У Гервяцкім касцёле з'явіўся рукатворны цуд

13:52 / 22.04.2011
1

—Ці хочаце паглядзець, з якой абноўкай сустракае свята Вялікадня наш касцёл? – пацікавіўся ў мяне на тым тыдні ксёндз-пробашч Гервяцкага касцёла Святой Тройцы Леанід Пятровіч Нясцюк.
Ну, у Гервяцкім касцёле і каля яго можна знаходзіцца бясконца – і не надакучыць, быў бы толькі час. І абноўкі – тую ці іншую – там сустрэнеш у кожны прыезд. Але ж цяпер, пэўна, размова ідзе пра нешта незвычайнае? Няўжо нарэшце гатовы тыя самыя каваныя вароты ручной работы, пра якія неаднойчы з захапленнем расказваў ксёндз-пробашч?!!


—Так, менавіта, — усміхаецца Леанід Пятровіч. —Сёння якраз заканчваюць іх устаноўку. Так што зможаце адной з першых убачыць іх ва ўсёй красе. А заадно і з майстрамі, што стварылі гэты цуд, пазнаёміцца.
…Пакуль мы едзем у Гервяты, Леанід Пятровіч расказвае гісторыю задумы:
—Па сутнасці, з’яўленне гэтых варот у касцёле – гэта аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Я даўно звярнуў увагу на каваныя завесы ля ўваходу ў касцёл і доўга не мог зразумець, для чаго яны тут. Затым, калі знайшоў першакрыніцы пра пабудову касцёла Святой Тройцы ў Гервятах і яго першапачатковы выгляд, даведаўся, што, калі парафіяне сабралі напачатку мінулага стагоддзя грошы і пабудавалі касцёл, не хапіла сродкаў на вокны і дзверы. Тады ганцоў паслалі ажно ў Амерыку. Грошы прывезлі, вокны і дзверы паставілі, але на другія ўваходныя вароты, якія аддзяляюць так званы бабінец ад унутранага памяшкання храма, іх, напэўна, усё роўна не хапіла. Так і засталіся замест варот адны завесы. Таму і з’явілася жаданне зрабіць усё, як першапачаткова задумана… Прычым хацелася, каб вароты былі незвычайныя, вартыя нашага храма.
Сказаць, што задума ўдалася, — нічога не сказаць. Калі мы пад’ехалі да касцёла і я ўбачыла вароты, пра якія так доўга расказваў Леанід Пятровіч, то пэўны час стаяла і не магла адвесці вачэй, стараючыся падабраць словы, якія б найбольш адпавядалі адчуванням, маглі перадаць тое, што я сузірала… Што гэта — рукатворны цуд? Твор мастацтва? Выкаваная з металу песня? Палёт чалавечай фантазіі і кавальскага майстэрства? Усё менавіта так, усё праўда – і разам з тым усё гэта не перадае таго захаплення ад сузірання гэтага тварэння народнага майстра каваля Аляксандра Мікалаевіча Адамчыка. Словам, гэта трэба бачыць – і ўпэўнена, што сярод тых, хто пабачыць, раўнадушных не застанецца.
Не хавае сваёй задаволенасці і сам майстар Аляксандр Мікалаевіч Адамчык, і яго маладзейшы памочнік Дзмітрый Шашкоў: праца, якой аддадзена амаль два гады, бясспрэчна, удалася. Вароты сталі сапраўдным упрыгожаннем касцёла Святой Тройцы – яшчэ адным у ліку многіх, але вельмі істотным.
—Работа, безумоўна, вельмі складаная – і ў творчым, і ў тэхнічным плане, — дзеліцца прызнаны народны майстар, член міжнароднай гільдыі кавалёў Аляксандр Мікалаевіч. – Такой у маёй практыцы яшчэ не было. Але наколькі цікавая! І ведаеце, працавалася пры ўсім тым лёгка, з задавальненнем, я б сказаў – узнёсла. Я ўдзячны Богу і лёсу, што ён звёў мяне з Леанідам Пятровічам Несцюком і што менавіта мне ён даручыў выканаць такі незвычайны заказ.
Якім чынам лёс ці Бог звёў ксяндза з Гервят і каваля з Баранавіч, гісторыя, што называецца, маўчыць. Леанід Пятровіч у адказ на гэтае пытанне ўсміхнуўся:
—Калі справа патрэбна Богу, то знойдуцца і людзі для яе выканання, і сродкі.
Хоць і тое праўда, што Астравеччына для Аляксандра Мікалаевіча Адамчыка – край добра знаёмы. Некалі ў юнацтве пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага інстытута малады мастак чатыры гады працаваў у нашым раённым аддзеле культуры.
—Дарэчы, Саша ў студэнцтве быў вельмі цікавым мастаком, падаваў вялікія надзеі. Я вельмі любіў хадзіць з ім на эцюды, — уступае ў размову аднакурснік Адамчыка, вядомы беларускі мастак, дацэнт кафедры дызайну ВДТУ Васіль Васільеў, які спецыяльна прыехаў у Гервяты, каб пабачыць у гатовым выглядзе твор сябра. – У Аляксандра незвычайная манера пісьма, і калі б ён не закінуў гэтую справу, то, бясспрэчна, стаў бы вядомым, прызнаным мастаком.
Аляксандр Мікалаевіч яшчэ і добры рэзчык па дрэве. Але, паспрабаваўшы сябе аднойчы ў кавальскай справе, ён аддаўся ёй цалкам.
—Гэта зацягвае – і не адпускае, — шчыра прызнаецца мастак. – Адна справа – намаляваць лінію пэндзлем ці выразаць яе з дрэва. І зусім іншая – выкаваць яе з халоднага металу, ажывіць яго, прымусіць спяваць, гаварыць, радавацца, плакаць —перадаць твае пачуцці. І калі гэта атрымаецца, ведаць, што тваё тварэнне будзе жыць практычна вечна.





