Делегат на V Всебелорусское народное собрание Эдуард Милейша: "Надеюсь, что агропромышленный комплекс и дальше будет занимать значимое место в народной экономике"

15:32 / 07.06.2016
делегат милейшаДа народнага форуму, падчас якога будзе вызначана далейшае развіццё нашай краіны, застаецца роўна два тыдні. Дэлегат на Усебеларускі народны сход, трактарыст-машыніст СВК “Гервяты”, чый партрэт неаднаразова заносіўся на раённую Дошку гонару, Эдуард Мар’янавіч Мілейша падзяліўся ўласнымі думкамі і разважаннямі.

– Лічу, што Астравецкі раён, як і Гродзенская вобласць, да V Усебеларускага народнага сходу падыходзіць з добрымі паказчыкамі: летась валавы намалот для астравецкіх хлебаробаў стаў рэкордным, як і сярэдняя ўраджайнасць зерневых і зернебабовых. За апошнія гады значна палепшыліся ўмовы працы для работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама тэхнічнае аснашчэнне гаспадарак. На ўзбраенні аграрыяў ёсць высокаэнергічныя пасяўныя і хлебаўборачныя агрэгаты. Да прыкладу, калі я прыйшоў працаваць у СВК “Гервяты” – а гэта быў 1993 год, – то глеба перад сяўбой культывавалася чатыры разы, зараз – толькі адзін.

Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на працягу 2011-2015 гадоў закранула і нашу гаспадарку. У яе межах многія сацыяльныя аб’екты Гервят змяніліся ў лепшы бок. Лічу, што цалкам сябе апраўдала стварэнне аграгарадкоў і будаўніцтва тыповых дамоў з выгодамі для працаўнікоў. У апошнія гады назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя вымірання вёскі, калі моладзь шукае лепшай долі ў горадзе. Забеспячэнне маладых спецыялістаў жыллём, розныя даплаты і сацыяльныя гарантыі, якія практыкуюцца ў СВК “Гервяты”, дапамагаюць замацаваць спецыялістаў у кааператыве пасля адпрацоўкі.

Аднак у сельскай гаспадарцы таксама існуе шэраг злабадзённых пытанняў. Напрыклад, набыццё запчастак для імпартнай тэхнікі.

Я нарадзіўся ў вёсцы і ўсё жыццё працую ў сельскай гаспадарцы, таму падчас народнага сходу асабліва буду звяртаць увагу на далейшае развіццё аграпрамысловага комплексу. Лічу, што ў сучасных эканамічных умовах без дзяржаўнай падтрымкі немагчымы мадэрнізацыя і далейшае развіццё сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Прыемна, што на народным вечы буду прадстаўляць не толькі Астравеччыну, але і СВК “Гервяты”. Гэта вялікая адказнасць, таму што пасля народнага сходу, падчас якога будзе канчаткова вызначаны курс сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, а значыць – і кожнага з нас, трэба будзе данесці яго вынікі да сваіх калег.

Спадзяюся, што аграпрамысловы комплекс, як і ў мінулае пяцігоддзе, будзе займаць значнае месца ў народнай эканоміцы, а мы, вясковыя працаўнікі, са свайго боку будзем імкнуцца рабіць усё магчымае, каб расла вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі.