На перакатах Нідзянкі

15:50 / 29.07.2011
3

“Рыхтуй сані летам” – вырашылі ўдзельнікі рыбалоўнага клуба “Перакат” з Мінска – і прыехалі у Тартак у якасці валанцёраў.


Уважлівыя чытачы памятаюць, што “перакатчыкі” “валанцёрылі” на нашых рэках у лістападзе-снежні мінулага года: аберагалі ад браканьераў кумжу і ласося, якія прыходзілі на нераст у нашы маленькія рачулкі з Балтыкі. Да чарговага нерасту яшчэ далёка, але маладыя людзі з рыбалоўнага клуба ведаюць праблемы, якія падсцерагаюць “чырвонакніжніц” на нашых рэчках. Асноўная з іх – бабровыя плаціны, якія рыбам з-за мелкаводдзя рачулак не ўдаецца перадолець. Менавіта з імі, папярэдне ўзгадніўшы свае дзеянні з раённай інспекцыяй аховы навакольнага свету, і вырашылі змагацца хлопцы.


Валанцёры разбілі свае палаткі ў Тартаку пад крылом “галоўнага адваката” ласосевых Вацлава Блажэвіча. Апрануўшы рыбацкія боты, яны заходзяць у рэчку ад месца ўпадзення яе ў Вілію і ідуць па вадзе да вытокаў, па дарозе разбураючы бабровыя дамбы.


Намаганнямі валанцёраў з клуба “Перакат” ачышчана большая частка ракі Сянканка, далей у планах – Дудка.


Гледзячы на дзеянні сталічных гасцей, не вытрымалі і мясцовыя жыхары – Вацлаў Блажэвіч арганізаваў сваю каманду, якая знішчыла плаціны на рэчцы Тартак.


–Мы разумеем, што аднавіць плаціну для баброў не складана, – кажа кіраўнік і каардынатар акцыі Ніна Палуцкая. – І таму хочам падрэгуляваць іх колькасць. У верасні, калі адкрыецца паляванне на баброў, зноў жа пасля ўзгаднення з раённымі эколагамі і аддзяленнем таварыства паляўнічых і рыбаловаў, мы збіраемся арганізаваць здабычу бабра на Тартаку і Нідзянцы. У рыб-“чырвонакніжніц” пашырыцца прастора для нерасту. А гэта проста неабходна, таму што ў мінулым годзе з-за абмежаванасці тэрыторыі кумжы нярэдка разбуралі гнёзды сваіх супляменіц, каб мець магчымасць  аднераставаць.


Застаецца дадаць, што акцыя адбываецца ў рамках праекта “Захаванне Атлантычных ласосяў”, а сам праект падтрымліваецца Швецыяй.


Ганна ЧАКУР.