Вакацыі з Богам на Нарачы

13:12 / 26.08.2011

Калі хочацца адпачыць у апошнія летнія дзянёчкі і атрымаць зарад пазітыўных эмоцый – гайда на Нарач!


Напэўна, ужо многім вядома, што кожны год, дзякуючы ксяндзу дэкану Варнянскай парафіі Здзіславу Пікулу, ладзіцца пяцідзённы адпачынак на Нарачы. Дзеці і дарослыя з палаткамі, спальнымі мяшкамі, пледамі і коўдрамі, пэўным запасам харчоў і самымі неабходнымі рэчамі, настроеныя на вясёлы лад, уладкоўваюцца на турыстычнай стаянцы для таго, каб гэтыя пяць дзён усім разам спазнаць штосьці новае, стаць бліжэй да Бога і, зразумела, адпачыць…
Што мы рабілі гэтыя дні – адразу і не раскажаш. Столькі ўсяго было!
Пад’ём у 8.30, затым святая імша, там і сняданак, за якім дружная чарга… І адразу ж успамінаецца песня, што спявалі ў гэтай вясёлай чарзе: “Благаславі, Божа, з высокага неба! Гэй, каб на гэтым стале было многа хлеба”, якая так палюбілася ўсім. Смачна паелі — а там і вольны час! І пакупацца можна ў, здаецца, бяскрайнім хвалістым возеры, і паспяваць пад гітару, і ў краму збегаць, і паспаць — карацей, у каго да чаго душа (або страўнік) ляжыць. Былі і невялікія канферэнцыі, дзе абмяркоўваліся пісанні з Бібліі, праводзіліся псіхалагічныя тэсты і гульні, а для аматараў спартыўных гульняў заўсёды была магчымасць згуляць у валейбол або футбол з мясцовай камандай, якая штовечар запрашала нас на сяброўскія матчы. А ноччу — вогнішча, гітара, зорнае неба, рамантыка…
Гэта было дваццаць другое лета запар, калі наша Варнянская каталіцкая суполка ездзіла на адпачынак у цудоўны турыстычны куток. Як і кожны год дагэтуль, у апошні дзень адпачынку мы паставілі ўжо дваццаць другі крыж, які змайстравалі гасцінныя мясцовыя жыхары.
…Нехта з нас тут быў упершыню, нехта – пяты раз, нехта – дзясяты, ксёндз Здзіслаў і ўвогуле дваццаты, але незалежна ад гэтага ўсё было, як кажуць, “на вышыні”. Напэўна, не засталося ніводнага незадаволенага адпачынкам чалавека, таму што для кожнага з нас гэтая паездка засталася прыемным адбіткам ў памяці і сэрцы, у кожнага пакінула прыемнае ўражанне і заняла сваё месца ў душы. З сумам у вачах мы разбіралі абжытыя ўтульныя палаткі, складвалі рэчы па валізках, развітваліся з сябрамі, з людзьмі, да якіх так хутка паспелі прывыкнуць…
…Уся наша радасць, новыя прыемныя эмоцыі і ўражанні, бясконцы смех, новыя веды і невялікія адкрыцці, новыя добрыя знаёмствы, наш адпачынак увогуле — усё гэта дзякуючы цудоўнаму чалавеку і святару ксяндзу Здзіславу Пікулу, які ўмее быць не толькі ксяндзом на імшы, што гаворыць прамовы і дае адпушчэнне грахоў, але і вясёлым чалавекам са светлай душой, які становіцца разумеючым сябрам і добрым суразмоўцам. Ад усіх нас хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці шаноўнаму святому айцу і сардэчныя пажаданні моцнага здароўя, доўгіх год жыцця, пазітыву, добрага настрою і ўсяго толькі самага-самага лепшага.
Дзякуй і Марыне Чаславаўне Бразевіч, нашай катэхетцы, што вучыла нас, падказвала і была добрай дарадцай на працягу гэтых дзён; Таццяне Іванаўне Блашкевіч, нашай незаменнай лекарцы, а па сумяшчальнасці і цудоўнай гітарыстцы; і, безумоўна, асаблівае дзякуй паварам – Яніне Іванаўне Лісоўскай і Ірыне Фомаўне Варановіч, за цяжкую працу і непаўторна смачныя стравы.
І самае галоўнае — дзякуй Богу за тое, што ўсё ў нас атрымалася, за сонечныя дні, за блакіт неба, за хараство зялёнага кутка, якім любаваліся ўвесь гэты час, за ўдалы адпачынак, які пакінуў у душы так шмат прыемнага, за мілыя для душы імгненні, і ўвогуле за летняе шчасце, якое падарыў усім нам!


Эмілія КОМАР.