прыязджалі ў ваш раён, вывучалі сітуацыю на месцы, раіліся з уладамі. У вёсцы найлепшае месца размяшчэння – у памяшканні сельвыканкама ці іншай дзяржаўнай установе. Па гэтай прычыне ў некаторых населеных пунктах, дзе нам было б вельмі зручна размясціць абсталяванне, зрабіць гэта немагчыма з-за адсутнасці там дзяржаўных устаноў. Іншым разам там нават фермы няма! Так, адзін з пунктаў мы вельмі хацелі размясціць у Быстрыцы. Там у нас і пункт назірання за паверхневымі водамі, і рэперная пляцоўка. Аднак з-за адсутнасці ў Быстрыцы дзяржаўных устаноў былі вымушаны аддаць перавагу Трокенікам. Дарэчы, гэты пункт вельмі важны, бо з’яўляецца трансгранічным.
У.С.: Акрамя сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў зоне назірання АЭС, будзе задзейнічана яшчэ адна вельмі эфектыўная сістэма аэразольных станцый, якая дазволіць, зноў жа ў рэжыме рэальнага часу, рабіць спектраметрычны аналіз паветра.
В.Ж.: Гэта фільтравентыляцыйныя ўстаноўкі, якія ў нас у Беларусі пакуль працуюць у дыскрэтным рэжыме. Гэта значыць, мы адбіраем пробы паветра, а ўжо вымярэнне і аналіз ажыццяўляем у лабараторыях.
А вакол АЭС яны будуць працаваць у пастаянным рэжыме, і дзякуючы ім, мы будзем ведаць гама-спектраметрычны састаў паветра, якое ў ім утрыманне ёду, цэзію і іншых рэчываў на канкрэтны момант часу.
У.С.: Хоць тыя 7 установак і працуюць у нас пакуль у часовым рэжыме, гэта не перашкодзіла нам ацаніць велічыню ўздзеяння аварыі ў Фукусіме на Беларусь. У пробах аэразоляў нам удалося выявіць павелічэнне ўтрымання ёду-131, а таксама цэзію-134 і цэзію-137. Гэтыя дадзеныя былі перададзены ў Міністэрства аховы здароўя. Дзякуй Богу, што яны аказаліся ў мільёны разоў ніжэйшымі за тыя, пры якіх ёсць патрэба прымаць нейкія аператыўныя рашэнні. Аднак сам факт, безумоўна, адметны. Ён паказаў, што ў нас ёсць сродкі, якія дазваляюць працаваць на ўзроўні глабальных выпадзенняў.
З Фукусімы сляды прыйшлі – і мы іх зафіксавалі.
Таксама трэба заўважыць, што сістэма радыяцыйнага кантролю і маніторынгу ў нас існуе даўно і ёю ахоплена практычна ўся краіна. Яе стварэнне выклікана тым фактам, што Беларусь знаходзіцца ў акружэнні атамных станцый суседніх дзяржаў – Расіі, Украіны, Літвы – за ўздзеяннем якіх на навакольнае асяроддзе мы ўважліва сочым.
Такім чынам, разам са стварэннем АСКРА вакол беларускай АЭС будзе фактычна забяспечаны двайны кантроль за дзейнасцю атамнай электрастанцыі.


