В районе завершается весенняя посевная кампания

10:27 / 13.05.2016
посевная гервятыУ раёне завяршаецца яравая сяўба. Па даных сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 11 мая гаспадаркі раёна прыгарнулі насенне ў глебу больш чым на 16 тысячах гектараў – а гэта 85 працэнтаў ад агульнага плана.

Цяжка пераацаніць ролю кукурузы ў кормавытворчасці, таму сёлета пад яе адведзена 6 050 гектараў. Насенне каралевы палёў трапіла на 3 480 гектараў, што складае 58 працэнтаў ад плана. Лідзіруюць на сяўбе кукурузы хлебаробы з СВК “Гудагай”, дзе насенне прыгорнута ў глебу на 970 гектарах (68 працэнтаў ад плана), і СВК “Гервяты”, дзе гэтай культурай засеяна 915 гектараў (61 працэнт).

Усе гаспадаркі раёна завяршылі сяўбу цукровых буракоў: насенне трапіла на 1 600 гектараў калгасных палёў.

Таксама перасеяны азімы рапс, які загінуў падчас зімоўкі: 125 гектараў у СВК “Гервяты”, 85 гектараў у СВК “Міхалішкі” і 70 гектараў у саўгасе “Падольскі”.

Вырошчваць бульбу сёлета будуць толькі тры кааператывы: “Гудагай”, “Варняны”, “Гервяты”. Гаспадаркі цалкам выканалі план і пасадзілі 220 гектараў бульбы.

Акрамя сяўбы на парадку дня ў аграрыяў другая падкормка зерневых і зернебабовых. У цэлым па раёне патрэбную дозу мінеральных угнаенняў атрымалі больш за палову азімых. Толькі адна гаспадарка – СВК “Гудагай” цалкам завяршыла другую падкормку. А вось азімы рапс “напаілі мінералкай” усе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Акрамя гэтага, падкормлены 3 271 гектар (70 працэнтаў) шматгадовых траў і 6 015 гектараў сенакосаў і пашы (46 працэнтаў).

План па падсеву шматгадовых траў аграрыі раёна выканалі на 73 працэнты: насенне прыгорнута ў глебу на 2 785 гектарах. Закладзена 380 гектараў семяннікоў шматгадовых траў, з якіх 180 гектараў – бабовыя.

Актыўнымі тэмпамі ў гаспадарках раёна рыхтуецца тэхніка да корманарыхтоўкі, якая распачнецца праз некалькі тыдняў.

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.