Яшчэ ва ўніверсітэце – дарэчы, тым самым Віцебскім – “захварэў” кавальскай справай і памочнік майстра Дзмітрый Шашкоў. Пасля заканчэння вучобы ён спецыяльна прыехаў у Баранавічы, каб павучыцца ў Адамчыка кавальскаму майстэрству – ды так і застаўся. Вось ужо шэсць гадоў яны працуюць разам. Хоць Дзмітрый і прызнаецца, што настаўнік вельмі патрабавальны. Найперш – да сябе. Але і да вучня – таксама.
—Вы бачылі, колькі каваных дэталяў на варотах – буйных, меншых, зусім дробных? Кожная з іх выкавана ў нашай майстэрні. А яшчэ прыкладна столькі ж засталося нявыкарыстанымі: то лінія недастаткова тонкая, то памер крышачку адрозніваецца ад аптымальнага – і Аляксандр Мікалаевіч адпраўляе ўсё ў брак.
—Гэта сапраўды так, — дадае ксёндз-пробашч. —Я і сам часам, калі нешта не атрымлівалася, прапаноўваў лягчэйшы, прасцейшы шлях вырашэння праблемы, але Адамчык не ішоў ні на якія кампрамісы, днямі, гадзінамі мог думаць, як зрабіць, каб было найлепш – і дамагаўся жаданага. Напэўна, таму і вароты ў выніку атрымаліся такімі прыгожымі, можна сказаць – дасканалымі.
—Упершыню я ўбачыў частку гэтых варот яшчэ ў майстэрні ў Аляксандра, — расказвае Васіль Васільеў. — Работа яшчэ была не завершана, і ў паўзмроку памяшкання я раптам убачыў на падлозе частку даху нейкага велічнага сабора. Я быў літаральна ашаломлены, ажно галава закружылася — хоць гэта была не ўся работа, а толькі верхняя частка варот. А зараз, калі яны сталі на сваё месца – дарэчы, гэтыя вароты вельмі ўдала пасаджаны, тэхнічна гэта было зрабіць не менш складана, чым выкаваць саму работу – я не знаходжу слоў, каб перадаць сваё захапленне. Не перастаю здзіўляцца, як у грубым метале можна так перадаць пяшчоту, як можна выкаваць такі філігранны ажур… Я добра ведаю народных майстроў і скажу без сумнення: нічога падобнага ў Беларусі няма. І, мне здаецца, ніхто з кавалёў, што працуюць зараз у краіне, выканаць такую работу не ў стане.
—У тым, што гістарычная справядлівасць, пра якую я гаварыў напачатку, адноўлена, — заслуга многіх людзей, — гаворыць Леанід Пятровіч Нясцюк. – Канешне, шчырае захапленне выклікае праца майстроў-кавалёў. Але ж не трэба забываць, што гэтая рукатворная прыгажосць важыць дзве тоны – і каб прывезці вароты з Баранавіч, патрэбны былі немалыя намаганні. Дапамаглі бізнесмены Уладзімір Шырынскі і Андрэй Дзятко, ва ўстаноўцы неацэнную дапамогу аказалі праўленне СВК “Гервяты”, МПМК-158. І, канешне, нашы парафіяне, якія сабралі палову сродкаў для стварэння гэтага цуду. Другую палову выдзеліў расійскі мецэнат – за яго таксама, як і за ўсіх, хто прыдачыніўся да стварэння сённяшняга аблічча Гервяцкага касцёла, мы будзем маліцца ў нашым храме.
Такім чынам, у непаўторным Гервяцкім касцёле Святой Тройцы напярэдадні Вялікадня з’явілася яшчэ адна “ізюмінка”, якая, несумненна, будзе прыцягваць сюды людзей. Бо толькі для таго, каб пабачыць гэтыя каваныя вароты, варта прыехаць у Гервяты.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.