Лето-2016. Чем заинтересовали детей педагоги "Ласточки" и как здесь организован отдых?

13:33 / 14.07.2016
отдых в ласточкеЖадаючых правесці адпачынак у дзіцячым аздараўленчым летніку «Ластаўка» сёлета шмат. Як паведаміў яго дырэктар Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі,  пуцёўкі раскуплены на ўсе змены. Чым жа педагогі змаглі зацікавіць дзяцей і як тут арганізаваны адпачынак? Пра гэта  – у  нашым фотарэпартажы.

Ледзь паспела закончыцца першая змена,  падчас якой у «Ластаўцы» адпачывалі дзесяцікласнікі, як пачалася другая – на 18 дзён сюды  запрасілі школьнікаў з усяго раёна.

отдых в ласточке1Падчас другой змены, якая  праходзіла пад назвай «Акадэмія зорак»,  тут змаглі адпачыць 115 дзяцей рознага ўзросту. Штодзень хлопчыкі і дзяўчынкі  дэманстравалі свае таленты ў выкананні песень  і танцаў, выяўленчым  і фотамайстэрстве, спорце і рукадзеллі.

–  Кожны дзень у летніку меў сваю назву і праходзіў пад пэўным дэвізам, –   расказвае старшы выхавальнік Павел Генадзьевіч Букель. – Падчас «Дня бізнесу» дзеці зараблялі грошы, у дзень летніх алімпійскіх гульняў дэманстравалі свае спартыўныя здольнасці, у бацькоўскі дзень разам з  мамамі і татамі выступалі на сцэне… Словам, праграма змены была распрацавана так, што сумаваць выхаванцам  не даводзілася.

–  Мне вельмі спадабалася ў летніку, –  расказвае Ліза Ляшчэўская, – Тут весела і цікава. Мы малявалі, спявалі,  танцавалі, удзельнічалі ў  конкурсах… У наступным годзе я таксама сюды прыеду!

отдых в ласточке2Пра тое, што ў лагеры сапраўды было цікава, у адзін голас сцвярджалі  і старэйшыя школьнікі, выхаванцы першага атрада. Адзін з іх,  Жэня Атрошанка,  адпачываў  у «Ластаўцы» ўжо ў пяты раз.

– Змена атрымалася класнай, –  падзяліўся ўражаннямі Жэня. –  Асабліва мне спадабаўся КВЗ. Цікава было ўдзельнічаць у танцавальных конкурсах.  І ўвогуле адпачынак прайшоў на «ўра».

отдых в ласточке3А пакуль дзеці адпачывалі, педагогам, якія на змену сталі выхавальнікамі,  давялося  добра папрацаваць: каб праграмныя мерапрыемствы  атрымаліся насычанымі  і запамінальнымі, прыйшлося праявіць творчасць і выдумку.

Акрамя таго, што педагогі рыхтавалі да конкурсаў і мерапрыемстваў сваіх падапечных, ім самім не раз даводзілася выходзіць на сцэну і прымаць удзел у выпрабаваннях. Адзін з іх – конкурс на лепшага важатага. Педагогі з усіх атрадаў рыхтавалі «візіткі», праводзілі гульні з залай, дэманстравалі свае творчыя здольнасці – і змагаліся за магчымасць прадставіць Астравеччыну на рэспубліканскім конкурсе, які ў хуткім часе адбудзецца ў «Зубронку. Пераможцам конкурсу стала Марына Віктараўна Кацінель, выхавальніца атрада «Жукі».

отдых в ласточке4Пра цікавыя мерапрыемствы, актыўных і таленавітых дзяцей і педагогаў, якія сабраліся на другую змену, гаварылі і выхавальніцы Кацярына Ігараўна Кайчук і Ганна Іванаўна Шандроха – студэнткі трэцяга курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія падчас летніх канікул вырашылі папрацаваць у летніку: замацаваць тэарэтычныя веды і падзарабіць.

отдых в ласточке5Дарэчы, падчас другой змены ў «Ластаўцы» працаваў студэнцкі атрад гэтай навучальнай установы, які стаў  яшчэ і ўдзельнікам адкрыцця Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на Беларускай атамнай электрастанцыі – гэтая падзея доўга будзе нагадваць ім пра Астравеччыну.

Спакой і здароўе выхаванцаў «Ластаўкі»  ахоўвалі  супрацоўнікі міліцыі і медыцынскі персанал. А як смачна кормяць у «Ластаўцы», ды яшчэ і  пяць разоў  за дзень!

отдых в ласточке6– За апошнія гады ў нашым летніку многае зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Штогод «Ластаўка» абнаўляецца да пачатку новага сезону, –  расказвае дырэктар Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі. – Кожную змену дзяцей і дарослых чакаюць прыемныя сюрпрызы. Напрыклад, атрад-пераможца другой змены  атрымаў у падарунак экскурсію ў Гродна.

отдых в ласточке7

отдых в ласточке8

отдых в ласточке9

отдых в ласточке10Дарэчы, знаёміцца з адпачынкам дзяцей могуць і іх бацькі – фотасправаздачы аб пройдзеных мерапрыемствах штодзень выкладваюцца на сайце: lastochka.www.by.

Ужо 13 ліпеня «Ластаўка» гасцінна адчыніла свае дзверы для выхаванцаў трэцяй змены, якая на працягу 18 дзён будзе праходзіць пад назвай «У пошуках прыгод».

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.