– З ажыццяўленнем кантролю за станам паветра ўсё зразумела. А ці прадугледжаны кантроль за станам глебы, вады?
В.Ж.:
Мы ўжо выбіраем пункты на тэрыторыі Астравецкага раёна, у якіх будзем адсочваць стан глебы.
Справа ў тым, што глебы адрозніваюцца па свайму тыпу і, адпаведна, па інтэнсіўнасці магчымай міграцыі радыенуклідаў. Таму важна правільна выбраць пункты, у якіх будзе ажыццяўляцца забор проб глебы. Чым больш яна ўвільготнена, тым больш інтэнсіўна ідзе міграцыя радыенуклідаў. Асабліва гэта тычыцца тарфяна-балотных мясцін. Аднак мы ахапілі ўсе тыпы глебы.
Хачу заўважыць, што ў нас вялікі вопыт работы на нашых пунктах назірання за станам глебы на ландшафтна-кісемічных палігонах у Чарнобыльскай зоне. Напрацаваныя падыходы мы будзем выкарыстоўваць, каб арганізаваць пункты назірання ўжо вакол нашай беларускай АЭС.
Тое ж тычыцца і вады. На Віліі і яе прытоках будуць арганізаваны пункты назірання. І хоць работа па іх вызначэнню яшчэ не завершана, мы ўжо пачалі адбор проб вады і донных адкладанняў у Віліі ля Міхалішак і Быстрыцы, на рэках Газянка, Лоша ля Гервят, на рацэ Ашмянка ля Вялікіх Яцын. А таксама ў рачулцы Полпе. Праўда, нам доўга прыйшлося яе шукаць, але ўсё ж знайшлі.


– Як вы ставіцеся да пазіцыі Літвы, якая абвінавачвае Беларусь у парушэнні міжнароднай канвенцыі Эспа? У прыватнасці гэта тычыцца ўздзеяння беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце.
В.Ж.:
Некалі паміж нашымі ведамствамі існавала вельмі цеснае супрацоўніцтва. Мы ездзілі ў Літву і ажыццяўлялі заборы проб вады, глебы вакол Ігналінскай АЭС. Яны прыязджалі да нас і рабілі тое ж самае на беларускай тэрыторыі. Затым мы абменьваліся атрыманай інфармацыяй. Гэта было ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, якое дазваляла атрымаць аб’ектыўную карціну.
Сённяшняя ж пазіцыя літоўскага боку нам абсалютна незразумелая: выказваць нейкія беспадстаўныя абвінавачванні – і ў той жа час рыхтавацца да будаўніцтва ўласнай АЭС у двух з паловай кіламетрах ад беларускай мяжы! Вада ж для станцыі ўвогуле будзе выкарыстоўвацца з трансгранічнага возера Дрысвяты.
А яшчэ ў чатырох кіламетрах ад Беларусі Літва пабудавала прамежкавае сховішча адпрацаванага ядзернага паліва, сховішча цвёрдых радыеактыўных адходаў і сховішча магільнага тыпу сярэднеўзроўневых і нізкаўзроўневых адходаў. Гэта пры тым, што сховішча не мае такіх ступеняў аховы, як АЭС. Гэта нашмат больш безабаронны аб’ект, чым атамная электрастанцыя.
Таму ў беларусаў больш нагод скардзіцца і прад’яўляць прэтэнзіі.


– Вашы словы пераконваюць у тым, што ў Міністэрства прыроды дастаткова рэсурсаў, каб забяспечыць надзейны кантроль за ўздзеяннем АЭС на навакольнае асяроддзе. Але наколькі ваша дзейнасць будзе сумленнай? Ці можам мы быць упэўнены ў тым, што вы данясеце да нас, радавых жыхароў, праўдзівую, аб’ектыўную інфармацыю?
В.Ж.:
Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абсалютна не выгадна нешта хаваць. Калі такі намер мае атамная электрастанцыя, то гэта яе праблемы.
А ў нас іншыя задачы – выяўляць парушэнні і, калі яны ёсць, пакараць па ўсёй строгасці закона. Прыносіць грошы дзяржаве.
Для чаго была падрыхтавана Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (ОВОС)? Для таго, каб атрымаць інфармацыю аб першапачатковым радыяцыйна-хімічным стане пляцоўкі і тэрыторыі Астравецкага раёна. І затым, калі АЭС пачне дзейнічаць, назіраць – ёсць уплыў на наваколнае асяроддзе ці не?
Мы ўзялі пробы глебы, вады, донных адкладанняў вадаёмаў… Атрыманую інфармацыю прамерылі, прааналізавалі. Улічылі як натуральныя радыенукліды, так і тэхнагенныя. Гэта каштоўнейшая інфармацыя, якая ў далейшым дазволіць аб’ектыўна падысці да аналізу ўздзеяння беларускай АЭС на экалогію рэгіёна.


Эдуард Свірыд.