Две уроженки Островецкого района были приглашены на Республиканский бал выпускников высших учебных заведений

14:31 / 08.07.2016
1
президентский балЛета – час, калі ўчарашнія студэнты становяцца дыпламаванымі спецыялістамі. І лепшых з іх традыцыйна запрашаюць на адно з самых знакавых мерапрыемстваў – Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь.

У гэтым годзе запрашэнне ад Прэзідэнта атрымалі і дзве колішнія выпускніцы Варнянскай школы – Вераніка Комар, якая сёлета закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, і Яна Сідарэнка, выпускніца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Усяго ж на Рэспубліканскі баль адправіліся 222 выпускнікі з 52 ВНУ краіны.

Тое, што свае навучальныя ўстановы на гэтым мерапрыемстве прадстаўлялі менавіта Вераніка і Яна, цалкам абгрунтавана. Ужо з першага курса дзяўчаты ўліліся ў бурлівае ўніверсітэцкае жыццё. Вераніка Комар вучылася на філалагіч-ным факультэце па спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Акрамя вучобы, удзельнічала ў рэспубліканскіх і замежных навуковых канферэнцыях, неаднойчы станавілася прызёрам і пераможцам шэрагу конкурсаў прыгажосці. Яна Сідарэнка – выпускніца факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі па спецыяльнасці “Міжнародны менедж-мент”. Ва ўніверсітэце дзяўчыну ведаюць як арганізатара і ўдзельніцу шматлікіх мерапрыемстваў, старасту студэнцкай групы  і старшыню савета стараст, сакратара прафбюро студэнтаў. Акрамя таго, абедзве выпускніцы актыўна займаюцца навуковай дзейнасцю і з’яўляюцца аўтарамі многіх навуковых артыкулаў.

– Уражанні і эмоцыі ад Рэспубліканскага балю не перадаць словамі, – дзеліцца ўражаннямі Вераніка. – Вакол столькі цікавых людзей: таленавітыя выпускнікі нашай краіны, прадстаўнікі ўлады, да якіх можна падысці і пагаварыць, зоркі беларускай эстрады, якія з задавальненнем фатаграфаваліся з усімі жадаючымі.

Дзяўчаты прызнаюцца, што асаблівае ўражанне яны атрымалі ад выступлення кіраўніка краіны. Звяртаючыся да выпускнікоў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму асабіста і краіне неабыякавы лёс маладых людзей:

Мы зрабілі ўсё, што павінна зрабіць дзяржава для моладзі, у прыватнасці, прадстаўляем першае працоўнае месца па спецыяльнасці. Не кожная дзяржава сабе гэта можа дазволіць. Мы захавалі для ўсіх вас магчымасць працаўладкавацца, але астатняе – за вамі… Я бачу гатоўнасць маладога пакалення плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву. Вам трэба будзе асвойваць новыя тэхналогіі, развіваць вытворчасць, сферу паслуг, выводзіць беларускую культуру і навуку на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце.

Зараз у планах дзяўчат – паступіць у магістратуру, каб паглыбіць свае веды.

На просьбу падзяліцца сакрэтам поспеху і адна, і другая ўзгадваюць словы сваіх настаўніц, якія натхнілі і падтрымалі іх у важны перыяд жыцця. Яна цытуе Надзею Андрэеўну Субач, дырэктара Варнянскай школы: “Вучань – гэта не сасуд, які трэба напоўніць, – гэта факел, які трэба запаліць”. Вераніка ж прыгадвае словы Ганны Мечыславаўны Пацэль, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры: “Каб дзверы адчынілі, у іх трэба стукацца”. Пра тое, што стукацца дзяўчаты ўмеюць, а ініцыятывы, творчасці і розуму ім не пазычаць, сведчаць іх поспехі.

Застаецца пажадаць, і не толькі Яне і Вераніцы, а ўсім былым студэнтам і тым, хто пакуль толькі марыць пра студэнцкі білет, каб у іх ніколі не прапала жаданне стукацца ў новыя дзверы – спазнаваць, развівацца і дасягаць вышынь і вяршынь!

Эмілія Гаўрус.