Конкурс на лучшую медицинскую сестру провели в Островце
09:19 / 26.02.2017

Прыгожыя, таленавітыя, актыўныя, жыццялюбівыя майстры шпрыца, танометра і медыцынскіх прэпаратаў сабраліся на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Беларускі майстар-2017” па спецыяльнасці “Медыцынская сястра”, які прайшоў у цэнтральнай раённай бальніцы.




Наступная ўдзельніца конкурсу Аксана Мізей цудоўна разумее, наколькі кволым з’яўляецца чалавечае жыццё. Яна працуе медыцынскай сястрой аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі – і кожны дзень дапамагае вярнуцца да жыцця хаця б аднаму пацыенту. А тое, як праходзіць яе дзень, гледачы змаглі ўбачыць у відэароліку.

Яшчэ адна ўдзельніца конкурсу амаль кожны дзень віншуе шчаслівых мам з нараджэннем сына ці дачушкі – Дар’я Сапега працуе медыцынскай сястрой для нованароджаных радзільнага аддзялення. Пра сваю работу дзяўчына расказала ў вершах, а з падтрымкай калег праспявала песню.
У вершах і ў прозе з дапамогай фотапрэзентацыі паведаміла пра сваё жыццё, работу і сям’ю медыцынская сястра працэдурнага кабінета тэрапеўтычнага аддзялення №1 Таццяна Козіч. Матулін прыклад, вучоба ў вучылішчы, работа ў абласным перынатальным цэнтры, у астравецкай бальніцы – увесь час галоўным дэвізам яе жыцця былі словы “Каб шчаслівай і вясёлай быць – сям’ю і работу трэба любіць”.
Анжаліка Лук’янчык, якая працуе медыцынскай сястрой працэдурнага кабінета хірургічнага аддзялення, з дзяцінства хацела лячыць людзей, хаця і вельмі баялася ўколаў. Сёння ж яна ўпэўнена, што няма прафесіі больш важнай і складанай.

Прыгажуню, спартсменку, члена прафкама, камсамолку, медыцынскую сястру фізіятэрапеўтычнага кабінета аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Міхалішкаўскай участковай бальніцы Таццяну Каранік прадставіў галоўны ўрач Генрых Генрыхавіч Калтан. А затым і сама медсястра прадэманстравала цудатворны эфект яе масажу.
Пасля цікавых прадстаўленняў удзельнікам давялося прадэманстраваць тэарэтычныя веды. Канешне, тым, хто даўно скончыў вучылішча, давялося больш складана, чым іх маладым калегам, – тым не менш усе канкурсанткі справіліся з тэст-кантролем.
Падчас дэманстрацыі практычных навыкаў медсёстрам неабходна было спавіць нованароджанага і заправіць сістэму для ўнутрывеннай інфузіі. Заставалася толькі дзівіцца, як хутка і ў той жа час акуратна гэта ў іх атрымлівалася.

Было цікава і незвычайна – усе ўдзельніцы за гэты конкурс атрымалі найвышэйшы бал.
Пакуль журы падводзіла вынікі, у зале вызначалі пераможцу ў намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый” – кожны мог аддаць свой голас за адну з удзельніц.
- “Медыцына” – слова жаночага роду. І асноўная нагрузка у барацьбе за жыццё пацыента кладзецца на жаночыя плечы. Жанчын любяць і паважаюць. Сёння яны прадэманстравалі не толькі прафесійныя якасці, але і гумар, творчасць і новыя цікавыя ідэі, – сказаў, падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы Уладзімір Часлававіч Мажэйка. – Вельмі прыемна было глядзець на залу, якая падтрымлівала ўдзельніц. Бачна, што ўсе мы – вялікі калектыў аднадумцаў, у якім камфортна працаваць і адпачываць.
Менавіта на Уладзіміра Часлававіча лягла адказная місія – агучыць імёны пераможцаў. Так, трэцяе месца журы падзяліла паміж Таццянай Козіч і Эдзітай Скаскевіч, другое было аддадзена Анжаліцы Лук’янчык, а першае – Дар’і Сапезе. “Прыз глядацкіх сімпатый” дастаўся Эдзіце Скаскевіч. Усе пераможцы і ўдзельніцы мерапрыемства атрымалі дыпломы і падарункі.
- Калі рыхтаваліся да гэтага конкурсу, то перажывалі: ці атрымаецца, як гледачы ўспрымуць канкурсантак, як удзельніцы конкурсу будуць трымацца на сцэне? Цяпер адназначна можна сцвярджаць, што нашы медыцынскія сёстры – не толькі прафесіяналы ў сваёй справе, але і майстры слова і выдумкі. Я ўдзячны ім за цярпенне і мужнасць, – віншуючы ўдзельніц конкурсу, адзначыў старшыня прафсаюзнага камітэта бальніцы Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара