Знакомьтесь: участковый инспектор Михалишковского сельсовета Эдуард Янкойть!

14:34 / 16.11.2016
%d1%83%d1%87%d0%b0%d1%81%d1%82%d0%ba%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9-%d1%8f%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b9%d1%82%d1%8cЁн захапляецца спортам, любіць парыбачыць і проста апантаны паляваннем. У той жа час ён ведае, у колькі гадзін падымаецца на працу  трактарыст ці жывёлавод і колькі “свеціць” за крадзеж ці хуліганства. Нягледзячы на маладосць і нядоўгі час службы ў міліцыі ён хутка заваяваў аўтарытэт і давер людзей. Знаёмцеся: участковы інспектар Міхалішкаўскага сельскага Савета Эдуард Янкойць.

Да службы ў міліцыі Эдуарда Янкойця прывяла гісторыя – гэта быў адзін з яго любімых прадметаў у школе. Дарэчы, гэтае захапленне дапамагло яму і пры выбары прафесіі: на юрыдычны, куды Эдуард вырашыў паступаць, адным з уступных іспытаў была гісторыя.

– У той час спецыяльнасць юрыста была “ў модзе”, – з усмешкай расказвае Эдуард. – Вось і я падумаў: прафесія павінна быць цікавай і запатрабаванай адначасова, таму пасля заканчэння Варнянскай сярэдняй школы паступіў у тады яшчэ Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вучыцца было цікава. Вырашыў атрымаць па гэтай спецыяльнасці і вышэйшую адукацыю – у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на завочным аддзяленні. А потым адправіўся замацоўваць атрыманыя ў тэхнікуме веды ў сельгаскааператыў “Страча”.

Працаваць у СВК Эдуард прыйшоў юрыстам. Праз некаторы час разам з іншымі работнікамі ён перажыў рэарганізацыю СВК “Страча” ў СВК “Міхалішкі” і адначасова перакваліфікаваўся з юрыста ў загадчыка вытворчага ўчастка ў Страчанцы.

Падчас работы хлопец сустрэў абаяльную і ўсмешлівую мясцовую дзяўчыну Наталлю – іх знаёмства хутка перарасло ў каханне і закончылася стварэннем сям’і. Неўпрыкмет наблі-жаўся дзесяцігадовы юбілей працоўнага стажу. І ўсё часцей Эдуард пачаў лавіць сябе на думцы, хто хочацца сябе паспрабаваць у нечым іншым.

– Шчыра кажучы, прафесія юрыста для мяне заўсёды асацыіравалася са службай у праваахоўных органах, – узгадвае ўчастковы Міхалішкаўскага сельсавета. – Напэўна, гэтая юнацкая мара і падштурхнула мяне аднойчы рашыцца на кардынальныя змены і звярнуцца ў раённы аддзел унутраных спраў з заявай “Хачу служыць у міліцыі”. Паколькі ў арміі мне было прысвоена афіцэрскае званне, паўгода першапачатковай падрыхтоўкі я праходзіў у нашым райаддзеле – вучыўся “азам” міліцэйскай справы. А затым адправіўся ў якасці ўчастковага інспектара ў свой, ужо стаўшы родным, Міхалішкаўскі сельсавет.

Эдуард хутка асвоіўся на новым месцы і заваяваў давер аднавяскоўцаў. Для гэтага і асаблівых намаганняў не спатрэбілася: яшчэ падчас працы ў сельгаскааператыве ён зарэкамендаваў сябе як адказны і справядлівы кіраўнік.

– Усім нюансам службы ўчастковага мяне навучыў Яўген Арлоўскі – ён таксама ўчастковы інспектар Міхалішкаўскага сельсавета, – працягвае Эдуард. – Мы і зараз нярэдка працуем у тандэме і дапамагаем адзін аднаму, бо робім агульную справу. Наогул жа, лічу, мне пашанцавала, што накіравалі менавіта ў гэты сельсавет. Я ўжо вывучыў людзей: ведаю, хто чым “дыхае” і на што здольны, дый яны таксама добра мяне ведаюць. А яшчэ, хоць наш участак самы вялікі, ён у асноўным – самы спакойны. Тут жывуць добрыя і спагадлівыя жыхары. Канешне, часам здараюцца непрыемнасці і нават злачынствы, аднак пераважна пануюць мір і згода. 

Але не службай адзінай... Ёсць у Эдуарда адно захапленне, якое перадаецца ў іх сям'і з пакалення ў пакаленне, – паляванне. Тут прачынаецца даўнейшы інстынкт здабытчыка, змешваюцца азарт, адрэналін, выпрабаванне шанцавання, хуткасць рэакцыі і вя-дзецца своеасаблівая дуэль чалавека і звера.

– Лепш за паляванне можа быць толькі… паляванне, – у вачах хлопца імгненна запальваюцца агеньчыкі. – Гэта немагчыма растлумачыць словамі – сапраўдныя паляўнічыя мяне зразумеюць. Прадзед, дзед, бацька – у маёй сям’і на яго “хварэлі” ўсе. Некаторыя кажуць мне: а табе не шкода забіваць жывёліну? Такім адказваю пытаннем на пытанне: а вам не шкода рэзаць хатнюю жывёлу? Як вядома, колькасць звера трэба рэгуляваць, каб не развялося занадта шмат. Таму паляванне – гэта яшчэ і карыснае захапленне.

Акрамя гэтага, Эдуард любіць пагуляць у валейбол, а летам – пасядзець з вудачкай. Аднак, дзе б ні знаходзіўся, ён заўсёды стараецца быць “на сувязі”: можа, камусьці спатрэбіцца дапамога.

Марына МАЦКЕВІЧ.