В костёле Вознесения Святого Креста прошли парафиальные Миссии
11:06 / 18.09.2016
У касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы праходзілі парафіяльныя Місіі.Гэта не простыя набажэнствы, а своеасаблівыя рэкалекцыі-практыкаванні, якія ачышчаюць, узмацняюць веру ў Бога і набліжаюць чалавека да духоўнага ідэалу, якога кожны з нас стараецца дасягнуць, праз разважанні, споведзь і парады светароў.
Кожны з пяці дзён рэкалекцый быў прысвечаны нейкай тэме: гэта былі навукі для жанчын і мужчын, для сем'яў з аднаўленнем сужонскай прысягі і аб сакраманце споведзі. І кожны дзень такіх набажэнстваў, прасякнутых незвычайнай узнёсласцю і пачуццём еднасці, якое дораць менавіта падобныя місійныя дні, з літургічнымі казаннямі і шчырымі словамі, яшчэ больш распальваў у душах парафіян, якія дружна, нібы адна вялікая сям'я, збіраліся пад высокім скляпеннем касцёлу Узвышэння Святога Крыжа, нязгасны агонь вялікай любові да Бога і да кожнага чалавека, які жыве па Яго законах.Вераснёўскія Місіі былі адметныя яшчэ і тым, што праводзіў іх ксёндз Аляксей Раманчук з Барысава. Яго набажэнствы і казанні былі блізкімі і зразумелымі для кожнага, хто заходзіў у гэтыя дні ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
– Гэты год – юбілейны для касцёлаў Беларусі, – распавядае ксёндз Аляксей. – Дваццаць пяць гадоў таму на нашых тэрыторыях адрадзіліся касцёльныя структуры. З гэтай нагоды ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі і адбываюцца Місіі, мэта якіх – узняць той духоўны імпульс, які, на жаль, з цягам часу прытупіўся. Мы разам з парафіянамі разважалі, маліліся і вучыліся.– Я шмат ведаю пра Астравецкі край, – працягвае святар, – асабліва пра дзейнасць пралата Алёйзы Танковіча: я наведваў яго і прасіў, каб ён распавёў пра гады служэння ў гудагайскім касцёле, а таму з асобай радасцю прымаў удзел у гэтых святых Місіях. І дыпломную працу я пісаў пра абраз Маці Божай Вострабрамскай. Да таго ж, на Астравеччыне жывуць і працуюць мае сябры, з якімі я падтрымліваю цесныя сувязі, і вельмі рады, што маю магчымасць зноў і зноў бачыць яе прыгажосць і непаўторнасць.
На заканчэнне святых Місій быў устаноўлены і асвечаны крыж, як напамін вернікам аб засвоеных навуках, аб веры, якая вырасла, бы гэты магутны драўляны сімвал, амаль да самага неба, і стала больш трывалай і моцнай.
Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара