Почему подростки нарушают закон?

16:23 / 24.10.2016
za_reshetkoi_Злачыннасць сярод падлеткаў бывае шматграннай: адны ідуць на гэта свядома, другія – з-за цікаўнасці, трэція – каб даказаць бацькам сваю самастойнасць, чацвёртыя – трапляюць у “дрэнную кампанію” выпадкова. Аднак адказваць за гэта даводзіцца ўсім аднолькава – і на ўсё жыццё застаецца непатрэбнае ў іх біяграфіі  “кляймо”.

МНЕ СУМНА...


Лета. Канікулы. Сумна. За акном спакусліва свеціць сонца, запрашаючы пакупацца ці пазагараць. Толькі аднаму ісці на рэчку не хочацца, а сяброў няма: Мішка паехаў з бацькамі адпачываць на мора, Юрка на вёсцы ў бабулі. Ад камп’ютара баляць вочы, тэлевізар за тыдзень абрыд. Бацькі, як заўсёды, на рабоце. Прыйдуць вечарам стомленыя і раздражнёныя, нават пагаварыць не хочуць. А што рабіць яму, пятнаццацігадоваму падлетку, у пустой трохпакаёвай кватэры? Сумна!

А хто гэта махае з вуліцы рукой? Коля – старэйшы хлопец з суседняга пад’езда. Кажуць, ён хуліган і нават трапляў у міліцыю. А зараз так па-сяброўску запрашае выйсці на вуліцу.  А мне сумна…

З Колем аказалася прыкольна: ён шмат ведае і ўмее. Заўтра абяцаў узяць на дыскатэку: бацькі як раз у начную ідуць… А піва аказалася прыемным на смак – чаму раней ніколі яго не каштаваў? Ну канешне ж – “старыя” не дазвалялі! Ды што яны разумеюць?! Зараз так хораша!.. Адкуль узяліся людзі ў форме? І куды падзеўся Коля? Чаму так кружыцца галава?..

Дасціпны інспектар насупраць усе нешта распытвае і запісвае ў пратакол. Побач – заплаканая маці, бацька нервова круціць у руках цыгарэту – ён жа дзесяць гадоў не курыў! Мяне ставяць на ўлік? Які ўлік? Што гэта значыць? Што я нарабіў?!!

Я ПРАТЭСТУЮ!


Зноў яны сварацца! Ну колькі ўжо можна? Дамоў лепш не вяртацца – грызуцца, як тыя сабакі. Бацькі называюцца. На мяне – нуль увагі. Надакучыла! Немагчыма трываць. Нікому я не патрэбен. Навошта тады нараджалі, калі цяпер на мэблю  больш увагі звяртаюць, чым на сваё дзіця. А я – жывы чалавек! Ну я ім наладжу салодкае жыццё, калі ім спальны гарнітур даражэй за роднага сына! Вось і бутэлька са сметніцы тарчыць – тое, што трэба!.. Прыгожая была вітрына… І гэтак жа прыгожа разлятаюцца ў розныя бакі сотні аскепкаў… Слёзы міжволі цякуць па шчацэ – гэта разлятаюцца асколкі майго нармальнага жыцця…

ТАК ХОЧАЦЦА ЕСЦІ...


Божачка, як хочацца есці! Перад вачамі даўно лётаюць белыя матылі, а страўнік, здаецца, прыліпне да хрыбту. Бацькі спяць п’яныя. З ежы ў хаце нічога няма – а так хочацца есці. Малодшы брацік паглядае на мяне – і плача. Што рабіць? Папрасіць няма ў каго: баба Надзя паехала да дачкі, а іншыя суседзі ваўком паглядаюць. Але я ведаю, дзе яны захоўваюць бульбу, і там ёсць скрынка з салам. А калі ўзяць невялікі кавалачак – можа, ніхто і не заўважыць? Бо вельмі хочацца есці! І галодны брацік плача…

Прычыны, па якіх падлетак парушыў закон, розныя – аднак прысуд для ўсіх адзін: сапсаванае жыццё з вечным кляймом – “знаходзіўся на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх”.

Чаму так здараецца? Адказаць на гэтае пытанне адназначна немагчыма. Часта віной усяму становіцца ўжыванне спіртных напояў. Напрыклад, за 8 месяцаў гэтага года зафіксавана 35 правапарушэнняў: з’яўленне непаўналетніх у нецвярозым стане ў грамадскім месцы, а таксама распіццё спіртных напояў. І, калі падлетку няма 16-ці гадоў, расплачвацца за яго “прыгоды” прыйдзецца бацькам.

Аднак не заўсёды справа заключаецца толькі ў простым жаданні паспрабаваць піва – праблема хаваецца значна глыбей. Таму хочацца звярнуцца да бацькоў: выхаванне і фарміраванне свядомасці вашых дзяцей залежыць найперш ад вас. Не пакідайце дзяцей без нагляду – але і не кантралюйце занадта жорстка: паважайце іх погляды, выхоўвайце правільныя каштоўнасці, клапаціцеся і дапамагайце. І дазваляйце быць самастойнымі. Уласным прыкладам паказвайце, што галоўнае ў жыцці – быць прыстойным чалавекам.

А кляймо – хіба яно вам трэба?

Артур Буцько, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх.